Уваскрэснуць у Хрысце

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша КАНДРУСЕВIЧА на Вялікдзень «Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос, Яго тут няма» (Мк 16, 6). Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, усе людзі добрай волі! Гэтыя словы Евангелля паводле Марка Касцёл прапануе нашай увазе сёння, ва ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста. Евангеліст Лука падае іх наступным чынам: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5—6). Пабожныя жанчыны прыйшлі да магілы Езуса, каб паводле яўрэйскага звычаю намасціць Яго цела алеем. Аднак замест таго, каб знайсці свайго Настаўніка, яны знайшлі пустую магілу і адсунуты ад яе камень. Збянтэжаныя і ў адчаі, яны думалі, што Яго цела ўкралі ці перанеслі ў іншае месца. У той жа час анёл ставіць ім фундаментальнае пытанне: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?» Што гэта за пытанне? Дзе яшчэ яны павінны шукаць Езуса? Яны добра ведалі, што Ён памёр на крыжы, і ведалі, дзе быў пахаваны. Таму зразумела, што яны шукалі памерлага сярод памерлых, бо толькі там можна знайсці пахаванае цела. Больш за тое, на самай справе Езус усё сваё зямное жыццё правёў сярод памерлых. Калі Адам не паслухаўся наказу Бога, то гэтым самым ён адчыніў дзверы для граху. У выніку грэх і смерць запанавалі ў свеце...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша КАНДРУСЕВIЧА на Вялікдзень

«Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага;

Ён уваскрос, Яго тут няма» (Мк 16, 6).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, усе людзі добрай волі!

Гэтыя словы Евангелля паводле Марка Касцёл прапануе нашай увазе сёння, ва ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста. Евангеліст Лука падае іх наступным чынам: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5—6).

Пабожныя жанчыны прыйшлі да магілы Езуса, каб паводле яўрэйскага звычаю намасціць Яго цела алеем. Аднак замест таго, каб знайсці свайго Настаўніка, яны знайшлі пустую магілу і адсунуты ад яе камень. Збянтэжаныя і ў адчаі, яны думалі, што Яго цела ўкралі ці перанеслі ў іншае месца.

У той жа час анёл ставіць ім фундаментальнае пытанне: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?»

Што гэта за пытанне? Дзе яшчэ яны павінны шукаць Езуса? Яны добра ведалі, што Ён памёр на крыжы, і ведалі, дзе быў пахаваны. Таму зразумела, што яны шукалі памерлага сярод памерлых, бо толькі там можна знайсці пахаванае цела. Больш за тое, на самай справе Езус усё сваё зямное жыццё правёў сярод памерлых. Калі Адам не паслухаўся наказу Бога, то гэтым самым ён адчыніў дзверы для граху. У выніку грэх і смерць запанавалі ў свеце.

Сын Божы прыйшоў у свет, дзе дамінуе грэх і смерць. Аднак Ён прыйшоў, каб прабываць сярод смерці і няшчасцяў як Жыццё свету. Да Яго спяшаліся розныя хворыя і пракажоныя, бацькі памерлых дачок і маці памерлых сыноў і г.д. Езус правёў сваё жыццё сярод сляпых, кульгавых, глухіх, нямых, грэшнікаў, апантаных нячыстымі духамі і г.д. Жывучы сярод няшчасцяў і смерці, Валадар Жыцця паддаўся ёй на дрэве крыжа і зышоў у магілу.

Нягледзячы на гэта, анёл пытаецца: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» Езус пражыў сваё жыццё як Валадар Жыцця сярод памерлых, быў пахаваны як кожны з іх, але на трэці дзень пасля сваёй смерці Ён ужо не быў сярод іх. Ён уваскрос у першы дзень новага тыдня. Слова «новы тыдзень» трэба разумець як новы час, бо з уваскрасеннем Хрыста распачаўся час збаўчай Божай ласкі.

Калі б сёння археолагі знайшлі косткі Езуса ў магіле, то мы б ведалі, што гэта быў падман. Але іх не знайшлі і не знойдуць. Езуса там няма, бо Ён уваскрос і сядзіць праваруч свайго нябеснага Айца. Мы ведаем, дзе Яго можна знайсці, — у небе з вечна жывым Айцом і Святым Духам, а таксама ў нашай Галілеі, якой з’яўляецца Касцёл — месца спаткання чалавека з Богам.

Мы гэта добра ведаем, але адначасова жывём, як быццам не ведаем. Часта мы падобныя да евангельскіх жанчын, якія прыйшлі да пустой магілы Хрыста, і нярэдка шукаем жывога сярод памерлых. Сучасны свет супрацьстаіць прысутнасці Бога на зямлі. Мы можам вызнаваць нашу веру ў Бога, аднак у той жа час жыць так, як быццам Езус не ўваскрос. Шукаем шчасця ў нязгодных з воляй Божай сексуальных задавальненнях і сквапных накапленнях матэрыяльных рэчаў. Забіваем ненароджанае жыццё. Выказваемся за разводы. Падтрымліваем штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства. Не захоўваем прынцыпаў хрысціянскай этыкі. З лёгкасцю можам прынізіць годнасць чалавека. Практыкуем акультызм, магію, варажбу і г.д. Шукаем саміх сябе ў этнічнай ідэнтычнасці, сацыяльным ці эканамічным статусе. Нярэдка хвалімся: «Я добра адукаваны, разумны, не такі, як іншыя; мой заробак большы, чым у іншых; я атрымаў вялікую спадчыну, і ўсё гэта падымае мой статус у грамадстве».

Такім чынам, Бог вельмі часта трактуецца як нейкі талісман. З’яўляецца дадаткам да таго цяпла, якое мы хочам стварыць вакол сябе. Гэта вядзе да змешвання сэнсу з глупствам, праўды з хлуснёй, жыцця са смерцю. Мы на ўсё згаджаемся, кажам адначасова «так» і «не». Не хочам, каб Бог прыходзіў да нас і быў прысутны ў нашым жыцці. Прымаем Хрыста пад патранатам трох сучасных святых: святога кампрамісу, святога спакою і святой памяркоўнасці. Паводле такога бачання, Бог згаджаецца на ўсё, а Яго прабачэнне не адбываецца паводле прынцыпу навяртання, жалю, пастанаўлення выправіцца і называння зла злом, а дабра дабром. Мы часта думаем, што Ён кажа нам: «Ты ж такі добры і любімы, што пойдзеш у неба, нягледзячы на тое, што б ты ні чыніў».

Усё гэта не што іншае, як здрада Евангеллю. Святы апостал Павел кажа, што ўсё належыць да адноўленага праз Хрыста свету. У ім няма розніцы, бо ва ўсім ёсць Хрыстус. Калі мы стараемся адрозніваць сябе паводле сацыяльнага, эканамічнага ці палітычнага статусу, гэтым самым мы здраджваем Евангеллю, здраджваем абвяшчэнню ўваскрасення. Менавіта таму анёл зноў пытаецца ў нас: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?»

Замест таго, каб шукаць нашага жыцця сярод памерлых, святы Павел заклікае весці барацьбу з духоўнай смерцю. Навучаючы, што Хрыстус — гэта нашае жыццё, ён таксама навучае, што мы павінны памерці для граху і ўваскрэснуць да жыцця ў Божай ласцы. Гэты рашучы пераход у навучанні святога апостала Паўла абумоўлены патрабаваннем Евангелля Уваскрасення. Калі Хрыстус з’яўляецца нашым жыццём, то і нашае жыццё павінна быць падобным да Яго жыцця. А жыццё Езуса было пастаяннай перамогай над смерцю. Ён смерцю смерць перамог. Фінальная перамога над смерцю — гэта ўваскрасенне Хрыста.

Дык чаму ж мы працягваем шукаць жывога паміж памерлымі? Гэтае пытанне анёла да пабожных жанчын, узгаданае сёння ў літургіі, становіцца пытаннем да нас.

Ці ўваскрасенне Хрыста з памерлых не з’яўляецца вялікай перамогай над смерцю? Нездарма святы апостал Павел усклікае: «Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?» (1 Кар. 15, 55). Хрыстус перамог смерць. Ці гэта не Добрая Навіна? Як людзі, мы баімся смерці. Мы нават стараемся весці гандаль са смерцю, прымаючы розныя медыцынскія прэпараты, якія, як мы думаем, патрэбны, каб жыць доўга, быць здаровымі і шчаслівымі. Але сёння Хрыстус паказвае нам, што смерць — гэта не тое, чаго мы павінны баяцца, бо гэта не канец. Сённяшняе Евангелле распавядае нам пра пустую магілу, якая паказвае, што нават смерць не мае над намі сваёй сілы, бо Хрыстус перамог у гэтай барацьбе за нас. Для Езуса і для ўсіх Яго вызнаўцаў смерць — гэта толькі пераход у вечнасць.

Гэта праўда, што мы баімся смерці, бо яна азначае цемру. Гэта канец нашай надзеі, старанняў, мараў. Аднак Хрыстус паказвае, што гэта не так. Ён паказвае сябе як святло ў канцы гэтага глыбокага і цёмнага тунэлю. Таму давайце святкаваць гэты дзень! Давайце святкаваць нашае збаўленне! Мы ўжо больш не знаходзімся ў цемры граху, але ў святле Хрыста, якое ніколі не заходзіць...

Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Віншую ўсіх вернікаў-католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята. Віншую таксама і праваслаўных, якія праз тыдзень будуць спяваць радаснае «Алелюя». Пасха Хрыстова — гэта наша супольнае хрысціянскае свята, якое заклікае нас не шукаць жывога сярод памерлых і радавацца перамозе жыцця. Аб’яднаем нашы духоўныя сілы і намаганні ў абароне Божай праўды, якая вядзе да сапраўднага жыцця і шчасця ў Божай ласцы, якога ніхто і нішто не можа нас пазбавіць.

Віншую ўсіх людзей добрай волі. Езус сваёй крыжовай смерцю і слаўным Уваскрасеннем збавіў усіх людзей, і таму наша радасць мае права быць супольнай.

Усім вам жадаю моцы Уваскрослага, Яго ўваскрасаючай з магілы граху ласкі; жадаю радасці, шчасця і надзеі.

Няхай радаснае «Алелюя» гучыць у нашых сэрцах і душах, няхай збаўчая Пасха ідзе па зямлі, няхай закране кожнага чалавека, няхай адорыць яго новым жыццём ва ўваскрослым Хрысце!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! І мы павінны ўваскрэснуць да новага жыцця ў Божай ласцы!

Давяраючы ўсіх вас Марыі — Маці ўваскрослага Пана, свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ,

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Апостальскі Адміністратар

Пінскай дыяцэзіі

Мінск, 25 сакавіка 2012 г.

V Нядзеля Вялікага посту

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter