Вясковыя забавы: даярка без кароў і фурман без коней. Каб стаць “Уладаром сяла”, Віктар Пыка прывёз на фінал конкурсу “эксклюзіўны” калун і “антыгрыпакапс” уласнай вытворчасці

Конкурс, які ў Глыбоцкім раёне два гады таму задумвалі як вясёлую забаву, набыў рэспубліканскі размах. І ў гэтым годзе за званне “Уладар сяла” змагалася больш за 800 сем’яў па ўсёй краіне. Вось і гадай тут: ці то амбіцый у маладых вяскоўцаў многа, ці то ў родных вёсках ім цесна, ці то БРСМ (менавіта ён праводзіць конкурс) у Год роднай зямлі разгарнуў вельмі актыўную агітацыю. Як бы там ні было, а жадаючых паўдзельнічаць у навамодным праекце хапала. У выніку жорсткага кастынгу было адабрана шэсць лепшых сем’яў краіны — па адной ад вобласці. Падчас фіналу за вызначэннем самых статусных сялян Беларусі 2009 года назіраў карэспандэнт “НГ”.

Як вяскоўцы грып перамаглі

На час фінальных спаборніцтваў патэнцыяльных “уладароў сяла” пасялілі ў Мінску — самай вялікай “вёсцы” краіны. Канкурсант ад Мінскай вобласці прывёз з сабой вялізную бутэльку медавухі, якую называў самым лепшым “антыгрыпакапсам”. Калі журы выказала сумненне ў тым, што гэта здаровы лад жыцця, мужчына важка зазначыў: “Двайная перагонка!”. Карацей, падчас конкурсу ніхто на грып не хварэў.

Джып яшчэ не паказчык

Па якім крытэрыі сёння трэба выбіраць “Уладара сяла”? Па банкаўскім рахунку, мандату дэпутата райсавета або, можа, па наяўнасці джыпа ці катэджа? Не, пераможцу вызначалі больш традыцыйнымі спосабамі (хаця за адной з сем’яў і ездзіла група падтрымкі на джыпе і двух мікрааўтобусах) — хто лепш каня запражэ, карову падоіць, дроў наколе. Навыкі гэтыя, безумоўна, патрэбныя, але ў сучаснай вёсцы ўсё менш запатрабаваныя. Пакуль дабраліся да калгаса “Усход”, дзе праходзіў фінал, не раз лавіў сябе на думцы: калясталічныя вёскі на вёскі зусім не падобныя. Мінімум — аграгарадкі, а яшчэ дакладней — пасёлкі гарадскога тыпу, у якіх нават ёсць каледжы і тэхнікумы.

Коні сапраўдныя і коні жалезныя

Конюх гаспадаркі “Усход” Антонавіч распавядае, што сёння ў яго падначаленні знаходзяцца толькі два кані. Куды дзеліся астатнія? Іх замянілі трактары.
За спаборніцтвамі “валадароў сяла” конюх назіраў з цікавасцю:
— Зараз мы паглядзім, як яны будуць запрагаць і распрагаць Майку. Збруя ж пад даж-
джом адсырэла.

Чэмпіён па гоначках — чэмпіён на калёсах

Спрактыкаванае вока не памылілася. Любыя маніпуляцыі са збруяй аказаліся немагчымымі. Таму канкурсантам давялося абмежавацца “фігурным кіраваннем” калёс. Як на экзамене ў ДАІ, яны вадзілі “экіпаж” паміж фішак. Самым спрытным фурманам аказаўся загадчык аддзялення пажарна-аварыйнага паста Андрэй Дубінчык з вёскі Ясень Асіповіцкага раёна. Перамагчы яму не перашкодзіў нават той факт, што дома ў яго няма каня.
— Вось гэта наша школа, — з гонарам казалі сябры Андрэя. — У вёсцы ён адзін з лепшых па камп’ютарных гоначках, нездарма трэніравалі...
Сам фурман-шумахер абяцае неўзабаве купіць каня. А то неяк няёмка ўвесь час пазычаць яго ў суседзяў.

Хвост угару!

Дойка каровы — справа няпростая і нават небяспечная. Асабліва калі карову ніколі раней рукамі не даілі, а толькі даільным апаратам. А яшчэ трэба помніць, што каровы — гэта не мадэлі і не актрысы, да тэлекамер яны не прывыклі, як і да шумнага натоўпу вакол сябе.
— Магчыма, будуць праблемы, — папярэдзіла ўсіх даярка. — І баднуць могуць, і малако развярнуць. Зяваць нельга.
“Уладары сяла” спаўна ў гэтым  пераканаліся. Каровы коса паглядалі на даярак, намагаліся перакуліць вядро з малаком, а заадно ўдарыць капытом. Ласкавыя словы не заў-жды дапамагалі. Каб супакоіць адну з іх, прыйшлося бесцырымонна задраць яе хвост угару — памочніца трымала яго абедзвюма рукамі. І, што цікава, гэта дапамагло. А вось менш за ўсіх пашанцавала Дзмітрыю Зайчыку з вёскі Дзмітравічы Камянецкага раёна. Ён быў адзіны мужчына, які ўдзельнічаў у даільным конкурсе, і характарам са сваёй “партнёркай” адназначна не сышоўся. Карова разоў пяць перакульвала яго вядро. Бедны гаспадар змог прад’явіць журы крыху больш за літр малака!
А вось пераможца конкурсу Валянціна Каўпак з Астравецкага раёна надаіла сем з паловай літраў. Дарэчы, у лепшай даяркі сваёй каровы дома няма, як і ў лепшага фурмана — каня.
— А вось калі жыла з бацькамі, у нас было ажно тры каровы. Каб іх падаіць, уставала ў пяць гадзін. Тады здорава ў гэтай справе руку набіла, — расказала гаспадыня.

Людзі ў майцы маразоў не баяцца

Вострая патрэба прымушае чалавека дзейнічаць. Гэта ўжо даўно вядома. Напрыклад, патрэба ў цяпле нават самага лянівага навучыць назапашваць дровы. Вы, канешне, можаце казаць пра газавы апал, але ў Беларусі ёсць яшчэ месцы, да каторых не дайшла газіфікацыя. Адно з іх — вёска Папоўцы Капыльскага раёна, адкуль прыехала сям’я Пыка. Тое, што для Віктара Пыка нарыхтоўка дроў — справа звычайная, бачна адразу. Нягледзячы на асенні дождж і на слупок тэрмометра, які адарваўся ад нуля толькі на дзве рысачкі, ён скінуў куртку, кофту і застаўся ў адной майцы.
— Ну а хто коле дровы ў куртцы?! — адрэагаваў ён на наша здзіўленне. — Хай ідзе лівень або будзе 25 градусаў марозу, але калі вы будзеце добра працаваць, то нават у майцы не замерзнеце.
З сабой Віктар прывёз малаток, сякеру і спецыяльны калун для нарыхтоўкі дроў. Ад звычайнай сякеры калун адрозніваецца шырокім лязом, якое лепш разрывае драўніну. Гэты калун Віктару Пыка зрабіў знаёмы каваль. Так што можна сказаць, што ў конкурсе дрывасекаў прадстаўнік Міншчыны перамог у тым ліку і дзякуючы эксклюзіўнай сякеры.

Экспрэс-пытанні “Уладару сяла”

Сапраўдны гаспадар — паляўнічы, рыбак і пчаляр

Пасля ўсіх спаборніцтваў Віктар Пыка выглядаў стомленым. Мы падумалі, што колка дроў адняла ў яго ўсе сілы, але аказалася, што вясковец марыў пра паляванне, на якое збіраўся пайсці на наступны дзень. Таксама яму не давала спакою надвор’е — яно добра падыходзіла пад рыбалку. Ды і піва хацелася. Напэўна, у той вечар жонка Святлана дазволіла свайму гаспадару крыху пеннага напою. Усё ж іх сям’я па суме ўсіх конкурсаў і стала “Уладаром сяла”. Толькі даведаўшыся пра сваю перамогу, Віктар  адказаў на нашыя пытанні.
— Раскажыце пра вашу вёску.
— Папоўцы — старая вёска, двароў на сорак. Маладых сямей там ня-
многа.
— Чаму не пераедзеце ў аграгарадок?
— А мы і жывём побач з аграгарадком Грозава. Там ёсць і бальніца, і школа, і дзіцячы садок. Працую шафёрам у прыватнай фірме.
— У вас ёсць хатняя жывёла?
— Каня няма, а вось карову, свіней, курэй, качак трымаем. Пакуль. А яшчэ — сабак, я ж люблю паляванне.
— На каго палюеце?
— Звычайна на зайцоў, ліс, норку. Хаця дома ёсць і ласіныя рогі.
— А як наконт рыбалкі?
— Таксама люблю. Аднойчы шчупака на 12 кіло злавіў. Ледзьве з сябрам яго выцягнулі.
— Кажуць, што вы лепшы пчаляр на вёсцы...
— Дык акрамя мяне, здаецца, у Папоўцах ніхто больш пчол не трымае. У мяне 5—6 сямей. Гэта нямнога. Я хацеў бы 12. На жаль, гэты год атрымаўся не вельмі ўраджайным на мёд.
— Пчолы вас ніколі не кусалі?
— Чаму ж, кусалі. Але ў мяне ёсць фота, дзе я ў адной толькі майцы стаю сярод пчол. Яны мяне ведаюць.
— У вёсцы сёння жыць добра?
— Мне падабаецца — жыві, як хочаш, адчувай сябе вольным чалавекам. У горад я не хачу.
— Грошай хапае?
— Іх заўжды мала, але дзе іх многа...
— Дзе пазнаёміліся з жонкай?
— Спаткаў Святлану на дыскатэцы. Помню, справа была на Вялікдзень. Каля года сябравалі, а пасля згулялі вяселле.
— Дом у вас вялікі?
— Звычайная вясковая хата. Праўда, ёсць нацяжная столь. Так што гасцей можна запрашаць.
— Вы хацелі б, каб вашы дзеці жылі ў вёсцы?
— Пра гэта пакуль што рана казаць. Старэйшай Аксанцы толькі 12, малодшай Вользе — 10. Але я хацеў бы, каб яны атрымалі вышэйшую адукацыю. І каб перабраліся бліжэй да горада — таксама не супраць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter