Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Мінску стартаваў незвычайны праект, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання

У пошуках Скарыны

Яго ўдзельнікі абяцаюць здзівіць усіх нечаканымі звесткамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю першадрукара.

Падарожную кнігу Скарыны знайшлі ў мінскай кнігарні

“Сёння нам цяжка паверыць, быццам беларускі праект можа змяніць гісторыю не толькі краіны, але і цэлага рэгіёна. 500 год таму полацкі вундэркінд рэалізаваў задуму, якая вызначыла жыццё многіх пакаленняў. Перакладзеная на зразумелую мову і выдадзеная ў жніўні 1517-га ў Празе Біблія паўплывала на палітыку, заканадаўства, стандартызацыю, эканоміку, літаратуру, царкву і жыцці многіх выбітных лю-

дзей”, — гэтыя словы я ўбачыла, калі зайшла на сайт www.500god.by. Пасля прачытала і пра задумы яго стваральнікаў — распавесці пра Беларусь як унікальную краіну, дзе пачатак кнігадруку і з’яўленне перакладу Бібліі супадае з пачаткам Рэфармацыі. Аўтары абяцаюць расказаць, чаму XVI стагоддзе лічыцца Залатым векам Беларусі, а таксама пра культурную спадчыну тых часоў. “Як і Скарына 500 гадоў таму, мы марым, што на Беларусі “дасканалым будзе Божы чалавек, скіраваны на ўсякую добрую справу”, — пішуць удзельнікі праекта.

Пра незвычайную задуму журналістаў, блогераў ды фатографаў пачула я нядаўна па тэлебачанні. Зацікавілася: якім чынам група маладых энтузіястаў збіраецца здзейсніць дастаткова амбіцыйны план. Здавалася б, сёлета, у юбілейны год беларускага кнігадрукавання, столькі выстаў, канферэнцый, круглых сталоў было прысвечана скарынаўскай тэме, мноства цікавых публікацый выйшла на старонках газет і часопісаў, шмат было сюжэтаў па радыё і тэлебачанні. А напярэдадні юбілею, які мы адзначалі 6 жніўня, з друку выйшлі кнігі “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” (“Кніга зменьвае лёсы”, “ГР” № 30 ад 10.08.2017), “Францыск Скарына на мовах народаў свету”, “Францыск Скарына. Чалавек свету” ды іншыя. Лагатыпы з выявай “500 год беларускага кнігадрукавання” — на вітрынах кожнай кнігарні ды кіёска Белсаюздруку.

Аднак стваральнікі праекта #500год, сярод якіх блогеры і журналісты Андрэй Новікаў, Алена Бальцава, Глеб Лабадзенка, Антон Матолька, Эдуард Пальчыс, лічаць: гэтага мала — і крочаць... у народ. Хто заклікае ў сацыяльных сетках зменьваць свае аватаркі на новыя — з выявай Скарыны, хто здымае відэаролікі, у якіх цытаты з Бібліі чытаюць афрыканцы – навучэнцы беларускіх вну.

“У той самы момант, калі вы чытаеце гэты тэкст, наша каманда рупліва складае тэсты і квізы, бярэ інтэрв’ю ў экспертаў, плануе мерапрыемствы, праводзіць здымкі з адметнымі беларусамі, вандруе па краіне ў пошуках цікавостак і нечаканых фактаў”, — упэўнены ўдзельнікі праекта.

Выданні пра Скарыну — на кніжных паліцах

Дарэчы, на сайце www.500god.by ўжо выкладзены вышэйзгаданы відэаролік, ёсць і фотарэпартаж пра тое, як маладыя рупліўцы шукалі ў Мінску “сляды” Скарыны. І такі знайшлі ж!  Удзельнікі праекта абяцаюць і далей напаўняць сайт і адпаведныя старонкі ў сацыяльных сетках унікальным кантэнтам — артыкуламі вядомых у свеце даследчыкаў Скарыны, гісторыкаў, біблеістаў і перакладчыкаў. Увосень моладзь правядзе святочны скарынаўскія квэст — такое моднае сёння гарадское арыентаванне, інтэлектуальную гульню, спартыўныя мерапрыемствы, канцэрт, а таксама арганізуюць фота- і відэапраекты, прысвечаныя Бібліі.

Відаць, такім незвычайным спосабам маладыя людзі вырашылі ліквідаваць прабелы ведаў большасці з нас пра Біблію. А, магчыма, гэта і ўдалы маркетынгавы ход... Хоць сёння, як і 500 гадоў таму, Біблія з’яўляецца той кнігай, якая друкуецца часцей за іншыя. Па накладах яна апярэджвае ўсе іншыя выданні — як мастацкія, так і духоўныя.

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter