14 кастрычніка краіна адзначыць Дзень маці

Сям’я і дзеці ў прыярытэце

14 кастрычніка краіна адзначыць Дзень маці, а Мінск яго будзе святкаваць ажно цэлы тыдзень — з 8 па 15 кастрычніка. У Міні-стэрстве працы і сацыяльнай абароны ўпэўненыя, што такая маштабная акцыя дапаможа замацаваць сямейныя ўстоі.


Абароне мацярынства ў рэспубліцы надаюць вялікую ўвагу. Пра гэта красамоўна кажа рэйтынг дзяржаў, спрыяльных для нараджэння дзяцей, у якім мы размясціліся на 25-м радку сярод 179 краін свету. Сярод краін СНД мы наогул займаем вядучую пазіцыю. Толькі ў мінулым годзе ў краіне нарадзілася больш за 118 тысяч дзяцей — гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў.

Святочная праграма Тыдня маці ў гэтым годзе як ніколі насычаная: запланавана больш як 100 мерапрыемстваў. Пройдуць не толькі традыцыйныя канцэрты і прыёмы, але і сустрэчы ўсынавіцеляў, выставы-форумы новага фармату. 

Матуль будуць ушаноўваць у працоўных калектывах, урачыстыя прыёмы адбудуцца ў гарадскіх, раённых і абласных выканкамах. У праграме свята — сустрэчы з жанчынамі — ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, віншаванні залатых і сярэбраных юбіляраў, наведванне дамоў састарэлых і аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоў-вання.

Ва ўстановах аховы здароўя правядуць прэс-канферэнцыі і круглыя сталы на тэму павышэння прэстыжу сям’і. Там жа юрысты дадуць бясплатныя прававыя кансультацыі шматдзетным мамам. Спектр тэм, на якія можна задаць пытанне спецыялісту, шырокі: ад сямейна-шлюбных адносін да сацыяльных ільгот і гарантый.

Для матуль са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў, а таксама жанчын, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, арганізуюць дабрачынныя акцыі. Святочная сустрэча ўсынавіцеляў пройдзе на базе Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення ў рамках праекта «Псіхалагічная гасцёўня».

Не менш цікава будзе ў Палацы дзяцей і моладзі. З 14 па 18 кастрычніка тут арганізуюць выставу-форум «Мацярынства і дзяцінства», у якой возьмуць удзел звыш 60 вытворцаў дзіцячага харчавання, адзення і бялізны для цяжарных і кормячых матуль. На выставе будуць працаваць кансультанты Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра, дэфектолагі, лагапеды і псіхолагі. Ключавой падзеяй стане другі фестываль блізнятаў і двайнятак «Шчасце ўдвая».

А 14 кастрычніка пройдзе ўручэнне ордэна Маці ў канцэртнай зале «Верхні горад». У гэтым годзе такой высокай узнагароды ўдастоены 22 мінчанкі, якія выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей. Усяго ўладальнікамі ордэна Маці ўжо сталі 8094 беларускі з розных куткоў краіны, з іх 339 жанчын атрымалі званне ў гэтым годзе.

Іна Аляксандрава

gorbatenko_inna@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter