Выбраць і не пашкадаваць

Падпісная кампанія на Гомельшчыне ўступае ў вызначальны перыяд

Падпісная кампанія на Гомельшчыне ўступае ў найбольш вызначальны перыяд у размеркаванні прыярытэтаў чытачоў адносна таго або іншага выдання

Вядома ж, на выбар падпісчыкаў у немалой ступені аказваюць уплыў і сустрэчы прадстаўнікоў СМІ, паштавікоў з сённяшнімі і патэнцыяльнымі чытачамі, якія адбываюцца паўсюдна падчас Дня падпісчыка. Чарговы такі дзень — з «Рэспублікай» — прайшоў на базе СШ № 5 Добруша. У размове — аб тым, што сёння імпануе ў падыходах журналістаў урадавай газеты, што хацелася б бачыць на старонках выдання ў будучым, прынялі ўдзел не толькі ідэолагі, педагогі і тэхнічны персанал установы адукацыі, але і працаўнікі размешчаных паблізу прадпрыемстваў і арганізацый.

— Эканамічная скіраванасць публікацый, нарматыўныя дакументы, што змяшчаюцца ў выпуску «Рэспубліка дзелавая», несумненна запатрабаваныя кіраўнікамі рознага рангу, бухгалтарска-эканамічнымі службамі, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы Добрушскага райвыканкама Алена Раздуева. — Але вялікая насычанасць такімі матэрыяламі не заўжды прываблівае падпісчыкаў-індывідуалаў, асабліва пенсіянераў, моладзь. Іх пажаданні — часцей бачыць сярод «сур’ёзных» тэм публікацыі на сямейна-побытавыя, прававыя тэмы, расповеды аб незвычайных захапленнях людзей, літаратурныя творы...

Свае пытанні і пажаданні карэспандэнту «Р» выказвалі і работнікі школы. Словам, сустрэча атрымалася карыснай і цікавай. Работнікам жа паштовай сувязі — інструктару па падпісцы Таццяне Драздовай і аператару АС-4 Людміле Кабковай не давялося ў гэты дзень сядзець без справы, а ў «Р» з’явіліся новыя сябры. Дарэчы, па тэмпах аднаўлення тыражу ўрадавай газеты Добрушскі раён у дзясятцы лідэраў па падпісцы на Гомельшчыне (неўзабаве тут будзе пераадолена 45-працэнтная «планка» аднаўлення ўзроўню 1 студзеня 2012-га). Прычым, такая станоўчая сітуацыя ў раёне як па індывідуальнай, так і па ведамаснай падпісцы.

Дзякуем за падтрымку, шаноўныя чытачы!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter