Творы Максіма Багдановіча перакладаюцца на розныя мовы народаў Расіі, у тым ліку і на татарскую

Вершы без межаў

Летась адзначаліся 125-я ўгодкі Максіма Багдановіча, і ягоная творчасць прыцягнула ўвагу перакладчыкаў у Расіі. Класічны белы верш юбіляра пра тое, што “ўсе мы разам ляцім да зор”, пераклалі на калмыцкую — Эрдні Эльдышаў, на рускую — Валерый Казакоў, на татарскую — Роберт Мінулін, на марыйскую — Генадзь Ояр... Пераклады пабачылі свет у Беларусі, у часопісах “Роднае слова” і “Маладосць”.

А ў Казані (Татарстан) былі надрукаваны новыя пераклады вялікай падборкі вершаў класіка беларускай паэзіі на мове Мусы Джаліля і Габдулы Тукая... Дарэчы, раней адзін з вершаў і байку Максіма Багдановіча перастварыў вядомы татарскі паэт Закі Нуры — яны друкаваліся адпаведна ў калектыўным зборніку “Беларускія паэты” (1968) і часопісе “Казан утлары” (“Агні Казані”) (№1, 1980). Закі Нуры ў час Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі. Быў начальнікам разведкі партызанскага атрада Канстанціна Заслонава. Пазней пісаў: “За ўсіх прыгажэй мне зямны, непрыкметны,/ Блакітны, як возера, — квет палявы./ Прыродай уплецены ў венчык Сусвету —/ У самы прыгожы на свеце вянок! -- / Для вас ён бясцэннай данінай, паэты, -- / Малюсенькі квет, што хінецца да ног”. (Пераклаў Кастусь Жук). Некаторы час пасля вызвалення Беларусі татарскі паэт працаваў у Оршы. Ён быў вельмі ўважлівы да творчасці Янкі Купалы. Напісаў выдатныя артыкулы пра Песняра, яго повязь з татарскай літаратурай — “Паэт-патрыёт беларускага народа” (1957), “Янка Купала і яго нашчадкі” (1972). Пераклаў шэраг вершаў Купалы. І пра партызанскую барацьбу Закі Нуры расказаў у зборніку апавяданняў “І мёртвыя помсцілі”, выдадзеным у Казані. Двойчы татарскі паэт быў госцем Беларусі: калі ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях, прысвечаных Янку Купалу — да 80 і 90-годдзя Песняра. Гэта значыць — у 1962 і 1972 гадах адпаведна.

А цяпер вершы Максіма Багдановіча — усяго дванаццаць твораў — пераклаў на татарскую мову народны паэт Татарстана Роберт Мінулін. І надрукавана падборка ў штотыднёвай газеце “Мадані жомга” за 9 снежня 2016 года. Роберт Мінулін — вядомы ў Татарстане паэт, перакладчык, дзіцячы пісьменнік. У 2009 годзе ён быў госцем Дня беларускага пісьменства ў Смаргоні. Удзельнічаў у круглым стале беларускіх і замежных пісьменнікаў, які традыцыйна праводзіцца ў Беларусі, пачынаючы з 2007 года.

У Мінску летась выйшла кніга Р. Мінуліна “Адна сям’я” для юных чытачоў. Пераклала вершы на беларускую мову паэтэса Яна Явіч. У Выдавецкім доме “Звязда” ў серыі “Сябрына: Паэзія народаў Расіі” рыхтуецца і новая кніга вершаў Роберта Мінуліна. Над яе перакладам працаваў лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Мікола Мятліцкі.

Кастусь Лешніца

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter