Паскораныя зносіны разам з усімі сваімі выгадамі прыўнеслі ў жыццё сваю манеру

Цяжкасцi машыннага перакладу

На прасторах інтэрнэту блукае жарт «Пост А том, как разрушЕть псЕхЕку ОдЫкватнАВА гамАтнАВА чИлАвека». Але ў гэтай фразе прысутнічае, як гаворыцца, і смех і сум. Бо, сапраўды, ёсць такія людзі, добры настрой якіх з-за дзясятка памылак у адным сказе, няхай і на інтэрнэт-прасторах, будзе сапсаваны. Як, зрэшты, ёсць і тыя, хто не толькі іх не заўважыць, але і палічыць за норму. Гэта зусім не монстры, а мілыя і добрыя людзі. Проста пісьменнасць далёка не моцны іх бок. У чым прычына? Актыўныя зносіны ў сацсетках? Праграмах абмену хуткімі паведамленнямі? Гульнях?


Цяпер ужо цяжка ўявіць, як бы мы жылі без усяго гэтага. У першую чаргу, вядома, без таго патоку інфармацыі, які прапануе нам інтэрнэт. У другую — без мабільных і танных зносін, для якіх ні ручкі, ні паперы не трэба. Гэта раней лісты пісалі, перапісвалі, удасканальваючы кожнае слова, бо чакалі іх тыднямі, а потым неаднаразова перачытвалі. А тут адкрыў электронную пошту, адправіў паведамленне, і праз некалькі хвілін яно дастаўлена адрасату. А потым яшчэ адно. Праз шэраг праграм абмену хуткімі паведамленнямі гэта можна рабіць і ў рэжыме рэальнага часу. І не бяда, што там прапушчаныя літары, коскі, сотня памылак. У пагоні за хуткасцю складана захаваць якасць…

Паскораныя зносіны разам з усімі сваімі выгадамі прыўнеслі ў жыццё сваю манеру. Ці часта вам даводзілася бачыць, каб СМС змяшчала разгорнуты тэкст: «Дарагая Людміла Пятроўна, не трэба садзіцца за руль. Прыходзьце з дачкой да мяне, я завязу вас на сваёй машыне»? Сёння мы пішам вельмі коратка. У выніку такая сцісласць можа ператварыцца ў анекдот: «Прыходзьце пешшу. Паедзем на мне» ці «Валера, адбі мне што-небудзь. Маша». Без доўгіх тлумачэнняў, але, дзеля справядлівасці, варта заўважыць: гэта не толькі нашы рэаліі. Кароткасцю прасякнуты ўвесь англамоўны інтэрнэт: AMA — Ask Me Anything (спытайце мяне аб чым-небудзь), AAM — All About Me (усе пра мяне), 10Q — Thank You (дзякуй), OMG — Oh My God! (о мой божа) і гэтак далей.

Мова камп`ютарных блогаў паступова становіцца неад`емнай часткай слоўнікавага запасу моладзі. «Калі паглядзець мову ў блогах, становіцца страшна, — каментуе доктар філалагічных навук, прафесар, дэкан факультэта рускай філалогіі БДПУ імя М. Танка Васіль Старычонак. — Зразумела, што ў суразмоўцаў часцяком няма часу ды і жадання зазірнуць у слоўнік... У выніку камп`ютарная гаворка стракаціць арфаграфічнымі памылкамі, жарганізмамі — «адпад», «адстой», свядома скажонымі словамі — «афтар жжот», «ржунімагу», «зачот» і г.д. Што адсюль можа пераняць малады чалавек, які праводзіць шмат часу ў інтэрнэце?»

Многія маладыя людзі або не хочуць выбівацца з агульнай масы, прытрымліваючыся моды, або выкарыстоўваюць камп`ютарны слэнг, таму што так прасцей. А яшчэ таму, што іх усё роўна зразумеюць. Цікава, што на іх абарону часам паўстаюць дарослыя і пісьменныя людзі, цытуючы выказванне знакамітага амерыканскага фізіка Фейнмана: «Мне здавалася смешным перажываць з-за таго, правільна ты напісаў што-небудзь ці не, таму што англійскі правапіс — гэта не больш як чалавечая ўмоўнасць, ніяк не звязаная з чымсьці рэальным, з чымсьці, што адносіцца да прыроды. Любое слова можна напісаць па-іншаму, з-за чаго яно не стане горш».

У выніку, як сведчаць даследаванні, многія маладыя людзі моўных памылак у тэксце папросту не бачаць. Напрыклад, каля паловы лічаць дапушчальным сказаць «займае вядучую ролю», 58% згодныя са спалучэннем «аказала шкоду» і больш за 70% дапускаюць ужыванне фразы «народны фальклор». Але ж фальклор і ёсць народная творчасць! Многія (дарэчы, грэшыць гэтым і тэлеэфір) няправільна ўжываюць склонавыя формы назоўніка ў спалучэнні з лічэбнікам: «да двухтысячны пятнаццатага года...». Гэты спіс можна працягваць без канца.

Уласна, што сароміць маладых, калі і старэйшае пакаленне чысцінёй мовы вызначаецца не заўсёды. Вядомы факт, калі ў выступленні аднаго з масцітых акадэмікаў 49 разоў прагучала часціца-паразіт «як бы». Гэтакі як бы даклад як бы спецыяліста. Дарэчы, словы-паразіты — любімая тэма ўсіх лінгвістаў. І калі складаць своеасаблівы рэйтынг, часціцы «як бы» трэба адвесці ганаровае першае месца.

Ці мае права на жыццё лёгкае стаўленне да мовы? Пытанне. А яшчэ, цікава, ці сталі б чытаць артыкул у навуковым часопісе самі навукоўцы, калі б ён быў непісьменным з пункта гледжання мовы? Дарэчы, пра непісьменнасць вельмі дакладна калісьці сказаў расійскі і савецкі мовазнаўца акадэмік АН СССР Леў Шчэрба: «Пісаць непісьменна — значыць замахвацца на час лю-дзей, да якіх мы звяртаемся». Не менш цікавая думка прагучала ад удзельнікаў адной з вельмі папулярных сеткавых гульняў: каб мадэратары блакіравалі непісьменныя паведамленні, паколькі яны абражаюць іншых гульцоў. Але ж да кожнага цэнзара не прыставіш!

Вядома, прычына непісьменнай мовы не толькі ў інтэрнэце. У першую чаргу яна родам з сям`і. Бо калі бацькі кажуць, напрыклад, «лабаЛаторыя», то і дзіця будзе за імі паўтараць. Хто вінаваты? Школа, ВНУ? Ці самі абыякавыя маладыя людзі? А лепшым рэцэптам павышэння пісьменнасці ва ўсе часы, і гэта не сакрэт, была і будзе добрая кніга.

Ёсць даследаванні, якія пацвярджаюць, што інтэрнэт-зносіны ўплываюць на пісьменнасць чалавека, які капіруе памылкі ў рэальным жыцці. Ды што далёка хадзіць, спытайце любога знаёмага студэнта, ці ўплывае мова інтэрнэту на яго пісьменнасць? Апытаныя мной маладыя людзі гэты факт пацвердзілі. І прызналі: праблема ёсць. А адна дзяўчына-студэнтка расказала, што, каб не пераносіць памылкі, якія трапляюцца ў інтэрнэце, у дыктоўкі і сачыненні, стараецца нават на прасторах Сусветнай павуціны пісаць пісьменна. Але ці многа такіх, як яна?

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter