Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У расійскім Яраслаўлі прайшла інтэлектуальная гульня на кубак музея Максіма Багдановіча — у дзень памяці паэта

Восем гадоў і Вечнасць

З прыволжскім горадам, як вядома, звязаны важныя старонкі жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры. Там шануюць памяць пра яго. Загадчыца Музея Максіма Багдановіча Наталля Прохарава, які ж цяпер з’яўляецца і Цэнтрам беларускай культуры, напісала ў рэдакцыю: 25 мая ў першым корпусе Яраслаўскага дзяржуніверсітэта імя Дзямідава прайшла грамадска-культурная акцыя да 100-й гадавіны памяці пісьменніка. Яе ладзілі разам супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча, а таксама ўніверсітэта, Музея гісторыі Яраслаўля ды яраслаўскае аддзяленне Асамблеі народаў Расіі, і яшчэ Маскоўскі індустрыяльны банк.

Кубак Музея Максіма Багдановіча і яго ўладальнікі 

Варта нагадаць, што Максім Адамавіч Багдановіч — знакаміты выпускнік яраслаўскага Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя. І ў той жа час адна з самых значных фігур у славянскай літаратурнай традыцыі, адзін з пачынальнікаў новай эпохі ў беларускай гісторыі, названай Беларускім Адраджэннем. Хоць нарадзіўся Максім на беларускай зямлі, але ж 8 гадоў з адведзеных яму лёсам 25-і, найбольш плённных у творчасці, пражыў у Яраслаўлі. Там жа скончыў мужчынскую гімназію, друкаваў свае творы ў яраслаўскай газеце “Голос” і часопісе “Русский экскурсант”. Большая частка літаратурнай спадчыны Максіма Багдановіча стваралася менавіта ў Яраслаўлі: там паэт падрыхтаваў да выдання і “Вянок”, свой адзіны прыжыццёвы зборнік. За вершы, прысвечаныя таленавітай, каханай ім яраслаўне Ганне Рафаілаўне Какуевай яго называюць самым рамантычным беларускім паэтам. “Яраслаўцы беражліва захоўваюць памяць пра беларускага паэта з берагоў Волгі, — напісала ў рэдакцыю Наталья Прохарава. —Адна з вуліц Кіраўскага раёна названая імем паэта, у 1994-м ля сцен былой мужчынскай гімназіі ўсталяваны помнік Максіму Багдановічу. А крыху раней, у 1992-м, у Яраслаўлі, у доме, дзе жыла сям’я паэта, адкрыўся мемарыяльны музей”.

Акцыя ўшанавання Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі пачалася з мітынгу памяці ля помніка паэту, дзе выступілі рэктар Яраслаўскага дзяржуніверсітэта Аляксандр Русакоў, прадстаўнікі дэлегацыі з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмія навук Беларусі Вераніка Курцова ды Ігар Капылоў, пляменніца яраслаўскага сябра і паплечніка Максіма Багдановіча — Ніна Сяргееўна Дзябольская. Удзельнікі, госці акцыі знаёміліся з матэрыяламі міжнароднай выставы “Геній зямлі беларускай. Максім Багдановіч” — з фондаў мінскага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Крыху пазней пры падтрымцы прафкама ўніверсітэта ладзілася  інтэлектуальная гульня на кубак Музея Максіма Багдановіча, прысвечаная часу, у якім жыў паэт. “Дарэчы, ніводзін музей Яраслаўля свайго кубка пакуль не мае, ды і наш музей такую форму заахвочвання выпрабаваў упершыню, — паведаміла Наталья Прохарава. — За кубак змагаліся 5 каманд, а ўрэшце пераможцамі сталі студэнты матэматычнага факультэта. Прызы пераможцам і ўдзельнікам прадаставіў  Маскоўскі індустрыяльны банк”. А ў фінале акцыі выступіла капэла ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Людмілы Барадзіной.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter