Вяселле ў стылі Сярэднявечча.

У культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо Віцебска “Дзвіна” рэгістравалі шлюб удзельнікі мінскага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Ордэн Паўночнага храма”.

У культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо Віцебска “Дзвіна” рэгістравалі шлюб удзельнікі мінскага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Ордэн Паўночнага храма”.

Антон Гарноў і яго нявеста Марына Барадзінчык са сталіцы вырашылі стаць сям’ёй на радзіме жаніха — ён прапісаны ў пасёлку Светлы Віцебскага раёна. На цырымонію рэгістрацыі шлюбу жаніх з нявестай і іх сведкі з’явіліся ў касцюмах у стылі Сярэднявечча.

“Мы жывём і працуем у рыцарскім замку, — распавялі маладыя. — Наш дом падобны, хутчэй, на касцюмерную і склад зброі. Рэканструкцыя — гэта наша жыццё...”.

Як капітан клуба гістарычнай рэканструкцыі “Ордэн Паўночнага храма” Антон займаецца ўзнаўленнем гарнітураў, даспехаў і зброі эпохі Сярэднявечча, правядзеннем фестываляў, паказальных выступленняў, падтрымлівае сяброўства з віцебскімі клубамі. Марына добра страляе з лука. Антон і Марына захапіліся гістарычнай рэканструкцыяй яшчэ да знаёмства, а сустрэліся на адным з фестываляў. Распісаўшыся ў адным з найпрыгажэйшых куткоў Віцебска, маладыя адсвяткавалі вяселле ў Мінску.

Як распавяла начальнік раённага загса Алена Клокава, гэта першая абрадавая рэгістрацыя шлюбу ў гэтым годзе (з пачатку гэтага года ў Віцебскім раённым загсе зарэгістравана 13 шлюбаў). Летась у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо Віцебска “Дзвіна” прайшлі чатыры абрадавыя рэгістрацыі шлюбу — з традыцыйным сватаўством, выкупам нявесты. Але вось у касцюмах у стылі Сярэднявечча маладыя на яе памяці дагэтуль не рэгістраваліся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter