Безопасна ли еда в вагонах-ресторанах белорусских поездов

Вагончык кранецца — бiфштэкс падсмажыцца

Карэспандэнт «Р» вырашыла даведацца, што адбываецца ў сезон на аб'ектах харчавання Беларускай чыгункі
Бруд у вагоне, дрэнна памыты посуд, няякасная вада, кішэчная палачка ў прадуктах. Пра гэтыя «знаходкі» ў вагонах-рэстаранах расійскіх цягнікоў не раз паведамлялі ў прэсе. Масавыя парушэнні санітарных правілаў выяўлялі ў цягніках Бранскага напрамку і сібірскіх. Чыгунка — зона павышанай небяспекі. Карэспандэнт «Р» вырашыла даведацца, што адбываецца ў сезон на аб`ектах харчавання Беларускай чыгункі.


На першы пуць падаюць хуткі цягнік Мінск—Санкт-Пецярбург. З акна вагона-рэстарана — пах смажанага. Повар Надзея Петрашэвіч рыхтуецца да рэйса. На вялікай патэльні моцна шыпяць дранікі. Супрацоўнікі вагона ведаюць: у гэтым саставе звычайна едзе шмат расiян, а яны любяць гэтую страву. Некаторыя гаспадыні наракаюць, маўляў, днямі даводзіцца стаяць у пліты. А Надзея завiхаецца з усмешкай: праца падабаецца. Рэстаран на колах працуе амаль да адзінаццаці вечара. Повар Надзея Петрашэвіч гатуе, а афіцыянт Марат Лепухоў падае прысмакі. Адных толькі дранікаў Надзеі трэба будзе напячы не менш за 150 штук. 

Загадчык вытворчасці вагона-рэстарана цягніка № 52 Аляксандр Сільвановіч адкрывае меню: «Дранікі з мясам, сёмгай, ікрой. Рыба з рысам, філе курыцы з рысам. Розныя салацікі. Свініна з бульбай. Любяць пасажыры нарэзку. Селя- дзец, вяндліна, калі ласка. Меню карэкціруем па сезоне. Улетку ўносім боршч халодны з крэветкамі. Салянкі гатуем розныя: рыбную, мясную. Кава любая: глясэ, з каньяком і лімонам. Уся кухня разгортваецца на хаду. Загадзя нічога не робім, каб было свежым». Акрамя таго, у цягніку ёсць месцы, у кошт якіх уваходзяць наборы гарачага харчавання. Праваднiк прыносіць заказ ад пасажыра, а афіцыянт аддае ланч-боксы праваднікам.


Аляксандр дзеліцца рэцэптамі, паказваючы, як абсталяваны вагон-рэстаран. «Дзевятнаццаць месцаў за столікамі і яшчэ некалькі ля барнай стойкі. У харчаблоку ўсё неабходнае: халадзільнікі, мыйка, пліта, стол. Працуе кандыцыянер. Пастаўшчыкі прывозяць прадукты на склад, мы падаём заяўку, ведаем па вопыце, колькі чаго трэба, каб не залежвалася. Увесь рэйс доўжыцца шэсць дзён, цягнік робіць тры абароты». 

Супрацоўнікі вагона-рэстарана — дыпламаваныя спецыялісты. Допуск да працы на чыгунцы — толькі пасля спецыяльнай падрыхтоўкі. Муха ў супе, страва з сумніўным пахам, чэрствыя коржыкi — хто не чуў такіх небыліц пра вагоны-рэстараны ў савецкіх цягніках. Некаторым гэтыя стэрэатыпы і зараз перашкаджаюць зазірнуць у бар на колах і пакаштаваць гарачую салянку, не выходзячы на перон. Ці ёсць у пасажыраў сёння падставы для турботы?


Інжынер-тэхнолаг участка па арганізацыі грамадскага харчавання Ала Жураўкевiч тлумачыць схему кантролю за санітарным станам і якасцю ежы ў вагоне-рэстаране: «У пунктах фарміравання і абароту цягнiка інжынерам-тэхнолагам у прысутнасці загадчыка вытворчасцi і начальніка цягніка правяраецца гатоўнасць вагона-рэстарана ў рэйс. Звяртаем увагу на санітарны стан: якасць уборкі гандлёвай залы і харчаблока, наяўнасць зменнай сталовай бялізны, спецыяльнага адзення ў повараў, мыйных і сродкаў дэзінфекцыі. Правяраем тэрміны рэалізацыі і ўмовы захоўвання прадуктаў, наяўнасць пасведчанняў на скорапсавальныя тавары. Арганізацыя працы вагона-рэстарана падпарадкавана зацверджаным санітарным нормам і правілам». 

У 52-м хуткім усе адзін аднаму дапамагаюць: мыць посуд, прыбіраць, гатаваць. Інструктар цягніковай брыгады Валянціна Шамко і начальнік цягніка Мінск—Санкт-Пецярбург Валянцін Раманаў абяцаюць якаснае харчаванне. Аляксандр Сільвановіч праходзіць каля столікаў, называючы розныя тыпы наведвальнікаў. У вагоне-рэстаране трэба быць не проста спецыялістам, але і псіхолагам: «Да аднаго патрэбны асаблівы падыход, з іншым куды прасцей мець зносіны, а перад трэцім на дыбачках прыходзіцца хадзіць». Цыганы дзень нараджэння святкавалі. Аляксандр нават музыку падбіраў тэматычную. А адзін ужо немалады пасажыр неяк замовіў прыгатаваць мамчын бутэрброд з курыным філе. Аляксандр не разгубіўся. Замест аднаго зрабіў цэлых чатыры, шчодра, як мама.


Аляксандр Сільвановіч пятнаццаць гадоў у рэстаране на колах. Цягнікi вабілі з дзяцінства. Гатаваў для рэстаранаў, якія рухаліся на Адлер, Мурманск, Маскву. Сярод наведвальнікаў сустракаў вядомых чыноўнікаў, бізнесменаў, артыстаў. Незвычайнае знаёмства выйшла з актрысай Аленай Якаўлевай — гераіняй серыяла «Каменская»: «Афіцыянт сказаў, што Алена ад маёй кухні ў захапленні і просіць падзяліцца рэцэптам. Я апрануў чысты халат, падыходжу, а яна: «Тут нейкая памылка». Гляджу, а калегі са смеху валяцца — разыгралі. Затое аўтограф атрымаў». Валерыя, Гоша Куцэнка, Барыс Майсееў, Аляксандр Саладуха — усе паспрабавалі стравы ад Сільвановіча. 

Аказалася, акрамя пасажыраў і супрацоўнікаў чыгункі, ацаніць якасць ежы і санітарны стан харчаблока ў цягніку больш няма каму. Санітарная служба тэарэтычна можа праверыць такi вагон у месцы яго фарміравання, але не абавязаная. Таму здароўе пасажыраў — на адказнасці цягніковай брыгады. І, вядома, пры такой схеме кантролю супрацоўнікі чыгункі ніколі не раскажуць праўду пра муху ў супе. Не ведаюць яе і гігіеністы. Цягнікi цяпер не правяраюць. Ім давяраюць. 


Вольга КАСЯКОВА 

Drug-olya@yandex.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter