Трымайся, «Залатая ліра»!

Журы нацыянальнага адборачнага тура назвала імёны двух спевакоў, якія будуць прадстаўляць Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні ХІІI міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Імі сталі Пётр Ялфімаў з Мінска і Ганна Мушак з Магілёва. Усяго ў адборачным туры прымалі ўдзел 15 маладых спевакоў розных гарадоў краіны. Іх выканальніцкае майстэрства ацэньвала журы на чале з мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаілам Фінбергам, куды ўваходзілі таксама першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, кампазітары Алег Елісеенкаў, Эдуард Зарыцкі, спявак і музыкант Аляксандр Ціхановіч. Абвяшчаючы вынікі, Міхаіл Фінберг адзначыў, што выступленні многіх маладых выканаўцаў парадавалі. Але перш за ўсё журы імкнулася адшукаць у іх новыя тэндэнцыі, якія дазволілі б узняцца беларускай эстраднай песні на новы, больш сучасны ўзровень развіцця. «У песні павінны прысутнічаць знаходка, адкрыццё. Не будзе выніку ў конкурсе, калі мы не будзем адкрываць нешта новае», — заўважыў маэстра.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter