Традыцыi рэалiзма

1 лiпеня ў Мiнску адкрываецца выстаўка «Помнiць зямля беларуская»

Традыцыi рэалiзма нагадае мастацкая выстаўка «Помнiць зямля беларуская»

1 лiпеня 2010 года ў Нацыянальным гiстарычным музеi Рэспублiкi Беларусь адкрываецца мастацкая выстаўка «Помнiць зямля беларуская», прымеркаваная да 65-годдзя Вялiкай Перамогi.

Як паведамiла загадчык iнфармацыйна-выставачным аддзелам музея Веранiка Сасноўская, iнiцыятарамi правядзення выстаўкi выступiлi вядомыя майстры выяўленчага мастацтва, якiя ўваходзяць у аб’яднанне «Традыцыя»: Мiкалай Апiёк, Уладзiмiр Уроднiч, Вiктар Барабанцаў.

Мастакi аб’яднання ў сваёй творчасцi прытрымлiваюцца рэалiстычных традыцый i галоўным сiмвалам развiцця лiчаць наступныя прынцыпы: мастацкая праўда, рэалiстычны метад адлюстравання, сцвярджэнне дабра, выяўленне лепшых чалавечых якасцей беларусаў. Яны з павагай адносяцца да традыцыйнага пласта жывапiсу i iншых плыняў мастацтва, ставяць сваёй задачай працягваць у новых палотнах тэму гераiчнай барацьбы савецкiх воiнаў у гады Вялiкай Айчыннай вайны, а таксама адлюстроўваць жыццё грамадства, якое будуе сёння новую самастойную дзяржаву, стварае сваю культуру i мастацтва на фундаменце, закладзеным нашымi бацькамi.

Разумеючы меру адказнасцi за захаванне традыцыйнага станковага жывапiсу, тэматычнай карцiны, партрэта, пейзажа, выкананых у рэалiстычнай манеры, група мастакоў хацела б звярнуць увагу грамадскасцi, што дадзены вiд творчасцi найбольш блiзкi да асноў нашай духоўнасцi.

Выстаўка прадставiць творы 21 аўтара, выкананыя ў розных жанрах: сюжэтна-тэматычная карцiна, пейзаж, партрэт, нацюрморт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter