Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вершы Якуба Коласа па-беларуску і па-іспанску гучалі ў Міністэрстве замежных спраў Усходняй Рэспублікі Уругвай

Творцы злучаюць кантыненты

Напрыканцы мая ў Монтавідэа, у МЗС Усходняй Рэспублікі Уругвай, адкрылася выстава “Я прыйшоў дзеля Вас” — пра жыццёвы ды творчы шлях беларускага паэта Якуба Коласа. Інфармацыю пра тое даслаў у рэдакцыю Консул Беларусі ў Аргенціне Павел Міронаў. Экспазіцыя прысвячалася як 135-м угодкам Песняра, так і 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю ды Уругваем. 

На выставе былі прадстаўлены вялізныя інфамодулі з фотаздымкамі паэта, звесткамі з яго біяграфіі — на беларускай, рускай, іспанскай мовах. Іх падрыхтавалі ды перадалі ў Монтавідэа з Мінска супрацоўнікі Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Беларусы ж Уругвая дапоўнілі выставу стэндам пра жыццёвы й творчы шлях беларуска-ўругвайскага пісьменніка й перакладчыка Карласа Шэрмана. Нарадзіўся той у Монтавідэа ў сям’і перасяленца з беларускага Пінска, амаль што ў 25-гадовым узросце пераехаў на радзіму бацькі. Аднак ягонае жыццё назаўжды было звязана з двума кантынентамі. З беларускай мовы Карлас перакладаў на іспанскую вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, аповесці ды раманы Васіля Быкава, Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава. Беларускаму ж чытачу ён адкрыў творчасць Нікаласа Гільена, Габрыэля Гарсія Маркеса, Фелікса Радрыгеса, Арманда Гомеса, Габрыэлы Містраль, іншых. А ў 1982 годзе, да 100-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, па-іспанску выйшаў зборнік выбраных твораў пісьменнікаў “Папараць-кветка”. Пераклад іх зрабіў Карлас Шэрман.

Павел Міронаў, Дар’я Ісаковіч, Себасцьян Андраюк 

Пра падрыхтоўку да імпрэзы напісаў нам Ганаровы Консул Беларусі ва Уругваі Себасцьян Андраюк, да якога мы звярнуліся па некаторыя падрабязнасці. Даўні сябар газеты, ён нагадаў: “Гэта ж вы прапанавалі нам год таму правесці творчую вечарыну, прысвечаную Карласу Шэрману. А мы сумясцілі яшчэ дзве нагоды: 135-я ўгодкі Якуба Коласа і 25-годдзе ўсталявання дыпадносін паміж краінамі”. Спадар Себасцьян прызнаўся, што вялікім гонарам для яго быў удзел у гэтай імпрэзе. Прычым у двайным стасусе: у якасці Ганаровага консула Беларусі ды прадстаўніка беларускай дыяспары. Дарэчы, родавыя карані Себасцьяна Андраюка — у вёсцы Баршчова, што ў Камянецкім раёне Брэстчыны (там нарадзіўся яго дзядуля Рыгор Кірылавіч Андраюк). “У сваім выступленні я расказаў прысутным пра выдатнага перакладчыка Карласа Шэрмана, якім могуць ганарыцца як беларусы, так і ўругвайцы, — пісаў нам Себасцьян Андраюк. — Я лічу вельмі сімвалічным, што імпрэза ладзілася ў горадзе, у якім нарадзіўся пісьменнік. Такім чынам мы аддалі даніну павагі як вядомаму беларускаму паэту Якубу Коласу, так і таленавітаму земляку Карласу Шэрману”.

Пра культурныя, спартыўныя, адукацыйныя, эканамічныя сувязі, што злучаюць краіны, гаварылі на адкрыцці выставы й генеральны дырэктар па пытаннях культуры МЗС Уругвая Амар Меса, і Консул Беларусі ў Аргенціне Павел Міронаў. Сярод гасцей былі супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Уругвая, прадстаўнікі беларускай дыяспары, навукоўцы, літаратары, студэнты.

А ў ходзе імпрэзы, што ладзілася на такой далёкай ад Беларусі ўругвайскай зямлі, гучала беларуская мова. Былі прадстаўлены й цікавыя біяграфічныя факты з жыцця аднаго з заснавальнікаў класічнай беларускай літаратуры, відэа з унікальнымі кадрамі з жыцця Якуба Коласа. А вершы яго дэкламаваліся як па беларуску, так і па-іспанску. Вельмі душэўна і пранікнёна выканала песню “Мой родны кут” жонка Паўла Міронава, таленавітая беларуская спявачка Дар’я Ісаковіч.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter