Ураджайнае поле клопату

У рэгіёнах краіны працягваецца фiнал рэспубліканскай алімпіяды

У рэгіёнах краіны працягваецца заключны этап рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па агульнаадукацыйных прадметах

У паядынках юных інтэлектуалаў змагаюцца за перамогу і шэсць прадстаўнікоў устаноў адукацыі Калінкавіцкага раёна. Яны — адзі­наццацікласніцы сярэдняй школы № 2 і гарадской гімназіі Калінкавічаў Вераніка Краўчанка, Віялета Дземідовіч, вучні дзявятых класаў Хоміцкай і Бабровіцкай школ Наталля Хадзько і Яўген Муха, а таксама таварышы па вучобе Яўгена Сяргей Савіцкі і Дзмітрый Брусніцын з той жа Бабровіцкай СШ — зараз робяць многае, каб атрымаць запаветныя дыпломы на заключным этапе алімпіяды. Амаль перад яе адкрыццём названых хлопчыкаў і дзяўчат, а таксама 13 іх таварышаў па вучобе, пераможцаў абласнога этапу, ушаноўвалі ў Калінкавічах. Сведкай гэтай падзеі стаў карэспандэнт урадавай газеты. Урачыстасць, дзе адораныя дзеці адчувалі сябе, бадай, імяніннікамі, адбылася на базе адной са старэйшых школ райцэнтра, багатай на поспехі і добрыя традыцыі — СШ № 2, што ўпершыню расчыніла дзверы ў далёкім 1936 годзе.

— Вядома, калі браць пад увагу нашы дасягненні ў алімпіядным руху, рэзерваў яшчэ нямала, — дзеліцца думкамі з «Р» начальнік аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама Валянціна Касьянчык. — Але мы выхоўваем у сабе здаровы дух сапер­ніцтва, і сёння ўважліва сочым за дасягненнямі традыцыйных лідэраў у вобласці (па колькасці атрымліваемых на алімпіядах дыпломаў) — школьнікаў Мазырскага, Рэчыцкага, Светлагорскага раёнаў, імкнёмся да такіх жа вынікаў. І, трэба сказаць, за апошні час нямала ў гэтым напрамку ўдалося. Сёння мы можам казаць аб стварэнні ў раёне прадуманай сістэмы працы з адоранымі школьнікамі. Належным чынам запрацавалі міжшкольныя факультатывы, да вядзення іх прыцягнуты настаўнікі вышэйшай катэгорыі. Утвораны намаганнямі спецыялістаў аддзела адукацыі і інфармацыйна-аналітычны цэнтр, дзе канцэнтруецца дэталёвая інфармацыя аб паспяховасці вучняў, выніках цэнтралізаванага тэсціравання, удзеле нашых школьнікаў у алім­піядным руху. Пачынаючы з дзіцячых садкоў, ствараем банк адораных дзяцей раёна...

Па словах Валянціны Віктараўны, усё гэта не магло не адбіцца на дынаміцы: за тры апошнія гады колькасць дыпломаў, атрыманых вучнямі школ раёна на абласных, рэспубліканскіх алімпіядах, павялічылыся амаль у пяць разоў, некалькі выпускнікоў-дыпламантаў, дзякуючы высокім вынікам сваіх алімпіядных выступленняў, залічаны на «профільныя» аддзяленні ВНУ.

Сярод тых школьнікаў, каму ўручаны падзякі аддзела адукацыі райвыканкама, а таксама памятныя сувеніры Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру, былі не толькі лідэры алімпіяднага руху. Гарачымі апладысментамі сустракалі дзеці і дарослыя (а ў школьнай зале, дзе ладзілася дзея, сабраліся таксама настаўнікі юных інтэлектуалаў, іх бацькі) выхад на сцэну прызнанай ужо не толькі на калінкавіцкай зямлі зорачкі Насці Краўчэнi, якая сваім выканаўчым талентам і сімпатычнай непасрэднасцю заваявала прыхільнасць тысяч гледачоў тэлеканала АНТ. Прыз глядацкіх сімпатый праграмы «Я спяваю» Агульнанацыянальнага тэлебачання, заваяваны пяцікласніцай калінкавіцкай СШ № 1 — таму пацверджанне. Дзяўчынка рана страціла сваіх бацькоў, цяпер за маму ў яе бабуля, у былым настаўніца пачатковых класаў Юлія Клемпач. Тым не менш Юлія Іванаўна, нягледзячы на паважаны ўзрост, змагла дастойна падтрымаць і развіць лепшыя задаткі Насці. Дзяўчынка сёння не толькі выдатна вучыцца, але выдатна малюе. Аднак асноўнае захапленне — музыка.

— Пуцёўку на сцэну Палаца Рэспублікі, дзе разгортвалася асноўная інтрыга тэлепраекта «Я спяваю», атрымала пасля перамогі ў абласным конкурсе талентаў «Здравствуй, мир!», — дзеліцца мая юная суразмоўца. — Але наўрад ці мой дэбют на праекце АНТ быў бы удалым, каб не паўсюдная падтрымка блізкіх, высокі прафесіяналізм і вялікая вытрымка майго педагога па музыцы і спевах — Аксаны Цімафееўны Барысенка. Ёй, а таксама вядомым айчынным выканаўцам Герману, Аляксандры і Канстанціну, спявачцы Іскуі Абалян, іншым экспертам, мастацкаму кіраўніку конкурсу Святлане Стацэнка, якія адчувальна падтрымлівалі мяне на працягу праекта, вялікі дзякуй...

«Дзякуй». Гэта слова неаднойчы гучала ў гэты вечар у адрас настаўнікаў і трэнераў раённай каманды, якія закладвалі падмурак поспеху алімпіёнікаў і юных артыстаў, а таксама бацькоў інтэлектуальнай надзеі Калінка­віцкага раёна. Завяршылася ж мерапрыемства на ўзнёсла-лірычнай ноце: мясцовыя гімназісты запрасілі прысутных у літаратурна-тэатральную гасцёўню «Паэт і каханне».

На здымку: загадчыца аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама Валянціна КАСЬЯНЧЫК з узнагароджанымі ўдзельнікамі рэспубліканскай алім­піяды.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter