Цёплыя вечары ў Свята-Георгiеўскiм храме

6 мая – свята Георгія Пераможцы
Нагадаем яшчэ нядаўнія велічныя падзеі, хоць і адбыліся яны ў канцы мінулага стагоддзя. Калі больш дакладна, то на зыходзе верасня 1998 года нашу краіну наведаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ. Большую частку свайго візіту высокі госць правёў на Віцебшчыне. Якраз тады Яго Свяцейшаства благаславіў адкрыццё ў гора-дзе новага праваслаўнага Свята-Георгіеўскага храма. Аб гэтым зараз сведчыць прымацаваная на яго сцяне мармуровая таблічка з выбітымі на ёй адпаведнымі залатымі літарамі. Храм, як бачым, зусім малады, але ўжо стаў духоўнай лячэбніцай для соцень і тысяч гараджан і вяскоўцаў. Па сведчаннi саміх вернікаў, хаця сцены яго і не “намолены” на працягу стагоддзяў, як у старых цэрквах, але ўсё роўна тут адчуваецца асаб-лівая благадаць, цеплыня і духоўнасць. Здалёк храм нагадвае беласнежнага лебедзя: адчуванне такое, што ён з высокай гары вось-вось разгорне магутныя крылы, каб усім паказаць шлях у неабдымную вечнасць. Кажуць, Віцебску пашанцавала на царкоўных дойлідаў. Незадоўга да развалу вялікай краіны тут пасяліўся айцец Мікалай Каляда. Па савецкай адукацыі ён атрымаў інжынерную падрыхтоўку, але ў самы патрэбны момант у яго выявіўся і адмысловы архітэктурны талент. А работы па адраджэннi культавых пабудоў аказалася непачаты край. Як у самым абласным цэнтры, так і паўсюдна на беларускай поўначы былі ўзарваны і разбураны амаль што ўсе праваслаўныя храмы. Вось і ўзяўся бацюшка Мікалай з малітвай і рэальнай руплівасцю за ўзнаўленне святынь. Першым, як Фенікс з попелу, узняўся Свята-Пакроўскі кафедральны сабор. На яго тэрыторыі размясцілася і рэзідэнцыя правячага архірэя – архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя. Пасля ўзвядзення прыгажуна з залатымі купаламі ў гонар Пакроваў Прасвятой Багародзіцы бацюшка Мікалай Каляда атрымаў благаславенне на новую будоўлю. І вось народнай талакой у шматлюдным гарадскім мікрараёне Поўдзень-7 узняўся беласнежны Свята-Георгіеўскі храм. Настаяцелем у ім прызначылі галоўнага яго будаўніка і рупліўца. Але не толькі богаслужэннямі знакамітая царква ў гонар святога Георгія Пераможцы. Вабяць прыхаджан мудрыя і глыбокія пропаведзі як самога айца Мікалая, так і другіх любімых у народзе святароў. Асабліва важна гэта для пачынаючых. На вялікі жаль і сорам, мала хто разумее сёння духоўны сэнс малітваў і літургій. Са свецкімі мерапрыемствамі гэта непараўнальна. Але і ў рэлігійным жыцці вельмі важна напоўніць яго жывым і цікавым зместам. Вось чаму з такой ахвотай ідуць і едуць згаладалыя па чыстай духоўнай ежы людзі ў Свята-Георгіеўскі храм. Такія “вячоркі” не толькі пазнавальныя, але і разнастайныя. Часам гэта, калі дазволена такое параўнанне, сустрэчы з цікавымі людзьмі – багасловамі, вучонымі, творчай інтэлігенцыяй, якiя не ўяўляюць свайго жыцця без Бога. Іншым разам – жывыя дыялогі з паломнікамі ў святыя манастыры, на гару Афон ці на Святую зямлю, не менш прыемныя мерапрыемствы-сюрпрызы. Пасля заканчэння адной з вячэрніх службаў у храме перад вернікамі выступіла маладая інакіня Еўфрасіння. Многія проста аслупянелі, а потым глыбока задумаліся, як прыгожая свецкая дзяўчына, што бліскуча скончыла мастацка-дызайнерскі факультэт тэхналагічнага універсітэта, выбрала лёсам далёкі ад цывілізацыі Сцяфана-Махрычскі манастыр Аляксандраўскага раёна Уладзімірскай вобласці Расіі. Як? Чаму? Дзеля чаго? Сама манахіня і разважала, і адказвала на няпростыя пытанні. Атрымаўшы шыкоўную свецкую адукацыю, юная гараджанка неяк трапіла ў Полацкі жаночы манастыр. Яе так уразіў лёс заступніцы зямлі беларускай прападобнай Еўфрасінні Полацкай, што дзяўчына вырашыла пайсці па яе шляху. Яна адмовілася ад прэстыжнай кар’еры мастака-дызайнера, асэнсавана пастрыглася ў манахіні пасля адпаведнага шматмесячнага выпрабавання ў якасці паслушніцы. А калі вытрымала суровы іспыт, то змяніла грамадзянскае імя на новае – у гонар знакамітай святой. Госця з Расіі паведаміла, што ў Сцяфана-Махрычскім манастыры пад дахам суладнасці і гармоніі пражываюць каля паўсотні сясцёр. А пачыналі яны толькі ўшасцёх. Большую частку часу праводзяць у пастах і малітвах. Гэтак жа ўвішна шчыруюць на зямліцы і невялікай ферме. Матушка Еўфрасіння прызналася, што нават пчол сваіх у манастыры завялі, і яна, патомная гараджанка, навучылася і кароў даіць, і грады палоць... Пачулі мы і такое прызнанне матушкі Еўфрасінні: — Мы шукаем святыя месцы ў Іерусаліме і не заўважаем, што жывём на сапраўды святой зямлі. Ад пастаяннага тлуму, шматлюднасці і мітусні на радзіме Госпада не адчуваецца такой жыватворнасці, як недзе ў нашай глыбінцы. Бывае, што ў простай драўлянай вясковай царкве душа літаральна ажывае і расцвітае. Можа, я і не тое кажу, то даруй мне, Божа, грэшнай... Ды такое вось склалася асабістае ўражанне ад наведвання святых мясцін... Глыбокі сэнс. Можа, і сапраўды не варта шукаць духоўныя лекі ачышчэння і пакаяння за трыдзевяць зямель у трыдзесятым царстве? Матушка Еўфрасіння пераканана, што больш карысна замольваць грахі на сваёй роднай зямельцы-маці. Ніякія паломніцтвы не ўратуюць нас нават у Іерусаліме, калі не здолеем узвесці духоўны храм ва ўласнай душы. Мы і сапраўды жывём на святой тэрыторыі, якую благаславіла Божая ўгодніца, заступніца ўсёй зямлі беларускай Еўфрасіння Полацкая. Ды і ці адна толькі Еўфрасіння? У кожным горадзе і вёсцы, любым населеным пункце існуе свая святасць, якая наталяецца малітвамі і верай многіх пакаленняў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter