Сёння паштальён — i кааператар, i страхавы агент

Iрына  Пятроўская  —  пра  няпрофiльныя  стараннi,  здзельную  аплату  i  зацiкаўленасць  у  падпiсцы

Iрына  Пятроўская    пра  няпрофiльныя  стараннi,  здзельную  аплату  i  зацiкаўленасць  у  падпiсцы,  а  таксама  сямейныя  дынастыi 

Для  Iрыны Пятроўскай (на здымку) сёлетнi год  юбiлейны: дзесяць гадоў таму, пасля таго як атрымала прафесiйную  загартоўку на Ельшчыне, яе запрасiлi на пасаду намеснiка начальнiка Нараўлянскага райвузла паштовай сувязi. Вось ужо восем год  непасрэдна кiруе калектывам нараўлянскiх паштавiкоў. Наколькi паспяхова — сведчаць факты: тры гады назад Нараўлянскi РВПС быў прызнаны адным з лепшых вузлоў паштовай сувязi рэспублiкi, саступiўшы па паказчыках толькi Наваполацкаму. Нядрэнны задзел зроблены i сёлета: за пяць месяцаў  адзiн з асноўных паказчыкаў дзейнасцi — заданне па аб’ёму  тавараабароту — перавыкананы амаль  на 22,7 мiльёна рублёў (122 працэнты да мiнулагодняга). Пра сённяшнiя справы i дасягненнi нараўлянскiх паштавiкоў — наша размова з Iрынай Уладзiмiраўнай. 

— За мiнулае дзесяцiгоддзе  змест i формы нашай работы прыкметна змянiлiся, — прызнаецца яна. —  Не гаворачы ўжо пра гарадскiя аддзяленнi сувязi, усе дзесяць сельскiх  аснашчаны камп’ютэрнай тэхнiкай. З аўтаматызацыяй з’явiлiся новыя магчымасцi для пашырэння спектра паслуг. Атрымалi прапiску  ў раёне i адносна новыя з iх, такiя як электроннае пiсьмо i сучасны варыянт прывычнага тэлеграфа — гiбрыдная пошта. У сельскiх аддзяленнях клiенты таксама атрымлiваюць  доступ у Iнтэрнет, аказваем дылерскiя паслугi па падключэннi да сеткi мабiльнага аператара сувязi Velcom. 

— Наколькi вядома, паслугi  паштавiкоў запатрабаваны не толькi  жы­харамi раёна, але i прад­прыемствамi i арганiзацыямi… 

— Улiчваючы, што сартаванне газет i iншай карэспандэнцыi ў апошнi час ажыццяўляецца ў Калiнкавiчах, мы неяк разважылi: а чаму б не выкарыстоўваць нашы паштовыя аўтамабiлi на гэтым маршруце больш рацыянальна? Як вынiк — сёння па дагаворах з Нараўлянскiм i Мазырскiм камбiнатамi бытавога абслугоўвання ў Мазыры рамантуем  прыняты ад насельнiцтва абутак, перавозiм па iндывiдуальных заказах спадарожныя грузы. На дом сельскiм клiентам з райцэнтра, а пры неабходнасцi з Калiнкавiчаў i Мазыра дастаўляем буйнагабарытныя тавары — мэблю, бытавую  тэхнiку. У мiнулым годзе знайшлi  кропкi ўзаемадзеяння з мясцовым фiлiялам ААБ «Беларусбанк» i заключылi дагавор на дастаўку банкаўскай карпаратыўнай пошты ў мазырскае галаўное аддзяленне банкаўскай установы. Справа аказалася ўзаемавыгаднай. Зараз вя­дзём перамовы на гэту тэму i з фiлiялам «Аграпрамбанка». 

201 паслугу (на 11 мiльёнаў рублёў) па аплаце вяскоўцам за здадзенае з уласных падвор’яў малако аказалi за мiнулы перыяд нашы сельскiя аддзяленнi сувязi сельгас­прадпрыемствам раёна «Уладзiмiраўскi-Галоўчыцы», «Кiраўскае», аграфiрме «Чырвоны баец». 

— Паштальёны сёння ў нейкай ступенi з’яўляюцца для гараджан i вяскоўцаў i кааператарамi, i страхавымi агентамi, i работнiкамi бытсервiсу? 

— Тым не менш iмкнёмся паўней задаволiць розныя запатрабаваннi людзей. Асаблiва ў маланаселеных вёсках. Рэалiзуем людзям насенне, тавары першай неабходнасцi, ажыццяўляем прыём усiх вiдаў плацяжоў, страхуем аўтатранспарт i нерухомую маёмасць. У маi, напрыклад, аказалi 1615 хатнiх паслуг.  Толькi  хлебабулачных вырабаў па заказах дастаўляем на суму каля трох мiльёнаў рублёў у месяц. 

— I ўсё ж,  Iрына Ула­дзiмiраўна,  падпiска на перыёдыку па-ранейшаму займае значнае месца ў аб’ёме аказваемых паслуг i даходаў калектыву па­штавiкоў? 

— Шчыра скажу, мы паступова пераадольваем негатыўную постчарнобыльскую тэндэнцыю, адзначаную рэзкiм падзеннем тыражоў падпiсных выданняў у раёне. Былi таму аб’ектыўныя прычыны, асноўная з якiх — змяншэнне больш як у тры разы колькасцi насельнiцтва.  Зараз у раёне 12 700 жыхароў, агульны ж падпiсны тыраж перыядычных выданняў складае дзевяць з паловай тысяч экземпляраў. Варта адзначыць, што ён на цэлую тысячу перавышае мiнулагоднi ўзровень. Немалаважны i якасны паказчык: танныя выданнi складаюць толькi каля працэнта ў агульным аб’ёме падпiскi. Станоўчую ролю ў павышэннi зацiкаўленасцi паштальёнаў  адыграў перавод iх  на здзельную аплату працы. 

— Як даведаўся, працуюць у сiстэме паштовай сувязi Нараўляншчыны  прадстаўнiкi сямейных дынастый, адна з якiх — Пятроўскiя… 

— Так, мой муж  Аляксандр,  былы афiцэр-«афганец», працуе вадзiцелем паштовага аўтамабiля, а таксама аказвае вялiкую падтрымку ў тэхнiчным абслугоўваннi аўта­транспарту, правядзеннi рамонту будынкаў i ў iншых справах. Да нядаўняга часу працавала аператарам у раённым вузле паштовай сувязi i дачка Кацярына, зараз яна ў дэкрэтным водпуску. Радуемся i за малодшую Марыну — сямiкласнiцу СШ № 3 райцэнтра, выдатнiцу. Сын Дзянiс хоць i не ў паштовай сувязi, але таксама свядома абраў свой шлях у жыццi: пасля заканчэння ВНУ вярнуўся ў Нараўлянскi раён, дзе працуе настаўнiкам бiялогii i хiмii ў Завайцянскай i Буда-Галоўчыцкай школах. Ён — стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта па пад­трымцы таленавiтай моладзi.   

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter