Свята на сюрпрызы багата

Беларускія гарады ўжо актыўна рыхтуюцца да зімовых святаў

У Мінску да Новага года з’явіцца яшчэ адна яліна, а ў Брэсце — «сем’і» снегавікоў.

Гарады ўжо актыўна рыхтуюцца да зімовых святаў: вокны магазінаў ззяюць рознакаляровымі агеньчыкамі, а на плошчах з’явіліся металічныя канструкцыі елак. Мы вырашылі даведацца, што асаблівага ва ўпрыгожванні гарадоў чакае беларусаў у гэтым годзе.

Так, цэнтральную частку Мінска аформяць сцягамі, а на Кастрычніцкай плошчы і каля БДПУ імя Максіма Танка з’явяцца аб’ёмныя кампазіцыі з лічбаў 2013.

— У мінулым годзе ля Мінгарвыканкама мы паставілі першую лапчатую елку, — расказвае Сяргей Глухаў, начальнік аддзела дызайну ГП «Мінскрэклама». — Людзям яна спадабалася, таму гэтай зімой да яе дабавім яшчэ дзве гэткія ж яліны. Установім іх каля Палаца спорту і Дома ўрада.

Яшчэ адзін сюрпрыз, які чакае мінчан, — елак у гэтым годзе будзе не 11, як у 2011-м, а дванаццаць. Праўда, дзе дакладна ўсталююць 12-ю прыгажуню, пакуль невядома. Плануецца, што з’явіцца яна ў Партызанскім раёне сталіцы.

А вось у цэнтры і мікрараёнах Брэста на святы завітаюць «сем’і» снегавікоў. Светлавыя канструкцыі маці, бацькі і іх сыночка будуць радаваць жыхароў у халодныя зімовыя вечары.

— Плошча Леніна ў Гродне стане залатой — яе светлавое афармленне будзе зроблена ў жоўтым свячэнні, — гаворыць Канстанцін Казакоў, дызайнер «Гарсвятло» Гродна. — Тут жа мы ўстановім скульптуры аленяў, якія з’яўляюцца сімвалам горада, і дзве скульптуры дрэў, якія будуць свяціцца ў цемры.

Таксама ў абласным парку Жылібера ўсталююць металаканструкцыю ў выглядзе егіпецкай піраміды.

У Гомелі расказваць пра тое, як заззяе горад у час зімовых свят, адмовіліся. Сказалі: гэта сюрпрыз. А вось у Магілёве вырашылі не эксперыментаваць і пакінуць мінулагоднія ўпрыгожванні.

Што ж, зусім крыху, і мы апынемся ў чароўным свеце навагодняй казкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter