Весткі

Навуковы падыход


У Варшаўскім універсітэце прайшла Міжнародная навуковая канфе­рэнцыя “Польска-беларускія літара­турныя, моўныя і культурныя сувязі. 60-годдзе Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта”.

Сярод асноўных тэм дакладчыкаў большую частку займалі пытанні, якія датычылі праблем і навуковых поглядаў на літаратурныя, моўныя і культурныя сувязі Польшчы і Беларусі. Актыўна абмяркоўвалі выступоўцы досвед супрацоўніцтва ВНУ абедзвюх краін, новыя перспектыўныя праекты развіцця ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі, магчымыя тэмы сумесных навуковых даследаванняў.

Святочны вечар у Ашдодзе


20 год таму было ўтворана Ашдодскае аддзяленне Агульнаізраільскага аб’яднання выхадцаў з Беларусі — найбуйнейшае з рэгіянальных падраздзяленняў беларускага зямляцтва ў Ізраілі. Да юбілею суполкі прайшоў святочны вечар.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Міністр аліі ды абсорбцыі Ізраіля С. Ландвер, віцэ-мэр Ашдоду Б. Гітэрман, старшыня Агульнаізраільскага аб’яднання выхадцаў з Беларусі М. Альшанскі. За шматгадовае плённае супрацоўніцтва і асабісты ўклад у развіццё дружалюбных беларуска-ізраільскіх стасункаў кіраўнік Ашдодскага аддзялення Агульнаізраільскага аб’яднання вы­хад­цаў з Беларусі І. Цфасман адзначаны падзякай Амбасады Беларусі.

На канцэрце выступілі вядомыя ізраільскія выканаўцы, сярод якіх былі і ўрад­жэнцы Беларусі.

Беларусь — Аўстрыя: працяг супрацоўніцтва


На пасяджэнні Аўстрыйска-Бела­рус­кага таварыства абмяркоўвалі вынікі дзейнасці арганізацыі за мінулы год. З прывітаннем да ўдзельнікаў сходу звярнуўся Часовы павераны ў справах Беларусі ў Аўстрыі А. Шупляк. Дыпламат павіншаваў кіраўніцтва і членаў АБТ з дзесяцігоддзем таварыства, а таксама выказаў удзячнасць за намаганні, скіраваныя на развіццё беларуска-аўстрыйскіх стасункаў у розных галінах.

Напрыканцы пасяджэння прай­шоў канцэрт беларускага харавога калектыву “Белая Русія” ў суправаджэнні цымбалістак — вучаніц мінскіх музычных школ.

Цікавасць да навучання


У Вільнюсе прайшло пасяджэнне сумеснай кансультацыйнай камісіі Міністэрства адукацыі Беларусі ды Міністэрства адукацыі і навукі Літвы.Сярод іншых разглядаліся пытанні аб дзейнасці Беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны ў Вільнюсе і школах з літоўскай мовай навучання ў беларускіх вёсках Пялясы і Рымдзюны.

Беларуская дэлегацыя наведала Гімназію імя Францішка Скарыны, сустрэлася там з педагагічным калектывам, азнаёмілася з адукацыйна-выхаваўчым працэсам.

Скарбы з Бацькаўшчыны


У Амбасадзе Беларусі ў Бельгіі адкрылася выстава Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча “Спадчына Беларусі”. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел прадстаўнікі акрэдытаваных у Бельгіі дыпмісій ды беларускай дыяспары. Выставу можна будзе наведаць да канца лютага.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter