Дзень Незалежнасці — добрая нагода, каб падвесці пэўныя вынікі, узгадаць пра нашы перамогі

Вечна жывi i квiтней!

3 ліпеня мы адзначаем Дзень Незалежнасці — галоўнае свята краіны. Гэта добрая нагода, каб падвесці пэўныя вынікі, узгадаць пра нашы перамогі, у тым ліку не толькі ў эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах, але і ў сапраўдных крывавых баях. Хто лепш, чым ветэраны вайны, можа параўнаць дзень сённяшні і ўчарашні? Толькі той, хто чуў, як свісцяць кулі, і бачыў акрываўленую зямлю, ведае, што такое сапраўдны мір, цішыня і спакой.



Ветэран Уладзiмiр БАРАДЗIН: «Вароты горада заўжды асацыiравалiся ў мяне з гасцiннасцю беларусаў».

Мой родны Мiнск, як ты мне мiлы!


— Калісьці я ведаў Мінск як свае пяць пальцаў, — ветэран Вялікай Айчыннай палкоўнік Уладзімір Васільевіч Барадзін расціскае руку і пачынае пералічваць: — Вакзал, Камароўка, Старажоўка, Берасцянская, дзе мы тады жылі... Ды колькі да вайны гэтага горада было? Усе дамы драўляныя, зараз жа вочы радуюцца, калі ідзеш па сталіцы.

«Куды адправімся перш за ўсё?» — пытаюся ва Уладзіміра Васільевіча, якому хутка споўніцца дзевяноста. Ён хоць і жыве бліжэй да ўскраіны горада, але наведвацца ў цэнтр любіць. Прагульваючыся па шырокіх праспектах і вузкіх вулачках, успамінае былое і радуецца дню сённяшняму.

Мы спыняемся каля вакзала, такая воля ветэрана:

— З яго пачынаецца знаёмства турыстаў з Мінскам. Калісьці з гэтага месца і я ўпершыню ўбачыў горад. Мы з мамай пераехалі да бацькі, якога адправілі сюды служыць, у 1927-м. Тады быў маленькім… Але ў памяць урэзаўся стары будынак вакзала ў 1931-м. Тады ён здаваўся вельмі вялікім, думалася, што пабудаваны на стагоддзі.

У той год на сям`ю звалілася трыццаць тры няшчасці. У шасцігадовага Валодзі здарыліся праблемы з печанню, у яго маці — з ныркай. А бацька, які ратаваў горад ад паводкі, сур`ёзна прастудзіўся, праваліўшыся пад лёд. Барадзіным, ледзь тыя акрыялі ад хвароб, далі пуцёўку ў Крым. Хлопчык у чаканні цягніка да Адэсы зачаравана глядзеў на будынак вакзала і нават марыў апынуцца на месцы машыніста.

Сёння погляд Уладзіміра Васільевіча на новы будынак адрозніваецца ад таго, дзіцячага, але ён таксама захоплены. Яму і да гэтага дня, нягледзячы на салідны ўзрост, даводзіцца часта ездзіць. У маі, напрыклад, быў на Дне Перамогі ў Маскве. Не менш камфортным, чым вакзал, яму здаўся і беларускі цягнік.

— У мяне ў Маскве, дарэчы, унук і праўнук жывуць, — раптам успамінае ветэран. — Клічу іх да мяне пераехаць. Нядаўна прыязджалі, аглядалі горад. Вельмі спадабаўся, тут не толькі чыста і прыгожа, але і ціха, спакойна. Колькі цікавых будынкаў з’явілася! Маім хлопцам асабліва спадабалася наша Нацыянальная бібліятэка.

Але ў нас з Уладзімірам Васільевічам іншы маршрут. Ён захацеў пабываць у оперным тэатры. Невыпадкова.

— Вось у гэтым доме на чацвёртым паверсе мы і жылі ў 1930-я гады, — ветэран паказвае на будынак, размешчаны акурат за тэатрам. — Оперны будаваўся на нашых вачах. Мы ўжо тады разумелі, што гэта будзе грандыёзны аб`ект. Добра, што змаглі аднавіць яго пасля вайны. Зараз жа пасля рэканструкцыі яго па праве можна назваць адным з самых прыгожых тэатраў свету.

Барадзіну, чалавеку ваеннаму, сапраўды прыйшлося паматляцца па гарадах і гарнізонах розных краін, і яму ёсць з чым параўноўваць. Ён не лічыць сябе заўзятым тэатралам, але заўсёды не супраць паглядзець добры спектакль, яшчэ лепш — паслухаць рамансы, што-небудзь для душы. Праўда, гэта ён часцей робіць дома, ставячы любімыя заезджаныя пласцінкі на стары патэфон. Тлумачыць чаму:

— Гэта было ў 1950-х гадах у Цярнопалі, дзе я служыў камандзірам часці войскаў супрацьпаветранай абароны. Сабраўся ў тэатр, паведаміў дзяжурнаму, куды іду, рад і месца. У сярэдзіне спектакля мяне тэрмінова выклікалі. Тады мая праца — гэта суцэльнае баявое дзяжурства, я галавой адказваў, калі на нашай тэрыторыі з`яўляўся незнаёмы самалёт. З тых часоў рэдка выбіраюся на такія дзействы, здаецца, што мяне зноў могуць кудысьці тэрмінова паклікаць.

— А тут, Наташанька, калісьці хадзілі трамваі, — сапраўдны палкоўнік, узяўшы мяне пад локцік, вядзе на плошчу Свабоды. — Не дай бог вам жыць у той час: гэта ж было суцэльнае надзвычайнае здарэнне, калі транспарт з шалёнай хуткасцю нёсся ўніз з горачкі. На маёй памяці гэтая плошча была зусім іншай. Лепш ці горш? Проста іншай.

Уладзімір Васільевіч успамінае камендатуру, царкву, іншыя будынкі, ад якіх цяпер нічога не засталося. Сумуе з гэтай нагоды? Наўрад. Наадварот, з радасцю глядзіць на адбудаваную ратушу, адрэстаўраваную канцэртную залу «Верхні горад», з задавальненнем вывучае бронзавыя скульптуры і сувеніры ў драўляных крамах. Чалавека, які столькі пабачыў на сваім вяку, здзівіць чым-небудзь складана. Але гістарычны цэнтр Мінска — гэта якраз той выпадак, калі ветэран не стамляецца паўтараць: «Так, папрыгажэў горад! Нядзіўна, што тут шмат замежных турыстаў».

За сваё доўгае жыццё яму шмат разоў даводзілася пакідаць Мінск, і кожны раз, як вяртаўся, заўважаў змены. У савецкі час — не заўсёды ў лепшы бок, а вось у апошнія дваццаць гадоў кожная маштабная будоўля або рэстаўрацыя заўсёды выклікае  станоўчыя эмоцыі. Вялікі і Купалаўскі тэатры, музей Вялікай Айчыннай вайны, спартыўныя комплексы «Мінск-Арэна» і «Чыжоўка-Арэна» — усё гэта не толькі радуе вока, але і прыносіць пэўную карысць, робіць нашу нацыю больш моцнай.

— Вам, моладзі, цяжка зразумець, што такое голад і холад, — на развітанне гаворыць Уладзімір Васільевіч. — Вы жывяце ў квітнеючай краіне, упэўненыя ў заў­трашнім дні. Любіце, захоўвайце, абараняйце яе, як гэта рабілі мы, — усім сэрцам, усёй душой.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter