Праверана: каля 90 % прадуктаў у магазіне запакаваныя ў пластык

Трэба Разабраць пакет праблем

Забарона на продаж поліэтыленавых пакетаў дзейнічае ў 40 краінах свету. А іншыя пакуль проста адмаўляюцца ад бясплатнага пластыку — да экапрыхільнікаў афіцыйна далучылася Францыя. Пра такую меру задумваюцца і ў нашай краіне. Карэспандэнт «Р» даведалася, як спажыўцам самім мінімізаваць куплю пластыку ў прадуктовых магазінах.


Натхніўшыся заходняй іні­цыятывай, іду ў адзін з мінскіх універсамаў на Партызанскім праспекце, 19а. І дзіўлюся: ніколі раней не заўважала, што пластык проста запаланіў гандлёвыя паліцы! Разабрацца, прадукты ў якой упакоўцы лепш пакласці ў кошык, мне дапамагае Дар’я Чумакова, кіраўнік праграмы па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў.

«Возьмем малако, — падыходзім да халадзільніка з радамі бутэлек ад розных вытворцаў. — Якое вам спадабалася?» Цягнуся да белай упакоўкі, але эксперт рашэнне не адабрае: «Такая бутэлька не паддаецца перапрацоўцы». Паказвае на аналагічны прадукт у празрыстай тары — вось гэты бяром. З ёгуртам складаней — любімы смак, аказваецца, заліты ў банку з ПВХ-этыкеткай. Такія «панчохі» ёсць ледзь не на кожнай баначцы з ласункам і ўскладняюць перапрацоўку. Але выйсце ёсць: перад тым як пазбавіцца ад упакоўкі, яркую стужку трэба зняць.

Выбар соку таксама выклікаў цяжкасці. Прадавец спрабуе дапамагчы і працягвае, як ёй здаецца, экаўпакоўку з ягадным напоем — з панталыку яе збіў «кардонны» знешні выгляд. У карзіну гэта таксама не патрапіць. «Тэтрапакі пакуль у нашай краіне не перапрацоўваюцца. Бярыце напоі ў шкле», — Дар’я Чумакова тлумачыць выбар так: гэтаму матэрыялу вельмі лёгка падарыць другое жыццё. Да таго ж такую ўпакоўку можна без боязі выкарыстоўваць шмат разоў.

Заводскі хлеб без цэлафанавай абгорткі я не знайшла. У якасці кампрамісу бяру булкі, якія пякуць прама ў магазіне. Яны значна даражэй, але што рабіць? «Часта такую выпечку прапануюць загарнуць у папяровы пакет. Калі ўпакоўка не выпацкаецца, яе можна выкарыстоўваць для другаснай перапрацоўкі», — падказвае эксперт.

Дарэчы, штогод у свеце траціцца 2,7 мільёна тон пластыку пад выраб бутэлек для вады. Лічба ўражвае. Каб паўдзельнічаць у яе зніжэнні, трэба адмовіцца ад аднаразовых ёмістасцей. Суразмоўца раіць: «Можна піць прафільтраваную або кіпячоную ваду. Для гэтага набудзьце шматразовую бутэльку са шкла або бяспечнага пластыку».

Вызначыць, які пластык менш таксічны, можна па трохвугольным знаку з ломанымі стрэлкамі. Усярэдзіне яго шукайце маркіроўку 2, 4, 5. З асцярожнасцю стаўцеся да тары з сёмым нумарам — пад ім хаваецца велізарная колькасць пластмас. Некаторыя з іх могуць утрымліваць небяспечны бісфенол А. Ён выклікае парушэнні рэпрадуктыўных функцый, сардэчна-сасудзістай сістэмы і страўнікава-кішэчнага тракту. Няправільная эксплуатацыя такой тары можа прывесці да негатыўных эфектаў для здароўя.

На пластык, які лепш выка­рыстоўваць толькі адзін раз, нанесеныя лічбы 1 і 6. Дар’я Чумакова дэманструе латок для гародніны і садавіны. «Аднаразовыя ёмістасці, кантэйнеры з полістыролу нельга выкарыстоўваць для гарачых напояў і ежы. Пад уздзеяннем высокай тэмпературы пластык можа выдзяляць стырол — канцэраген, які негатыўна ўплывае на арганізм», — адзначае эксперт, і мы робім апошнія пакупкі.

Бяру качан капусты, бананы, вінаград. На касе прадукты ўзважваюць і адразу прабіваюць. А вось гронкі кішмішу спачатку засоўваюць у пакет. «Дзякуй, не трэба», — пярэчу. «Не хвалюйцеся, гэта бясплатна», — вінаград прадаўжаюць старанна пакаваць. Прыйшлося тлумачыць: сёння я жыву ў стылі эка. На што прадавец здзіўлена падняла бровы: маўляў, дзівакоў зараз хапае.

У свеце вырабляецца каля 4 трыльёнаў поліэтыленавых пакетаў. Чвэрць з іх ідзе ў смецце. Каб унесці свой уклад у выратаванне прыроды, адмаўляюся ад «майкі» — тая на касе каштуе ад 10 капеек. Наўзамен мне ветліва прапануюць шматразовую тэкстыльную сумку за 1 рубель. Падлічваю выгаду: яна можа праслужыць, як мінімум, тры гады. А калі штодня купляць пакеты, за гэты час прыйдзецца аддаць цэлых 108 рублёў. Эканомія ў наяўнасці.

У свеце б’юць трывогу: пластык шкодзіць і чалавеку, і прыро­дзе. У Сан-Францыска, напрыклад, забаранілі посуд з пенапласту, у Расіі больш не называюць пластык матэрыялам, які біяраскладаецца. У Марока забаранілі вырабляць і распаў­сюджваць поліэтыле­навыя пакеты. Іншыя краіны таксама не адстаюць. А што ў нас? Ія Малкіна, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, акцэнтуе ўвагу: «У Францыі прынята адназначнае рашэнне не раздаваць бясплатна пакеты на касах у магазінах, бо гэта негатыўна ўплывае на экалогію. У нас плата за пакеты ўводзіцца, каб абмяжоўваць іх набыццё пакупнікамі. Так адразу дзейнічае ахоўны рэфлекс — я вазьму не дзесяць пакетаў, а ўсё змяшчу ў адзін».

Важным крокам можа стаць і замена поліэтыленавых пакетаў на папяровыя. Аднак гэта фінансава затратна. Такая ўпакоўка будзе каштаваць даражэй, адпаведна, выбар спажыўца будзе не на яе карысць. Таму важна знайсці такі збалансаваны эканамічны інструмент, каб экалагічныя рашэнні ў меншай ступені клаліся на канчатковага спажыўца. Ія Малкіна таксама дадае: «Продаж шматразовых тэкстыльных сумак таксама ў нейкай ступені экалагічнае рашэнне. Мы максімальна да гэтага імкнёмся, плануем укараняць механізмы, якія стымулявалі б пакупніка выбіраць менавіта такія сумкі або пакеты».

Каштоўныя парады


Старайцеся пазбягаць тэрмічнай апрацоўкі пластмас.

Звяртайце ўвагу на маркіроўку пластмасавай прадукцыі, асабліва калі яна будзе выкарыстоўвацца на кухні.

Па магчымасці варта адмаўляцца ад пластыкавага посуду на карысць драўлянага, шклянога, фарфоравага, керамічнага і металічнага.

Многія прадукты можна купіць на вагу, без шкоднай прамысловай упакоўкі.

ypopko@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter