Як вылiчаюць людзей, якія нерацыянальна выкарыстоўваюць ваду

Вывесцi на чыстую ваду

Карэспандэнт «Р» даведалася як вылiчаюць людзей, якія нерацыянальна выкарыстоўваюць ваду
Паліць агарод, напоўніць басейн, памыць дзясяткі машын і напаіць сотні авечак. І ўсё бясплатна. Думаеце, такога не можа быць? Памыляецеся. Спецыялісты называюць гэта нерацыянальным выкарыстаннем вады. Хоць на самай справе за сціплай фармуліроўкай — дзясяткi дзёрзкiх урэзак i тоны страчанай вадкасці. І да гэтага прыклаў руку чалавек. Як жа вылiчаюць такiх? Пра гэта карэспандэнт «Р» даведалася ў спецыялістаў КДВУП «Водаканал Мінскага раёна».


Памыць машыну ці паліць грады «бясплатнай» вадой для некаторых звыклая рэч.

У аграгарадок Азярцо адпраўляемся са спецыяльнай камісіяй. У яе складзе — інжынер, кантралёр, слесар і намеснік дырэктара КДВУП «Водаканал Мінскага раёна» Лілія Рубанава. У кожнага — бэйдж з ініцыяламі, пасадай і вытрымкамі з Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. З гэтым адначасова і дакументам, і напамінкам нас павінны пусціць у кожны двор. Наша задача — знайсці людзей, якія «запазычваюць» ваду ў дзяржавы на бясплатнай аснове. Калі дакладней, тых, хто самавольна падключаецца да цэнтральнай сістэмы водазабеспячэння, карыстаецца вадой з водазаборных калонак, і тых, хто не спяшаецца афармляць дагавор з «Водаканалам».

Праязджаем па галоўнай вуліцы. Звяртаю ўвагу на тое, што амаль у кожным двары — гумавы надзіманы басейн. Я налічыла 12. Што ж, прыгожа жыць не забароніш. Вось толькі многія гэта робяць за кошт дзяржавы. Як? Ды вельмі проста. Падключаюць да водаправода шланг і запампоўваюць у ёмістасці для купання 500, 600, 1000 літраў вады. Між іншым, неаплачанай.

Лілія Рубанава тлумачыць: у доме няма лічыльніка, а за чалавекам згодна з дагаворам «замацавана» ўсяго 9000 літраў (9 кубаметраў). Быццам бы нямала. Але дадайце сюды расход вады на мыццё, гатаванне, уборку, санвузел і ванную. А ўлетку яшчэ і на паліў агарода. Відавочна, у 9 кубоў не ўкладваюцца. Крадзяжом такую хітрасць, можа, і не назавеш. Аднак... Часцей да яе звяртаюцца ў старых дамах, дзе няма лічыльнікаў, а дагавор з «Водаканалам» заключаны вельмі даўно. У новых уладаннях такі нумар не пройдзе — яны першапачаткова абсталяваны прыборамі ўліку вады. Але і тут асабліва «разумныя» гаспадары знаходзяць выйсце, асабліва на этапе будаўніцтва дома. Яны ўразаюцца ў цэнтралізаваны водаправод. Хтосьці сваімі сіламі, хтосьці наймае «вольных сантэхнікаў», а тыя ўжо падключаюць дом да сетак. І ўсё. Звычайна незаконныя ўрэзкі выдаюць муфты сіняга колеру ў водаправодных студнях. У гэты раз такіх муфт мы не ўбачылі. А шкада. Таму што самавольная ўрэзка ў цэнтральную трубу — гэта даволі частае парушэнне. Толькі ў Мінскім раёне ў мiнулым годзе выявілі каля сотні такіх урэзак. Гэта шмат.


Дзмітрый ДРОЗД: «Вялікая гаспадарка — вялікія і страты. У мінулым годзе мы недалічыліся больш за 1 мільён кубаметраў вады».

Хаця атрымаць дазвол на ўрэзку нескладана: працэдура ўзгаднення займае не больш за трoe сутак. Тыя, хто ігнаруе правілы, плацяць штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Сродкі спаганяюць праз суд. І вось тут гаспадару прый-        дзецца раскашэліцца. Лілія Рубанава ўдакладняе: выдаткаваная вада налiчваецца па прапускной здольнасці трубы ўводу і дзеянні яе поўным сячэннем на працягу 24 гадзін кожныя суткі пры хуткасці руху патоку вады 2 м / сек. на працягу 30 сутак.

Але куды большыя затраты прыносяць, як бы дзіўна гэта нi гучала, водазаборныя калонкі. Так, тыя самыя, што мы бачым на вясковых вуліцах. Лічыльнікаў на іх няма, а жадаючых выпіць вадзіцы дастаткова. «Прысмоктваюцца» да іх і гаспадары хат, якія будуюцца, і дачнікі. Можна, вядома, заключыць дагавор з «Водаканалам» і на карыстанне калонкай. Але гэтага не робяць. Дачнікі тлумачаць тым, што жывуць у прыгарадзе толькі летам. А за вадой ідуць чарадой. Два бітоны па 40 літраў — гэта крыху больш за 60 рублёў. Лавіць парушальніка за руку, а потым складаць дакументы, звяртацца ў суд за такія грошы немэтазгодна. Ды і даказаць, што ваду чалавек бярэ сістэматычна, складана. На балансе КДВУП «Водаканал Мінскага раёна» — 752 калонкі. Каля кожнай вартаўніка не паставіш. Вось і пампуюць вады столькі, колькі хочацца — бясплатна і без ліміту.


Рамонт абсталявання пасля незаконнай урэзкі.

З неарганізаваным водазаборам спецыялісты змагаюцца, як могуць. У Мінскім раёне, напрыклад, нейкі час здымалі ручкі з калонак. Мера не прыжылася. Без ручкі абсталяванне выглядае, як агрызак, — ідзі дакажы, што яно працуе. Ды і мясцовыя ўмельцы навучыліся выточваць падобныя. Можна, канешне, прыбраць калонкі з вуліц (і амаль 200 ужо дэмантавана). Але пры адной умове: вада павінна быць праведзена ў кожны дом. Калі няма, то калонка застаецца — сацыяльны стандарт.

Зэканоміць на аплаце вады спрабуюць і рознага роду арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі — так званыя юрыдычныя асобы. Вось некаторыя лічбы: у Мінскім раёне зарэгістравана 12 000 юрыдычных асоб, а дагавораў з «Водаканалам» заключана ўсяго 1100. Зразумела, сітуацыі розныя: адны ўладкоўваюць офіс у кватэры і выкарыстоўваюць ваду толькі пры гатаванні ежы. Але ёсць цырульні, аўтамыйкі, фермы, лазні. І не ўсе з іх спяшаюцца заявіць пра сваё існаванне. Толькі ў гэтым годзе спецыялісты выявілі 263 арганізацыі, якія прапануюць папарыцца ў лазні. Шмат парушэнняў у юрыдычных асоб у частцы утойвання рэальных выдаткаў. Скрыць лічбы дапамагае абводная галіна вадамернага вузла. У гэтым выпадку вада ідзе міма лічыльніка. У гэтым годзе выяўлена 25 такіх выпадкаў.


Так, спосабаў бясплатна назапасіць вады дастаткова. А колькі жыватворнай вадкасці такім чынам страчваецца? Дзмітрый Дрозд, дырэктар КДВУП «Водаканал Мінскага раёна», прыводзіць лічбы: 16 працэнтаў ад усёй паднятай вады. У 2014 годзе ў Мінскім раёне яе паднялі амаль 8 мільёнаў кубаметраў. Значыць, у гаспадарцы недалічыліся 1 280 000 кубаметраў. Каб зразумець, параўноўваю з чыгуначнымі цыстэрнамі. Выходзіць больш за 20 тысяч цыстэрнаў. Неслаба. Праўда, сюды ўваходзяць і няўлічаныя выдаткі, напрыклад, на парыў сетак, і выдаткі на тэхналагічныя патрэбы. Але і гэтая лічба высокая. Таму і шукаюць парушальнікаў спецыялісты «Водаканала». І знаходзяць. З пачатку года работнікамі КДВПУ «Водаканал Мінскага раёна» выстаўлена парушальнiкам на аплату амаль       2 мiльярды рублёў.

misnilena@yandex.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter