Свет далёкай і блізкай зоркі

Ёсць людзі, падобныя на зоркі: чалавека ўжо няма, але яго сэрца, якое гарэла пры жыцці, працягвае выпраменьваць чыстае нязгаснае святло, саграваючы іншых і ўсяляючы надзею. Такім быў наш зямляк з вёскі Старыя Васілішкі Чэслаў Неман (Выджыцкі) — вялікі польскі артыст, вядомы спявак, кампазітар, голас пакалення, якога Бог адарыў незвычайным музычным талентам. Сёлета яму споўнілася б семдзесят. Напярэдадні гэтай даты музыканта ўспаміналі на яго малой радзіме: у Васілішках прайшоў конкурс песні імя Чэслава Немана.

“Ты мяне яшчэ памятаеш...”
...Людскі ручаёк  сцякаўся да Васілішкаўскага цэнтра культуры і адпачынку. Маладыя бацькі з дзеткамі, школьнікі, студэнты і людзі больш сталага ўзросту збіраліся ў новым палацы, дзе паўсюль гучаў унікальны голас Чэслава Немана. Хутка ўсе трыста месц у глядзельнай зале былі заняты, а жадаючыя паслухаць канцэрт усё падыходзілі.
На сцэне — афіша з партрэтам земляка, на экране — слайдшоу з ягоных фатаграфій. Здаецца, усе мы прыйшлі да яго ў госці...
Сярод прысутных — даўняя сяброўка Чэслава Выджыцкага Соф’я Мухляда. Яна можа доўга расказваць пра свайго сябра дзяцінства, яго свавольствах і любові да музыкі, эміграцыі (сям’я Выджыцкіх выехала ў Польшчу ў 1958-м) і наступных візітах у родную вёску, настальгію па малой радзіме і незабыўных сустрэчах у Васілішках. Тут жа выкладчык музыкі са Шчучына Уладзімір Марозаў, якому ў 1976-м пашчасціла слухаць Чэслава Немана на канцэрце ў Гродне. Сёння ён прыехаў у Васілішкі, каб зноў дакрануцца да творчасці куміра.
— Наша зямля багата на таленавітых людзей, — адкрывае мерапрыемства старшыня Васілішкаўскага сельскага савета дэпутатаў Уладзімір Сянюта. — Чэслаў Неман — адзін з іх. Лепшы польскі музыкант XX стагоддзя нарадзіўся і вырас у Старых Васілішках, вучыўся ў Васілішкаўскай школе. Юбілей — цудоўная нагода ўзгадаць яго жыццё і творчасць, атрымаць асалоду ад яго музыкі, расхінуць сэрцы для любові і дабра...
Ідэя арганізацыі конкурсу песні Чэслава Немана належыць менавіта Уладзіміру Уладзі-міравічу. Як чалавек, які добра ведае гісторыю роднага краю і разумее, што духоўныя каштоўнасці — галоўнае, што мы абавязаны перадаць нашчадкам, ён зрабіў усё магчымае, каб конкурс адбыўся. Яго падтрымалі супрацоўнікі Васілішкаўскага цэнтра культуры і адпачынку, аддзел культуры Шчучынскага райвыканкама, раённы аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, ААТ “Васілішкі”. Вялікую дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказаў ксёндз касцёла святога Яна Хрысціцеля Станіслаў Пыцель.
Вядучыя конкурсу выпускнікі мясцовай сярэдняй школы, а зараз студэнты ВНУ Павел Юшкевіч і Вольга Дарафейчык на дзвюх мовах — польскай і беларускай — знаёмілі ўсіх з творчасцю Чэслава Немана. Іх расказ удала дапаўнялі фрагменты дакументальнага фільма “Чэслаў Неман”. Углядаючыся ў знаёмыя рысы земляка, жыхары Васілішак і госці змахвалі слёзы, усміхаліся, апладзіравалі...
На высокай ноце
Чэслаў Неман — адзін з ня-многіх музыкантаў сусветнага маштабу, якія трымалі найвышэйшую выканаўчую планку ва ўсе часы. За яго пласцінкамі даводзілася выстойваць вялізныя чэргі, кожнае яго выступленне выклікала ажыятаж, а голас — шок. Ён спаборнічаў па колькасці залатых дыскаў з “Бітлз” і са сваім творчым дэвізам “Дзіўны гэты свет” не ўпісваўся ў тагачасныя эстрадныя нормы. Сам факт яго існавання быў з’явай, якая непакоіла музычных халтуршчыкаў і вытворцаў музычнага кітча.
Не многім музыкантам з-за “жалезнай заслоны” ўдавалася неаднаразова падымаць залу славутай парыжскай “Алімпіі”, выступаць на адной сцэне з Марлен Дзітрых і Сціві Уандэрам, гастраліраваць у буйнейшых заходніх краінах і (зусім неверагодны факт) пры жыцці выдаць тры альбомы з песнямі на магутнай фірме “CBS” (зараз “Sony”)! Чэслаў Неман адкрыў не толькі палякам, але і ўсяму свету спадчыну славутых польскіх паэтаў. Прайшоўшы шлях ад шлягераў, якія сёння адносяць да стылю лаціна, да складанейшых кампазіцый, ён прымусіў гаварыць пра сябе ўвесь свет.
А таму перапець яго проста немагчыма. Але паспрабаваць па-свойму, з душой выканаць раннія яго творы асмеліліся школьнікі, студэнты, самадзейныя артысты са Шчучына, Васілішак, Старых Васілішак, Галавічполля, Іўя. Канкурсанты па чарзе выходзілі на сцэну і радавалі гледачоў песнямі Чэслава Немана аб простых чалавечых каштоўнасцях, на якіх трымалася, трымаецца і будзе трымацца наша цывілізацыя.
Як заўсёды, на вышыні была вакальная група польскай песні “Адраджэнне” з Васілішак (кіраўнік ансамбля Тэрэса Насута).
Уручаючы ўзнагароды пераможцам і ўдзельнікам конкурсу, старшыня журы — загадчыца аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама Яніна Міроненка — адзначыла, што ўсе яны выдатна справіліся з пастаўленай задачай і прадэманстравалі высокае выканаўчае майстэрства. Першае месца дасталося канкурсантцы са Шчучына студэнтцы Кацярыне Санюкевіч, другое — вучаніцы Васілішкаўскай сярэдняй школы Алене Брыль і трэцяе — Рэнаце Стэльмашок, вучаніцы Галавічпольскай СШ. Спецыяльныя прызы атрымалі ўдзельніцы вакальнай групы “Адраджэнне”.
Незабыўныя хвіліны задавальнення падарыў гасцям конкурсу адзін з членаў прафесіянальнага журы Кшыштаф Садоўскі — джазавы музыкант з сусветным імем, старшыня Польскай джазавай асацыяцыі. Яго віртуозныя імправізацыі на раялі на тэму песень Чэслава Немана былі цудоўныя!
Час — як рака
Не толькі чалавек павінен адчуваць ўдзячнае дачыненне да нейкага кутка зямлі. Справядліва і наадварот: куток зямлі павінен ганарыцца сваім дачыненнем да нараджэння чалавека. У Старых Васілішках лунае ідэя стварэння маёнтка-музея славутага земляка ў доме, які некалі належаў сям’і Выджыцкіх, а конкурс песні ператварыць у традыцыйны штогадовы фестываль.
Увекавечыць памяць Чэслава Немана — не толькі аддаць даніну павагі творчасці нашага земляка з сусветным імем. Маёнтак-музей, без сумнення, стане сапраўднай турыстычнай Мекай для сусветнай музычнай грамадскасці. А ў Васілішкі не грэх запрасіць самых славутых гасцей: за апошнія гады аграгарадок ператварыўся ў сапраўдную “маленькую Швейцарыю”, дзе цудоўна ўжываюцца людзі розных нацыянальнасцей, па-сапраўднаму цэніцца беларуская і польская культура і кожны чалавек адчувае сябе як дома...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter