Беларуска-літоўская выстава Пётры Сергіевіча ў Мінску, у Купалаўскім музеі знаёміць з творчасцю адметнага мастака

Вяртанне дадому

Беларуска-літоўская выстава Пётры Сергіевіча ў Мінску, у Купалаўскім музеі знаёміць з творчасцю адметнага мастака


Пётра Сергіевіч.1970-я гады
Фота: Алесь Траяноўскі
Па сваім змесце, традыцыях і месцах, дзе жыў аўтар, творчая спадчына Пётры Сёргіевіча (1900-1984) належыць тром суседнім народам:  беларускаму, літоўскаму і польскаму. Нарадзіўся ён на Браслаўшчыне ў вёсцы Стаўрова, вучыўся ў 20-я гады на мастацкім факультэце Віленскага ўніверсітэта, у славутага земляка Фердынанда Рушчыца. Потым — у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. А жыў і ствараў партрэты, пейзажы, палотны на гістарычную тэматыку ў даваеннай Вільні ды пасляваенным Вільнюсе, стаў там заслужаным дзеячам мастацтва Літвы. Таму і выстава яго твораў, якая адчынілася ў музеі 17 верасня, гэта вынік ажыццяўлення міжнароднага, беларуска-літоўскага праекта “Сын роднага краю”. Многа старанняў у імпрэзу ўклаў Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, які на адкрыцці выставы гаварыў на добрай беларускай мове.


П.Сергіевіч. Шляхам жыцця. 1934
Беларускі мастак Ігар Бархаткоў расказаў пра вялікую персанальную выставу Пётры Сергіевіча ў Мінску ў 1978 годзе. Падкрэсліў: то была не адзіная дэманстрацыя твораў мастака ў беларускай сталіцы.

Асабліва горача любіў Сергіевіч паэзію Янкі Купалы:  напісаў ягоны партрэт, ілюстраваў творы Песняра. Усяго ў музеі, дзе адчынілася выстава, захоўваецца 13 палотнаў з ініцыяламі “П. С.” Некалькі твораў было прывезена ў Мінск з Мастацкага музея Літвы.

Гучала на вернісажы і трывога. Пётра Сергіевіч распісваў храмы, у тым ліку і касцёл у мястэчку Солы. Але ўнікальны жывапіс пазней быў пакрыты іншымі напластаваннямі, якія рэстаўратарам трэба, не адкладаючы, асцярожна зняць.

Што да мяне, то я, зноў разглядваючы палотны майстра, успомніў, як мы з Уладзімірам Караткевічам наведалі кватэру-галерэю Пётры Сергіевіча на вуліцы Антакальнё. Пісьменніка там асабліва ўразіла невялікае палатно  “Вясна на Сатурне”, дзе невысокія іншапланецяне, падобныя да вайскоўцаў, стаялі строгімі радамі. Адчувалася, што гэтае палатно па манеры пісьма яўна адрозніваецца ад іншых твораў. Але на пытанне, чыё яно, гаспадар нічога не адказваў, толькі таямніча ўсміхаўся...

Выстава ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прадоўжыцца да 15 кастрычніка. І, спадзяюся, у кожны дзень наведванняў будзе на ёй, як і на адкрыцці, людна. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter