Сучаснiца Вiтаўта

Нацыянальны гiстарычны музей атрымаў рэдкую манету 14-га стагоддзя

Надзвычай рэдкую манету 14-га стагоддзя атрымаў у дар Нацыянальны гiстарычны музей Беларусi

Калекцыя Нацыянальнага гiстарычнага музея папоўнiлася ўнiкальным экспанатам – надзвычай рэдкай срэбранай манетай Вялiкага княства Лiтоўскага часоў праўлення князя Вiтаўта.

— Мы былi вельмi зацiкаўлены ў яе набыццi, бо гiстарычных артэфактаў 14-га – пачатку 15-га стагоддзяў на тэрыторыi нашай краiны захавалася зусiм мала. Гэтая манета стане адным з самых каштоўных экспанатаў музея, узбагацiць яго нумiзматычную калекцыю, а таксама значна папоўнiць спiс прадметаў i рэчаў, якiя маюць дачыненне да перыяду Вялiкага княства Лiтоўскага. Разам з тым вельмi важна, што гiстарычны рарытэт такога ўзроўню не пакiнуў межы нашай рэспублiкi, не асеў у закрытых прыватных калекцыях, а стаў даступным для азнакамлення i вывучэння, — адзначае дырэктар Нацыянальнага гiстарычнага музея Сяргей Вечар.

Срэбраная манета ручной чаканкi пад назвай пенязь (або дынарый) датуецца 1380—1400 гадамi. На адным яе баку знаходзiцца выкананы па крузе кiрылiцкi надпiс нявызначанага зместу, на другiм – выява льва з раскрытай пашчай.

Сапраўднасць i гiстарычную каштоўнасць манеты пацвердзiла мiжнародная група экспертаў, у склад якой уваходзiлi спецыялiсты Беларусi, Лiтвы i Расii. Дарэчы, у зробленым iмi заключэннi асобна адзначана, што рарытэтная каштоўнасць выдатна захавалася.

Экземпляр быў знойдзены ў вераснi 2009 года недалёка ад Навагрудка i знаходзiўся ў прыватнага ўладальнiка. Да моманта, калi манета была выяўлена, навуковая супольнасць валодала iнфармацыяй толькi пра адзiны iснуючы экземпляр манеты такога тыпу. Ён быў знойдзены ў Вiльнюскiм Нiжнiм замку ў 2001 годзе i зараз знаходзiцца ў Нацыянальным музеi Лiтвы. Узор, якiм цяпер валодае Нацыянальны гiстарычны музей Беларусi, – другi па лiку з вядомых у свеце экземпляраў.

Фiнансавыя клопаты па набыццi ўнiкальнага экспаната ўзяў на сябе «Белзнешэканомбанк», якi ўжо тры гады плённа супрацоўнiчае з Нацыянальным гiстарычным музеем Беларусi. Першым сумесным праектам стала набыццё i вяртанне ў краiну ў 2008 годзе другога з двух вядомых экземпляраў старажытнай карты Вялiкага княства Лiтоўскага, складзенай па распараджэннi Мiкалая Крыштофа Радзiвiла ў канцы 16-га – пачатку 17-га стагоддзя. Летась у дар музею была перададзена калекцыя рэдкiх старадрукаў 17—18-га стагоддзяў.

-----------------------------------

У тэму

Павел Латушка, мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь:

— Важна, што праз падобныя праекты ствараюцца дадатковыя магчымасцi пазнаёмiцца з рэальнай аўтэнтычнай уласнай еўрапейскай гiсторыяй нашай краiны. Падобныя праекты не маглi б быць рэалiзаваны без падтрымкi людзей, якiя разумеюць: культура можа i павiнна развiвацца не толькi з дапамогай дзяржавы, але i з дапамогай прыватных асоб, кампанiй, структур.

Мiнiстэрствам культуры сёння распрацоўваецца праект нарматыўнага акта, якi створыць сiстэму падаткавых iльгот для тых, хто ўкладвае сродкi ў культуру. Таксама працуем над асобным актам, якi, спадзяёмся, створыць сiстэму апякунскiх саветаў пры вядучых установах культуры краiны. Гэты нарматыўны дакумент таксама знаходзiцца ў канчатковай фазе па ўзгадненнi, i iм таксама прадугледжваецца стымуляванне ўкладання прыватных сродкаў у сферу культуры.

-----------------------------------

Фото: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter