37 белорусских ВУЗа присоединились к проекту БГУИР «Мой стиль жизни сегодня — мое здоровье и успех завтра!»

Стыль жыцця — здаровы

Трыццаць сем беларускіх ВНУ далучыліся да праекта БДУІР «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!». З іх 31 установа адукацыі знаходзіцца ў Мінску, па адной — у кожным з рэгіёнаў краіны. Тут, па словах куратара праекта ўрача-валеолага Сняжаны Каўрыга, пройдуць асноўныя тэматычныя заняткі, як гэта было ў БДУІР на старце праекта ва ўжо далёкім 2013-м.


У чарзе за здароўем

Па прызнанні рэктара БДУІР Міхаіла Батуры, калі ўсё пачыналася, складана было ўявіць, што ініцыятыва перарасце ў цэлы рух. І не толькі на ўзроўні ўніверсітэта, але і горада, краіны. «Нам здаецца, мы знайшлі правільную ідэю, — з натхненнем кажа ён. — Дарэчы, за гэты час у праекце ў рамках нашай ВНУ нас падтрымалі і выкладчыкі. Ды што казаць, я і сам для сябе многае запазычыў! Мы лічым, што вучэбная нагрузка ў нашым універсітэце вельмі няпростая. А значыць, студэнтам трэба пры гэтым берагчы здароўе, аптымізаваць усе працэсы, авалодаць адмысловымі ведамі і яшчэ паляпшаць сваё здароўе».

У першую чаргу, кажа Сняжана Каўрыга, у групу рызыкі ўваходзяць першакурснікі: фізіялагічныя і анатамічныя змены ў арганізме, высокія псіхаэмацыянальныя і разумовыя нагрузкі, неабходнасць прыстасоўвацца да новых умоў і многае іншае прыводзяць да зніжэння імунітэту і сур’ёзных медыцынскіх і сацыяльна-псіхалагічных праблем. А значыць, хлопцаў і дзяўчат трэба навучыць асновам здаровага ладу жыцця (ЗЛЖ).

Уражальнымі былі вынікі нават пер­шай акцыі, якая прайшла ў БДУІР. Мно­гія з тых, хто тады ў рамках праекта атрым­ліваў бясплатнае гарачае хар­чаванне ва ўніверсітэце, за год сур’ёзна змяніліся: тыя, хто меў залішнюю або недастатковую масу цела, прыйшлі ў норму. «Вынікам апошняга праекта стаў рэкорд — мінус 22 кіла­грамы ў адной са студэнтак БДУІР і плюс 6 кіло ў студэнта гэтай жа ВНУ, у якога быў недахоп масы цела, — кажа Сняжана Каўрыга. — У МДЛУ за месяц кансультавання ў сярэднім — мінус 4 кіло ў хлопцаў і дзяўчат з залішняй масай цела і плюс 1,5—2 кіло — з недастатковай».

У гэтым навучальным годзе ў БДУІР пайшлі далей. У прыватнасці, тут у дапамогу студэнтам з’явяцца электронныя дзённікі, а лекцыі пачнуць чытаць спецыяльна падрыхтаваныя студэнты-валанцёры. Дарэчы, самі тыя, на каго ўскладзена такая праца, падыходзяць да яе з поўнай адказнасцю, кажа валанцёр ЗЛЖ Марыя Марчук. «Мы атрымалі пасведчанні валанцёраў праекта па здаровым ладзе жыцця, — кажа яна. — Для мяне, як і для маіх калег, гэта мае вельмі вялікае значэнне». Дарэчы, заняткі па ЗЛЖ у гэтай ВНУ пачынаюцца ўжо на бягучым тыдні.

Наступны этап, кажуць каардынатары праекта, — ахапіць тэмай здароўя не толькі ВНУ, але і школы, і каледжы. Бо чым раней асвоіш асновы здароўя, тым лепей будзе вынік. «Вельмі важна памятаць пра тое, — падкрэслівае намеснік міністра аховы здароўя Наталля Жукава, — што сон, харчаванне і рух — асноўныя фактары, якія фарміруюць здароўе». Дарэчы, за чатыры гады ўдзельнікамі праекта стала больш за 14 000 чалавек.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter