Ксендз Кирилл Бардонов о том, как проходит традиционное семейное празднование Рождества

Святочныя традыцыі

Ужо хутка католікі, а затым і праваслаўныя вернікі будуць адзначаць свята Раства (Божага нараджэння). Беларускія хрысціяне розных канфесій маюць шмат падобных звычаяў, як адзначаць у сям’і гэта свята. Аднак ёсць і некаторыя асаблівасці, уласцівыя каталіцкаму святкаванню. На іх сёння і хочацца звярнуць увагу.

Католікі ў нашай краіне адзначаюць Божае нараджэнне падобна, як і католікі суседніх дзяржаў. Некаторыя адметнасці святкавання з’яўляюцца выключна лакальнымі, таму нельга думаць, што ўсе католікі ў свеце ў сям’і адзначаюць гэта важнае свята зусім аднолькава.

Агульны для ўсіх атрыбут каляднага перыяду — упрыгожаная ёлка. І вельмі паказальна, што ёлачныя базары ў Беларусі разгортваюцца загадзя, каб ужо да 24 снежня жадаючыя маглі набыць і паставіць дома хвойную прыгажуню: увечары гэтага дня католікі пачынаюць святкаваць Божае нараджэнне.

Дарэчы, кожнае важнае касцёльнае свята пачынаюць адзначаць менавіта вечарам папярэдняга дня. Такі вячэрні «пярэдадзень» называюць лацінскім словам «вігілія», якое перакладаецца як «чуванне, няспанне». У старажытнасці вернікі збіраліся ноччу напярэдадні свята і маліліся, а не ішлі спаць.

Беларускія католікі 24 снежня, як толькі на небе загараецца першая вячэрняя зорка, усёй сям’ёй збіраюцца за сталом. Пасля малітвы ўсе дзеляць паміж сабой аплатку — белы прэсны хлеб, гучаць святочныя пажаданні. Дзяленне аплаткай — лакальная традыцыя сярод католікаў у Беларусі і суседніх краінах. Часам аплаткі перасылаюць па пошце тым, хто жыве далёка, нібыта сімвалічна дзелячыся з блізкімі сваімі пажаданнямі. Перад дзяленнем аплаткай бацька ці хтосьці іншы можа прачытаць урывак з Евангелля з апісаннем абставін нараджэння Хрыста.

Пасля пачынаецца вячэра — куцця (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая ў гэты вечар знаходзіцца на стале). Сярод страў толькі посныя, алкагольныя напоі не спажываюцца. Некаторыя пад абрус, якім засцелены стол, кладуць крыху сена як напамінак пра тое, што Хрыстос нарадзіўся ў складаных абставінах, сярод сельскагаспадарчых жывёл, проста кажучы, у хляве.

За святочным сталом прынята пакідаць адну талерку з прыборамі як знак гатоўнасці прыняць у доме нечаканага госця. Можна заспяваць «калядкі» — песні па матывах свята Раства. Вельмі ўрачыста ў дамах гучыць, напрыклад, такі спеў: «Устань жа, не спазніся прывітаць Дзіцятка [Хрыста], да жыцця прачніся, беларусе-братка…»

Пасля завяршэння святочнай вячэры вернікі ідуць у касцёл на святочную літургію, падтрымліваючы малітвамі між іншым сваіх праваслаўных братоў і сясцёр у іх падрыхтоўцы да Раства.

Можна было прыгадаць і іншыя атрыбуты сямейнага святкавання Раства, аднак яго сімволіка і традыцыі настолькі багатыя, што складана пра ўсё ўзгадаць у адным артыкуле. Самае важнае ў гэтыя дні — памятаць, што Бог як 2 тысячы год таму, так і цяпер ніколі не пакідае чалавека і хоча нарадзіцца ў сэрцы кожнага.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter