Жюри определилось с тем, кто достоин представлять страну на Евровидении

Трынаццаць — гэта на ўдачу

Чатыры гадзіны спатрэбілася журы, каб вызначыць тых, хто варты змагацца за пу­цёўку на «Еўрабачанне». Спачатку здавалася, што праслухаць 67 прэ­тэндэнтаў нават за адзін дзень немагчыма, але прафесіяналы выка­налі сваю працу хутка і без пылу.


З першай хвіліны не пакідала адчуванне, што цацкацца з артыстамі не збіраюцца. Выступленне некаторых журы перапыняла праз 30—40 секунд і гаварыла: «Дзякуй. Да пабачэння». Так было нават з Алесяй Берулавай, салісткай групы «Мантана», якая некалі гучала з кожнага акна. Памятаеце, «Летают дяди, летают тети на самолете — «Аэрофлоте»? Выступленне яшчэ аднаго вядомага спевака — Германа — даслухалі да канца, але ў фінал усё ж не прапусцілі. За бортам карабля пад назвай «Еўрабачанне» застаўся і Віталь Варанко. Ён прыдумаў сапраўднае шоу з белымі мядзведзямі, але яно не ўразіла журы. Хаця, як падаецца, такі нумар мог бы ўпрыгожыць фінал нашага конкурсу. Але беларусы чамусьці баяцца мець справу з фрыкамі. Іх, дарэчы, у гэты раз на адборы было зусім мала.
Вадзім КАПУСЦІН


Словам, сярод трынаццаці шчасліўчыкаў усе ў годных уборах і добра прычэсаныя. Пералічваць усіх не мае сэнсу, бо некаторыя прозвішчы звычайнаму гледачу мала аб чым скажуць, хаця не выключана, што на конкурс і паедзе зусім незнаёмы шырокай грамадскасці выканальнік. Але ўсё ж вылучым пяцёрку тых, на каго варта звярнуць увагу. У першую чаргу гэта два грамадзяніны Расіі — Уладзіслаў Курасаў і Isaak Nightinale. Пад такім псеўданімам хаваецца Вадзім Капусцін, удзельнік пятага сезона шоу «Голас» і любімчык Дзімы Білана. «Я хачу ўнесці свой уклад і паслужыць Беларусі і яе людзям сваім талентам, які мне даў Гасподзь» — так адказаў Вадзім на маё пытанне, што ён, расіянін, робіць на нацыянальным беларускім адборы. А вось Уладзіслаў Курасаў не такі ўжо і далёкі чалавек ад нашай краіны: ён нарадзіўся ў Брэсце, мае грамадзянства Расіі, а жыве ў Кіеве. Менавіта ва Украіне ён і заваёўвае музычны алімп: удзельнічае ў розных праектах, у тым ліку «Х-Фактар».

Гурт Navi — адзін з нямногіх, хто прадставіў на суд журы песню на беларускай мове. Арцём і Ксенія Лук’яненкі не адыхо­дзяць ад свайго стылю і збіраюцца здзіўляць еўрапейскую публіку менавіта музыкай з нацыянальным каларытам.

А вось Вольга Шыманская, яна ж Napoli, у гэтым годзе, наадварот, некалькі змяніла свой стыль і нарэшце прыйшла на выступленне не ў шыкоўных уборах у падлогу, а ў сучасным сцэнічным касцюме. Песня яе цалкам у еўравізійным фармаце. Вольга ўжо робіць чацвёртую спробу трапіць на гэты міжнародны конкурс, у мінулагоднім нацыянальным адборы яна заняла другое месца. Раім таксама звярнуць увагу на гурт Lermont. Фінал нацыянальнага адбору для гэтых хлопцаў — не столькі шанц паехаць на конкурс у Кіеў, колькі магчымасць звярнуць на сябе ўвагу беларусаў. 

Фінал нацыянальнага адбору пройдзе не пазней за 25 студзеня ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Артыст або гурт, які набярэ найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў, будзе абвешчаны пераможцам праекта і адправіцца на «Еўрабачанне-2017» у Кіеў.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter