Таямнiцы ружовага горада

У Індыі столькі экзотыкі, яна такая багатая, стракатая
У Індыі столькі экзотыкі, яна такая багатая, стракатая, часам нечаканая і неверагодная, што еўрапейцы пры сустрэчы з ёй проста губляюцца. Мы, беларусы, калі прыехалі ў горад Джайпур, былі настолькі зачараваныя і заварожаныя, быццам апынуліся ў цудоўнай казцы. Бо ўбачылі ружовы горад, такога больш у гэтай краіне няма.



Джайпур — сталіца штата Раджастхан. Гэтым краем многія стагоддзі валодалі незалежныя і храбрыя раджупы: у бітвах яны былі на дзіва стойкія, змагаліся з ворагам да апошняга дыхання, а калі надзея на перамогу іх пакідала, учынялі самазабойства. Прычым так рабілі не толькі воіны, але жанчыны і дзеці, каб над імі, жывымі, не здзекваліся ворагі. Яны спальвалі сябе на вогнішчах.

Ганарлівасць і незалежнасць для раджупаў былі вышэй за ўсё, мо гэта і стала прычынай таго, што яны не змаглі дамовіцца паміж сабой, сумясціць свае сілы і магчымасці ў барацьбе супраць агульнага агрэсара. Таму іх уплыў тут паступова слабеў, і раджупы трапілі ў залежнасць перад Вялікімі маголамі.



Раджупы валодалі велізарнымі багаццямі і купаліся ў казачнай раскошы, дазваляючы сабе тое, што толькі маглі пажадаць.

Яшчэ ў нашы часы, да 1947 года, у непадзельным валоданні магутных правіцеляў Раджастхана знаходзілася тут трэць тэрыторыі і чвэрць мясцовага насельніцтва. 565 махараджаў, раджаў і навабаў стварылі той самы легендарны здзіўляючы вобраз Індыі, які захаваўся ва ўяўленні і свядомасці чалавецтва да сённяшняй пары. Шыкоўныя мармуровыя палацы. Тыгры і сланы, неверагодныя каштоўнасці...

Праўда, у пачатку ХХ стагоддзя многія правіцелі зразумелі: прыйшлі новыя часы і неабходна гэта ўлічваць. Яны пачалі будаваць для сваіх падданых грамадскія бальніцы, школы. Некаторыя ж іншыя ўладары па-ранейшаму дазвалялі сабе тое, што прыйдзе ў галаву, нават учынкі, якія ніяк не ўспрымаў чалавечы розум. Скандальна праславіўся нават Джунагдаха. Ён ладзіў вяселле… сваёй любімай сабакі Расханы з лабрадорам Бобі. Быў запрошаны ўвесь вышэйшы свет, уключаючы віцэ-караля. Мерапрыемства абышлося ў 60 тысяч фунтаў, але ж не сваімі рукамі зарабіў гэтую вялізную суму, патрачаную на смешную забаву.



Махатма Гандзі, Джавахарлал Нэру, а таксама індыйскі Нацыянальны кангрэс імкнуліся стварыць дэмакратычную незалежную рэспубліку. Зразумела, яны абсалютна не мелі ніякай патрэбы ў правіцелях-раджупах, якія падтрымлівалі каланіяльны лад. І ў 1947 годзе магутныя яшчэ ў недалёкім мінулым правіцелі вымушаны былі адмовіцца ад тронаў і каронных земляў.

…Ну вось мы і ў ружовым Джайпуры. Яго будаўніцтва непасрэдна звязана з імем махараджы Джай Сінгха Другога, які быў не толькі вялікім ваяром, але і вельмі адораным чалавекам, таленавітым матэматыкам і шырока вядомым у свой час астраномам і астролагам. Менавіта ён пабудаваў у Джайпуры знакамітую абсерваторыю Джан­тар-Мантар, якая добра захавалася да нашых дзён. Гэтая абсерваторыя шырока вядома сваім унікальным сонечным гадзіннікам вышынёй 30 метраў. Ён паказвае мясцовы час з дакладнасцю да дзвюх секунд. Уражвае сваёй задумай арыгінальны прыбор у форме паўшар’я для назірання за зоркамі, спраектаваны самім Джай Сінгхам Другім. Наогул, у Джантар-Мантар цяпер выкарыстоўваюцца тыя самыя прыборы, якія былі ў індыйскіх і арабскіх астраномаў яшчэ ў глыбокай даўніне.

Але ж чаму Джайпур называюць ружовым? Версія сведчыць, што такое імя яму далі ў 1876 годзе, калі адбыўся візіт у Індыю прынца Уэльскага, будучага караля Эдуарда Сёмага. З нагоды такой важнай падзеі махараджа Рам Сінгх, каб найлепш сустрэць важную асобу, загадаў пафарбаваць усе пабудовы на джайпурскіх вуліцах у ружовы колер — традыцыйны колер гасціннасці.



Наконт ружовага Джайпура трэба ўлічваць і такі момант. У горадзе пры будаўніцтве часта выкарыстоўваецца чырвоны пясчанік, які здабываюць у каменяломнях на краю пустыні Тар. Як бы ні было, але ж фасады пабудоў і гарадскія сцены, пафарбаваныя ружовай охрай, надаюць старому Джайпуру сапраўды асаблівы, ні з чым не параўнальны каларыт. Уражанне такое, быццам на гарадскіх шумных вуліцах плыве лёгкі светла-ружовы туман. І зусім інакш, чым у рэальнасці, успрымалася ўсё, што тады мы бачылі ў межах старога горада. Ружовая казка, ружовая ідылія, ружовы свет у старым Джайпуры… Словам, калі дадаць яшчэ крыху сваёй фантазіі, дык відовішча і сапраўды незвычайнае. Уражанне захапляе і зачароўвае. Тут усё дыхае сярэднявеччам, і вялікае жаданне акунуцца ў яго, каб паўней адчуць тую таямнічасць і загадкавасць, якія хутка знікаюць у наш імклівы час.

Некаторыя штрыхі шматгалосага, мітуслівага, стракатага горада — няхай яны памогуць чытачам хоць крыху ўявіць сабе, што гэта за ружовы Джайпур. Спякотны дзень, ад чаго нам млосна, — на схіле. Наш джып ледзьве прабіраецца па запоўненых вуліцах горада, усё ж такі ў ім пражывае каля двух мільёнаў чалавек. Бачым шмат мужчын. Высокія, прыгожыя, у яркіх цюрбанах, яны або крочаць нетаропка, або сядзяць дзе папала, або стаяць збоку вуліцы.

Праехалі невялікую плошчу, тут бойкі гандаль, людзі ідуць, як ім хочацца. То там то сям спакойна ляжаць абыякавыя каровы, пешаходы іх абыходзяць, мы таксама асцярожна аб’язджаем — каровы ж святыя. Паток машын і пешаходаў спыняецца: па ўзбочыне вуліцы ідзе многа школьнікаў, пэўна, вяртаюцца з заняткаў. Асобна, невялічкімі групамі, хлопчыкі і дзяўчынкі, у прыгожай форме, дзе блакітныя, зялёныя, белыя колеры. Чорнагаловыя, бойкія, з выразнымі вачыма дзеці бы жывыя кветкі на вуліцы ружовага горада.



А вось як сустракае Джайпур раніцу. Ужо адчынены маленькі магазінчык, ля якога велічна стаіць вярблюд. Ослік ледзь цягне воз, поўны бананаў. Гэта яшчэ не цэнтр горада, а яго ўскраіна, і вузкая вуліца, па якой мы едзем, бы каменны тунэль. Пасярэдзіне вуліцы паволі перабірае нагамі карова, наш вадзіцель сігналіць, але жывёліна зусім не рэагуе, і аб’ехаць яе тут вельмі няпроста.

Спыняемся. Маленькі хлопчык з вялікім тазам на галаве стаіць побач з нашым джыпам і глядзіць на белых пасажыраў. Прыветліва махаю яму рукой. Хлопчык спачатку разгубіўся ад такой увагі да сябе, затым моцна ўчапіўся за таз адной рукой, а другой махае нам у адказ і ўсміхаецца. Прапоўз аўтобус, бітком набіты пасажырамі, ды яшчэ некалькі хлопцаў прыладзіліся наверсе. Як яны там трымаюцца? Але ж хлопцы весела смяюцца, відаць, прывыклі да такога спосабу паездкі.

У Джайпуры ва ўсёй індыйскай прыгажосці і разнастайнасці прад­стаў­лены гандаль. Цэнтральныя ву­ліцы густа забудаваны магазінамі, на некаторых колькасць усялякіх крам проста неверагодная, яны налеплены адна на другую. Ружовы горад — асноўны цэнтр здабычы і апрацоўкі каштоўных камянёў Індыі. Яшчэ — адзін з важнейшых сусветных цэнтраў вытворчасці ювелірных вырабаў. Тут нават ёсць унікальны, раскошнейшы Палац каштоўнасцей, дзе можна ўбачыць дзівосныя тварэнні чалавечых рук. А яшчэ цэлае мора медных статуэтак, керамікі, мармуравых статуй, вытанчаныя работы з металу, разьба па дрэве — проста немагчыма назваць нават частку самабытнай творчасці мясцовых рамеснікаў. Джайпур славіцца сваімі ўнікальнымі афарбаванымі тканінамі, вядомымі пад назвай “бандхані”. Або дываны з шэрсці і дыванчыкі “дуры” з бавоўны. Некаторыя магазіны прапануюць баваўняныя і шаўковыя тканіны ручной работы. Гэты штат таксама вядомы сваёй асаблівай блакітнай керамікай. Але ў Джайпуры трэба мець вялікае цярпенне, каб прадавец збавіў цану на тавар. Калі ж ты адразу згодны на тую суму, якая названа, — гаспадар магазіна, пасля твайго адыходу, будзе здзіўляцца і гаварыць: маўляў, які незразумелы і непрактычны пакупнік завітаў да яго.

А казачны палац Хава-Махал, сапраўдная жамчужына Джайпура. Яго назва азначае «Палац Вятроў». Уся прасторная тэрыторыя, дзе зна­ходзіцца велізарны палацавы комплекс, цяпер лічыцца музеем і амаль поўнасцю адкрыта для наведвання. Мы тут правялі некалькі гадзін, і многія рэчы, якія ўбачылі, з’яўляюцца адзінымі ў свеце, але ж пра гэта неяк у наступны раз. Яшчэ ў ружовым Джайпуры нам запом­нілася нязносная спякота (плюс 42 гра­дусы ў цяні), якая так даймала, што мы марылі аб адным — хутчэй бы дамоў у Беларусь, у яе цяністыя лясы, да яе блакітных азёр і рэк, дзе так многа прахалоды, дзе ўсё блізкае і зразумелае, бо яно роднае…

Міхаіл ШЫМАНСКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter