Вока цешаць, болькi лечаць

Пра чабор i зверабой

Сцiплыя яны i непрыкметныя, але без iх нашаму жыццю неставала б хараства i прыгажосцi

Луг, што побач з нашай вёскай, так цягне да сябе ўлетку, што не магу ўтрымацца. Тут незвычайнае багацце кветак i раслiн, кожная з iх – добры i дарагi дар прыроды нашай роднай зямлi. Канешне, такое прыроднае хараство трэба адчуваць, любiць i шанаваць, як i ўсё тое, што ёсць вакол цябе.

Чароўны зверабой

Што такога ў iм чароўнага, спытаецца iншы чытач. Самая звычайная раслiна, расце сабе дзе хоча. У вёсцы, дзе мы жывём, зверабой перабраўся з суседняга лугу ў наш сад i на агарод. Спачатку толькi дзе-нiдзе выглядалi яго кусцiкi, а цяпер шмат, i мы з жонкай рады: яшчэ адна прыгожая аздоба нашай вясковай «уласнасцi».

Мiж тым з сiвой даўнiны гэтая раслiна верна служыць людзям, бо валодае незвычайнай лекавай сiлай. Узяць хаця б такi важны момант: у 1630 годзе на Русi быў створаны Аптэкарскi прыказ, у якi i паступiлi звесткi аб незвычайнай лекавай траве, ад якой хутка загойваюцца раны. Называлася яна зверабоем i расла ў Сiбiры. Маскоўскiя ўлады адразу сцямiлi, якая можа быць карысць ад той травы i прынялi адпаведныя меры. Ваяводу Раманадоўскаму была адпраўлена спецыяльная грамата, у якой быў загад: «Збiраць зверабой па пуду на ўсякi год i прывозiць у Маскву». Калi расiйскую сталiцу Пётр I перанёс на берагi Нявы, дык далёка за горадам, на востраве, стварыў аптэкарскi агарод, дзе разводзiлi розныя лекавыя раслiны. Падчас Першай сусветнай вайны, калi катастрафiчна не хапала лякарстваў, былi створаны спецыяльныя камiсii, якiя шукалi месцы, багатыя на лекавыя раслiны. Пасля Грамадзянскай вайны нарыхтоўкi дзiкарослых набываюць дзяржаўную важнасць.

Успамiнаю свае сустрэчы з вядомым у Беларусi траўнiкам, дзедам Мурашкам, якi жыў недалёка ад Мiнска ў вёсцы Аколiца. Мы дружылi з iм некалькi гадоў запар, а пачалося вось з чаго. Аднойчы я паехаў да яго дастаць вельмi рэдкай травы, якую прасiў у мяне мой сябар-журналiст з газеты «Известия». I тое, што пачуў ад дзеда пра травы, стала для мяне цэлым адкрыццём.

— А зверабою дык проста няма роўных сярод лекавых раслiн, — гаварыў дзед. – Ад ста хвароб ён. Дастань вось тую кнiжку на палiцы.

Я браў кнiжку пра травы, i дзед казаў, якую адкрыць старонку. Ён ужо вельмi слаба бачыў. Але старонку называў беспамылкова, на ёй расказвалася пра зверабой.

— Тут напiсана, што з даўнiх часоў людзi ведалi, як зверабоем лячыць 99 хвароб.

— А сотая – калi моцна прастудзiшся. Паслухай i запiшы, як трэба пры прастудзе рыхтаваць чай са зверабоем. Парэж яго дробненька i кiнь у кiпячую ваду. Закрый посуд, хай чай настаiцца. А наогул, можаш дабаўляць зверабой у любы набор лекавых траў, ён заўсёды прыдатны, ведаю са свайго вопыту.

Дома я так i рабiў, i чай «ад дзеда Мурашкi» мне заўсёды дапамагаў. Дзесьцi вычытаў, што ў далёкiм мiнулым людзi гаварылi: як без мукi немагчыма спячы хлеб, так без зверабою нельга лячыць многiя хваробы.

Вось i падумаем: цi ж не чароўная гэтая раслiна? Хоць i называецца яна так грозна, але ж колькi дабра прыносiць людзям.

Пахне чабор

Крочу да месца, дзе жыве мой маленькi цуд, i думаю, хаця б нiхто яго не знiшчыў. Дзякуй Богу, усё ў парадку: сярод зялёнай травы на ўскрайку лугу бачу ружова-фiялетавае покрыва. На сэрцы становiцца спакойна, я саджуся на мяккую свежую траву, гляджу i любуюся незвычайным малюнкам. Мой чабор расце, цвiце, ён прыгожа аздобiў гэты куточак лугу.

Гэтая латачка густога чабору – быццам падушачка. Стромкiя сосны, што побач, зямля, увесь луг, асаблiва гэты зацiшны яго куточак, атрымлiваюць ад шчодрага лiпеньскага сонца святло, цяпло i ласку. А чабору гэта толькi i трэба, i разлiваецца ад яго такi водар, што мiжволi здзiўляешся, адкуль у раслiнкi столькi сiлы, каб напоўнiць тонкiм i разам з тым моцным пахам увесь куточак. Асцярожна зрываю кветачку, расцiраю яе пальцамi, падношу да твару, i становiцца так добра на душы, як рэдка калi бывае.

Сцiплая, непрыкметная раслiна не хоча быць на вачах у людзей, расце на пясчаных грудках, у сухiх сасоннiках, лясах, мiж кустоў. Безумоўна, яго рвуць, ён вельмi каштоўны, называюць яго яшчэ багародскай травой. Нашы продкi з толкам прымянялi яго нават… у кулiнарыi, дабаўлялi ў бабовыя супы, фаршы, смажаную агароднiну, амлеты. Жыхары Поўначы набiвалi iм невялiчкiя падушачкi, каб добра спалася. Уяўляеце: кладзе сваю галаву зiмою стары вясковец на такую падушачку – i быццам акунаецца ў жывы водар лета…

Ну а лекавыя ўласцiвасцi чабору? Дабаўляюць у чай i п’юць пры доўгiм кашлi, парушэннi страўнiка, кiшэчнага тракту. Нарыхтоўваюць чабор, калi цвiце, сушаць на адкрытым паветры, у цяньку. Успамiнаю, як у далёкiм маiм дзяцiнстве летам мацi клала невялiчкiя пучкi чабору ў клець. I ўсю зiму тут пахла летнiм лугам i полем…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter