Сёлета спаўняецца 80 гадоў Беларускаму радыё.

Напярэдадні свята гутару з Навумам Гальпяровічам. Ведаю, для яго радыёжурналістыка не толькі паўсядзённая праца, але і крыніца творчага натхнення, без якога ён не ўяўляе сваёй пісьменніцкай дзейнасці.
Напярэдадні свята гутару з Навумам Гальпяровічам. Ведаю, для яго радыёжурналістыка не толькі паўсядзённая праца, але і крыніца творчага натхнення, без якога ён не ўяўляе сваёй пісьменніцкай дзейнасці. «Мне падабаецца слова, якое гучыць». Незадоўга да 80-годдзя Беларускага радыё Навум Гальпяровіч дзеліцца сакрэтамі гэтай прафесіі Сустрэчы з новымі людзьмі, частыя паездкі па краіне, непаўторныя краявіды роднай зямлі, якія даводзілася бачыць, праца над праграмай “Зямля, што нам дадзена лёсам” – усё гэта назапашвала пэўны творчы і жыццёвы матэрыял. Навум Гальпяровіч, галоўны дырэктар замежнага вяшчання радыёстанцыі “Беларусь”, выкарыстоўваў яго не толькі ў сваёй непасрэднай журналісцкай дзейнасці, але і ў стварэнні вершаў і апавяданняў. Такім чынам, быццам два крылы ў птушкі, у жыцці Навума Якаўлевіча праца на радыё ідзе поруч з літаратурнай. І гэта не толькі ніколі не замінала і не замінае адно другому, але і калі перакрыжоўваецца, прыводзiць да выдатных вынікаў. Так, дзякуючы менавіта свайму літаратурнаму вопыту паэт Навум Гальпяровіч ажыццявіў на радыё такія праекты, як “Брама” – праграма пра маладых літаратараў, “Без бар’ераў”, прысвечана ідэалогіі беларускай дзяржавы, “Ад родных ніў і гоманаў бароў” — пра класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янку Купалу. — Навум Якаўлевіч, наколькі я ведаю, вы працавалі грузчыкам на заводзе шкловалакна, потым карэктарам і літаратурным супрацоўнікам у наваполацкай мясцовай газеце, быў у вашым жыцці і вопыт намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”. Як вы апынуліся на радыё? Што гэтаму паспрыяла? — Напэўна, у жыцці кожнага чалавека ёсць рэчы, якія можна назваць фатальнымі. Вось і ў маім жыцці былі такія падзеі. У нашай хаце вісела радыё. Яно не выключалася ніколі. Для маёй бабулі імёны вядомых дыктараў былі імёнамі блізкіх сяброў. Хутка і я стаў слухаць дзіцячыя казкі — “Забалелі ў вавёрачкі зубкі” і многія іншыя. Гэтыя радыёказкі і галасы людзей, якія іх чыталі, я памятаю і сёння. У дзяцінстве я часта адкрываў кніжкі на беларускай мове і гаварыў: “Добры дзень, дарагія сябры. Зараз шаснаццаць гадзін пяць хвілін. Паслухайце, калі ласка, нашу перадачу”... — Мне падаецца, што кожны, хто абраў творчую спецыяльнасць, абавязкова праходзіць праз шмат розных этапаў у жыцці. Яму прыходзіцца пераадольваць нямала выпрабаванняў як чалавеку і творцу, перш чым дасягнуць сваёй мэты, атрымаць прызнанне і ў творчасці, і ў асноўнай прафесійнай дзейнасці. — Сярод журналістаў, якія працуюць у друкаваных СМІ, заўсёды былі крыху паблажлівыя адносіны да радыёжурналістаў. Маўляў, многае залежыць ад тэхнікі і мікрафона, а пісаць для газеты больш складана. І ў мяне было такое ўражанне. Але калі стаў працаваць рэдактарам радыёвяшчання ў наваполацкім аб’яднанні “Палімір”, мой погляд змяніўся. Стала падабацца слова, якое гучыць, якое табой прамоўлена і звернута да людзей. Потым была праца на беларускім радыё. Амаль шаснаццаць гадоў я быў яго ўласным карэспандэнтам на Полаччыне. Менавіта ў гэты перыяд я зразумеў, што нават троххвілінны сюжэт на радыё – гэта невялікі драматычны твор, у якім ёсць завязка, кульмінацыя і развязка. Я ўспамінаю, напрыклад, як прыехаў у вядомы калгас імя Сяльніцкага Полацкага раёна. Яго кіраўнік Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Кімстач сустрэў мяне ветліва. Калі я зайшоў у яго кабінет, то ўбачыў на стале валошкі ў звычайным слоіку. Я запытаўся: “Адкуль яны?” Яўген Іванавіч адказаў, што раніцой калегі прынеслі яму букет з нагоды трыццацігоддзя яго працоўнай дзейнасці. Гэты букет стаў галоўнай дамінантай майго радыёматэрыялу пра Яўгена Іванавіча. Я склаў свой расказ пра Кістача — кіраўніка гаспадаркі — вакол сціплага букета валошак, як мне потым казалі калегі, што нібыта здолеў за тры хвіліны расказаць людзям на ўсю рэспубліку пра жыццё і дзейнасць гэтага цудоўнага чалавека, якога калегі так сардэчна павіншавалі з працоўным юбілеем. — Радыёстанцыя “Беларусь” вяшчае на замежжа. Яна праўдзіва расказвае беларусам, якія жывуць у розных краінах свету, аб падзеях, што адбываюцца на іх радзіме. Напэўна, перад галоўным дырэктарам стаіць даволі складаная задача, як зрабіць гадзіны вяшчання цікавымі і інфармацыўна напоўненымі для слухачоў, якія паспелі ўжо адысці ад тых праблем, што хвалююць нашу краіну. — У той час, калі я прыйшоў на радыёстанцыю “Беларусь”, яна вяшчала на замежжа толькі чатыры гадзіны ў суткі. Літаральна ж праз пару месяцаў вяшчанне павялічылася на гадзіну. А потым у калектыва радыёстанцыі нарадзілася і ідэя новага праекта Інтэрнет-вяшчання на англійскай мове. Хваляванняў у нас было шмат, бо для яго ажыццяўлення патрабаваліся вялікія сродкі. Але кіраўніцтву “Белтэлерадыёкампаніі“ наша задумка спадабалася. Было закуплена новае абсталяванне. І з першага студзеня гэтага года наша радыёстанцыя пачала даваць праграмы ў Інтэрнеце ў рэжыме рэальнага часу пяць гадзін у суткі. А з першага верасня мы ўдвая павялічылі гэты аб’ём. Са з’яўленнем дадатковых гадзін эфіру было створана шмат новых праграм і радыёслухачы за мяжой пачалі атрымліваць больш якаснай і падрабязнай інфармацыі аб нашай краіне. — Праект “Без бар’ераў” быў задуманы і ажыццёўлены менавіта вамі. Зараз другі журналіст вядзе гэту праграму ў прамым эфіры... — З пашырэннем гадзін вяшчання ў наш калектыў прыйшло шмат таленавітай моладзі. Патрабаваліся спецыялісты, якія б не толькі былі высокапрафесійнымі журналістамі, але і добра валодалі замежнымі мовамі. Вольга Калеснік, Анастасія Грышанава, Сяргей Пелюшкевіч, Юлія Радзькова і іншыя маладыя супрацоўнікі ўжо паспелі добра зарэкамендаваць сябе. І калі моладзь, так бы мовіць, наступае на пяткі старэйшым – гэта выдатна. І ў нас тады з’яўляецца жаданне яшчэ лепш працаваць. Ды іншы раз не шкодзіць павучыцца ў маладых. Яны, думаю, вызначаюцца пошукам, творчая актыўнасць іх радуе, ім пад сілу любыя задачы. Сёння на нашай радыёстанцыі працуюць шаснаццаць чалавек. Сталыя журналісты заўсёды з радасцю дапамагаюць маладым спраўляцца з тымі праблемамі, якія ўзнікаюць на першым часе, бо дзеля развіцця і руху наперад мы павінны рыхтаваць сабе годную змену. “Ты пачуеш мяне?” — пытаецца ў адным са сваіх вершаў Навум Гальпяровіч. На што хочацца адказаць, што ён даўно ўжо пачуты мільёнамі слухачоў. Гэта як радыёжурналіст. Шматлікія чытачы ведаюць яго як паэта, аўтара шэрага кніг сапраўднай паэзіі і прозы, сярод якіх – “Брама”, “Струна”, “Голас і рэха”, “Шляхі і вяртанні”. Віншуем вас, Навум Якаўлевіч, увесь калектыў радыёстанцыі “Беларусь” з надыходзячым святам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter