Творчая суладнасць

Былы прамыслоўца Мiкалай Галоўкiн паспяхова рэалiзуе сябе ў новай сферы

Былы прамыслоўца Мiкалай Галоўкiн паспяхова рэалiзуе сябе ў новай сферы, працуючы дырэктарам бабруйскага Палаца мастацтваў

Якiм вы ўяўляеце сённяшняга кiраўнiка культурна-асветнiцкай установы? Напэўна, перш за ўсё чалавекам адкрытым, вытрыманым, тактоўным, якi б прыцягваў i знешне, i ўнутрана...

Такiя характа­рыстыкi лепш за ўсё падыходзяць да дырэктара бабруйскага Палаца мастацтваў Мiкалая Галоў­кiна: ён можа i ветлiва сустрэць, i гаворку падтрымаць, абнадзеiць субясед­нiка. Думаеш мiжволi: «Адкуль гэта ў Мiкалая Аляксандравiча, прыродныя якасцi альбо набытыя?» Мабыць, i тое, i другое. А пачынаў ён на вытворчасцi – спачатку майстрам, затым начальнiкам цэха на Беларускiм шынным камбiнаце. Паспрабаваў Мiкалай Аляксандравiч i грамадскай работы: з’яўляўся намеснiкам старшынi прафкама вытворчага аб’яднання. I, як кажуць, не па чутках ведаў сацыяльную сферу, у якую па тым часе ўваходзiлi некалькi заводскiх iнтэрнатаў, бальнiца, санаторый-прафiлакторый, яшчэ шэраг значных аб’ектаў. I, вядома ж, Палац культуры, ды яшчэ такi адметны, з канцэртнай залай на тысячу месцаў, шматлiкiмi памяшканнямi для гуртковай работы...

А тут аднойчы накiроўваюць яго часова ўзначалiць гэтую ўстанову культуры. Як прыйшоў сюды, так i застаўся. Вось ужо амаль два дзесяткi гадоў ён працуе тут.

«Напэўна, — гаворыць Мiкалай Аляксандравiч, — гэта лёс. Ды я не шкадую, бо ўрос у гэту справу, знiтаваўся з ёй, без чаго цяпер не ўяўляю сябе!»

Усе завадныя iмпульсы iдуць ад дырэктара, ён умее аб’яднаць калектыў, нацэлiць на вырашэнне пастаўленых задач. Аднак аднаму цяжка было б зладзiць са справамi, калi б не столькi паплечнiкаў, адметных прафесiяналаў. Гэта Сяргей Лукашэвiч, якi даволi даўно ўзначальвае народны ансамбль танца «Юнацтва», добра вядомы i ў нашай рэспублiцы, i за яе межамi. Заслужаны работнiк культуры Вiктар Балахаў, нязменны кiраўнiк народнага хору, Ала Яфiменка, кiраўнiк эстраднай студыi «Шына-най». Гэта, калi так выказацца, зоркi культ­установы, а колькi яшчэ працуе тут спецыялiстаў, якiя настой­лiва робяць сваю справу. Без iх удзелу сапраўднае развiццё самадзейнага мастацтва цяжка ўявiць.

Дзякуючы гэтым людзям сёння ў Палацы мастацтваў, якi змянiў сваю назву пасля пераходу пад юрысдыкцыю Бабруйскага гарвыканкама, колькасць клубных фармiраванняў павялiчылася да 35. Яны аб’ядноўваюць у сваiх радах 1250 дарослых i дзяцей. 16 калектываў мастацкай самадзейнасцi, а гэта з’яўляецца адным з самых высокiх паказчыкаў не толькi ў Магiлёўскай вобласцi, але i ў рэспублiцы, носяць званнi народных, узорных i заслужаных.

Пры ўстанове культуры працуюць харэаграфiчныя, вакальныя i харавыя класы, што падтрымлiваецца насельнiцтвам, прыносячы радасць i задавальненне.

Як толькi ў Бабруйску святочныя мерапрыемствы – прад­стаўнiкi Палаца мастацтваў там. Адкрываюць i закрываюць канцэрты. Яны частыя госцi працоўных, вучнёўскiх i iншых калектываў.

«Гэта, — як лiчыць дырэктар, — i прэстыжна, i дапамагае трымаць сябе ў пастаяннай творчай форме. Тым больш хоць мы i самадзейныя артысты, але людзi патрабуюць з нас як з прафесiяналаў».

Тут варта адзначыць, што толькi ў мiнулым годзе творчыя калектывы Палаца мастацтваў тройчы прымалi ўдзел у святочных канцэртах у сталiчным Палацы Рэспублiкi, у Днях культуры нашай рэспублiкi ў Маскве, у творчых паездках па гарадах-пабрацiмах – Нара-Фамiнску, маскоўскiх Сакольнiках. Сёлета бабруйскiя артысты з’ездзiлi ва Украiну, збiраюцца пакарыць сваёй творчасцю Польшчу, Балгарыю i iншыя краiны. Геаграфiя паездак пастаянна пашыраецца. Адным словам, у сапраўднага майстэрства – дальнiя дарогi!

Канешне, такая актыўная дзейнасць патрабуе i немалых сродкаў. Асноўны iх, калi так выказацца, пастаўшчык – заснавальнiк i сама культустанова, дзе паспяхова развiваюць платныя паслугi: правядзенне канцэртных, тэа­тралiзаваных прадстаўленняў, дыскатэк, навучанне ў студыях i гуртках мастацкай сама­дзей­насцi, iншыя накiрункi дзейнасцi. Толькi за мiнулы год ад правядзення ў Палацы выставак i кiрмашоў атрымана звыш 800 мiльёнаў рублёў.

«А ў вынiку стала магчымым, — удакладняе дырэктар, — больш актыўна развiвацца, абнаўляць матэрыяльна-тэхнiчную базу. Набываецца новая мэбля, адрамантаваныя, мiж iншым сваiмi сiламi, фае, шэраг кабiнетаў для правядзення заняткаў самадзейных артыстаў, харэаграфiчны клас, набытыя неабходныя сцэнiчныя касцюмы. Прычым большасць касцюмаў рыхтуюць у сваёй швейнай майстэрнi.

Значную падтрымку Палацу мастацтваў сёння аказвае вытворчае аб’яднанне «Белшына», iншыя арганiзацыi горада. Аднак жа са спонсарамi трэба працаваць, мацаваць кантакты, што якраз i атрымлiваецца ў дырэктара i яго памочнiкаў.

Мiкалай Галоўкiн – значная фiгура ў галiне культуры горада i раёна, з iм лiчацца, iмкнуцца падтрымлiваць трывалыя сувязi. Зрэшты, i сам Мiкалай Аляксандравiч не адмаўляецца ад такiх дзелавых кантактаў.

— А якiя праблемы вам сёння перашкаджаюць працаваць? – спытаў я ў Мiкалая Аляксан­дравiча.

— Праблемы? – перапытаў ён. – Ды яны ў нас самiх: нельга сядзець на месцы, а трэба шукаць новыя формы творчай працы, тады толькi будзе рух наперад.

Аднак я не сказаў вось яшчэ пра што: па вынiках работы за мiнулы год бабруйскi Палац мастацтваў прызнаны лепшым у вобласцi, два папярэднiя гады ён такога ж гонару ўдастоiўся ў сваiм горадзе. Што тут гаварыць, набыла культустанова ход, а яе дырэктар — кiраўнiчы ўзлёт. Няхай жа гэтая суладнасць будзе толькi на карысць справе!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter