У жыццёвы ветразь — свежыя ідэі

Бабруйск падвёў вынiкi працы народнай гаспадаркi ў 2011-м

Пад такім дэвізам прайшоў сход народнагаспадарчага актыву горада Бабруйска па вынiках працы за 2011 год

Старшыня гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў даў падрабязную характарыстыку зробленаму за год мінулы. Нягледзячы на складанасці ў фінансавым плане, аб’ёмы вытворчасці прадукцыі павялічыліся больш чым удвая, даведзеныя заданні па экспарце тавараў, энергазберажэнні, знешнеэканамічнай дзейнасці выкананы. Ды і той факт, што сярэднямесячная зарплата — адна з самых высокіх у вобласці, таксама настройвае на аптымістычны лад.

Сярод тых, хто зрабіў найбольшы ўнёсак у агульную скарбонку, — ААТ «Белшына», завод ТДiА, «Бабруйскаграмаш», мясакамбінат, гідролізны завод, «Бабруйсксельмаш», а таксама завод па вытворчасцi алею, фабрыка мастацкіх вырабаў, вытворчая фірма «БАРРО» і іншыя.

Прамысловы патэнцыял у горада на Бярэзіне вялікі, аднак ён можа і павінен даваць яшчэ большую аддачу. Бо толькі 15 прадпрыемстваў з 45 выпускаюць інавацыйную прадукцыю, якая мае попыт на ўнутраным і знешнім рынках. І гэта пры тым, што патэнцыяльныя інвестары — былыя бабруйчане — жывуць у Ізраілі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі, іншых краінах. Яны наведваюцца на малую радзіму, каб пабываць на вуліцах дзяцінства, паправіць здароўе ў мясцовых санаторыях і дамах адпачынку… Многія маюць немалы капітал, які б маглі эфектыўна ўкласці ў мясцовую вытворчасць…

Канешне, аднымі заклікамі тут не абыдзешся, трэба ствараць умовы для інвестараў, зацікаўліваць… Добрым стымулам, па агульным прызнанні, можа быць змяншэнне ўдвая стаўкі зямельнага падатку, непрымяненне павялічанай стаўкі падатку на нерухомасць, якія прыняты гарсаветам дэпутатаў. «Лёд крануўся», і такая палітыка ў адносінах да патэнцыяльных інвестараў можа прынесці плён.

На парадку дня — далейшае нарошчванне экспарту бабруйскай прадукцыі. «Тут трэба кожнаму калектыву, — адзначыў Дзмітрый Бонахаў, — настроіцца на работу з прыцэлам на экспарт. Бо гэта валюта, фінансавыя сродкі і магчымасць развівацца далей».

Гаварылася і аб неабходнасці больш настойліва працаваць над імпартазамяшчэннем сыравінных матэрыялаў, доля якіх вырасла за апошні час і складае 37 працэнтаў ад тых, якія выкарыстоўваюцца. Паказчык перавышае сярэднеабласны ўзровень. Неабходна больш актыўна выкарыстоўваць мясцовыя паліўныя рэсурсы (тыя ж адходы гідролізнага завода — лігнін і іншыя), ствараць вытворчасці на мясцовай сыравіне.

Разам з тым неабходна вырашыць і ўзнаўленне працоўных рэсурсаў. За мінулы год, напрыклад, на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада недалічыліся амаль дзвюх тысяч чалавек. Многія паехалі працаваць у Расію. Як вярнуць «перабежчыкаў»? Праз паве-лічэнне зарплаты, стварэнне належных працоўных і сацыяльных умоў. Праз усё тое, што будзе яднаць чалавека з родным краем.

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці Бабруйскага гарвыканкама, падкрэсліваў Дзмітрый Бонахаў, будзе развіццё і падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, вырасце доля паступленняў ад недзяржаўнага сектара эканомікі — такіх прадпрыемстваў, як «Старая крэпасць», «БАРРО», «Ноеў каўчэг», і іншых. Горад, як мяркуецца, будзе і надалей прырастаць падобнымі вытворчасцямі.

Старшыня гарвыканкама падрабязна спыніўся на дасягненнях у сацыяльнай сферы. Якраз напярэдадні сходу быў урачыста здадзены ў эксплуатацыю дзетсад на 240 месцаў у пятым мікрараёне Бабруйска. Такая ж дашкольная ўстанова, а таксама школа, разлічаная больш чым на тысячу навучэнцаў, узводзяцца ў мікрараёне Заходні. Сёлета будзе завершана рэканструкцыя радзiльнага дома, пачнецца будаўніцтва буйнейшага магазіна плошчай 6 тысяч квадратных метраў на рагу вуліц Мінскай і Арджанікідзе. Як і раней, плануецца актыўна ўзводзіць жыллё, добраўпарадкуецца і стане больш прыгожым сам горад.

Ну а лакаматывам гэтых пазітыўных стваральных працэсаў стане прамысловасць, якая, паводле заключэння прамоўцы, зробіць новы істотны крок наперад па шляху мадэрнізацыі, укаранення найноўшых тэхналогій, інавацыйнага развіцця.

На здымку: старшыня гарвыканкама Дзмiтрый Бонахаў вiтае перадавікоў вытворчасці.

Фота: Аляксандр АНТАШКЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter