Стамбульскi сшытак Вiктара Камянкова

Што найбольш хвалюе суддзяў у розных краiнах свету?

Што найбольш хвалюе суддзяў у розных краiнах свету? Пра гэта — нататкi з самiту суддзяў у Стамбуле

Нядаўна старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Беларусi доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст краiны i старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускi саюз юрыстаў» Вiктар Камянкоў вярнуўся з мiжнароднага самiту кiраўнiкоў i суддзяў вярхоўных i вышэйшых судоў, якi праходзiў у Стамбуле. Мы амаль адразу пацiкавiлiся яго ўражаннямi, назiраннямi i думкамi. Вось што распавёў нам яго стамбульскi сшытак.

Беларусы ўдзельнiчалi ў стамбульскiм самiце па запрашэннi прэзiдэнта Касацыйнага суда Турэцкай Рэспублiкi спадара Х. Герчэкера. Мерапрыемства ладзiлася пад патранатам ААН. Таму ў iм прымалi ўдзел i шэраг прадстаўнiкоў ААН, як, напрыклад, спецыяльны дакладчык Генеральнага сакратара ААН па пытаннях незалежнасцi суддзяў i адвакатаў спадарыня Г. Кнаул, пастаянны прад­стаўнiк Праграмы развiцця ААН у Турцыi спадар Ш. Наджама, вiцэ-прэзiдэнт Кансультатыўнага савета еўрапейскiх суддзяў спадар Г. Рэйснер i iншыя. Суддзямi былi прадстаўлены яшчэ 17 краiн свету.

Высокаму ўзроўню прадстаўнiцтва адпавядала i тэматыка разгледжаных пытанняў, якiя хвалююць суддзяў Еўропы, Амерыкi, Азii, Афрыкi, Iнданезii. Размова вялася па прынцыпу абмену вопытам.

Гаварылi, зразумела, аб набалелым, хвалюючым. Прэзiдэнт Вярхоўнага суда ФРГ прафесар, доктар Клаус Толксдорф, напрыклад, пазнаёмiў з арганiзацыяй юрыдычнай падрыхтоўкi будучых судовых супрацоўнiкаў на ўнiверсiтэцкiм узроўнi ў Германii, з тым, як там павышаюць квалiфiкацыю суддзяў. Кiраўнiк 4-й палаты Вярхоўнага суда Iспанii спадар Г. Малiнэр асвяцiў парадак адбору кандыдатаў на пасады суддзяў. Там, аказваецца, кантралюецца i гендэрнае прадстаўнiцтва. Калi раней, пры рэжыме Франка, жанчын наогул не было сярод суддзяў Iспанii, то цяпер яны складаюць да 60 працэнтаў ад агульнай колькасцi.

Былы старшыня Вярхоўнага суда Швецыi, а зараз старшыня Савета па заканадаўстве спадар Свенсан падзялiўся вопытам хуткага i справядлiвага разгляду спраў у судах вышэйшых iнстанцый з дапамогай... вiдэаканферэнцый. Там бакi, якiя знаходзяцца на далёкiх адлегласцях ад суда i памiж сабой, карыстаюцца гэтым спосабам, каб зменшыць асабiстыя судовыя выдаткi.

Спадарыня прафесар Г. Грыс, прэзiдэнт Вярхоўнага суда Аўстрыi, падрабязна расказала аб альтэрнатыўных спосабах разглядання спрэчак (медыацыi) i прычынах, якiя падахвочваюць бакi звяртацца да яе. У Аўстрыi лiчаць, што гэта самы хуткi i найменш затратны парадак не толькi разгляду спрэчак, але i дасягнення мiру памiж спрачаючымiся.

Кiраўнiк 1-га аддзялення па крымiнальных справах Вярхоўнага суда Iталii спадар А. Грацi гаварыў аб размеркаваннi спраў памiж суддзямi, дысцыплiнарнай адказнасцi i парадку звальнення суддзяў з пасады — гэты працэс абавязкова павiнен быць адкрытым i галосным.

Лорд Мэйнс, суддзя Вярхоўнага суда Вялiкабрытанii, закрануў тэму гарантый для суддзяў. Суддзi верхнiх эшалонаў павiнны прызначацца на фiксаваныя тэрмiны, якiя гарантуюць iх незалежнасць. Па яго меркаваннi, не павiнна быць кароткiх тэрмiнаў назначэння суддзяў, бо гэта ўплывае на iх незалежнасць. Спадар Д. Л. Мюрэй, старшыня Вярхоўнага суда Iрландыi, звярнуў увагу ўдзельнiкаў самiту на тое, што суддзi павiнны мець iмунiтэт у адносiнах да дзеянняў, якiя яны здзейснiлi ў сваёй афiцыйнай якасцi. Ён заўважыў, што недатыкальнасць суддзяў павiнна распаўсюджвацца на iх толькi на перыяд выканання судзейскiх абавязкаў i павiнна мець пэўныя межы.

Доктар С. Сiам, прэзi­дэнт Касацыйнага суда Егiпта i прэзiдэнт Вышэйшага савета суддзяў Егiпта, таксама асвятляў гэтыя пытаннi i распавядаў пра гiста­рычны момант, калi суддзi Егiпта ў 1969 го­дзе, акрамя разгляду спрэчак i спраў, займалiся яшчэ i палiтыкай. Гэта было «забойствам» правасуддзя. Ён таксама заўважыў, што толькi Вышэйшы савет суддзяў мае права даць дазвол на адхiленне ад пасады суддзi i яго арышт.

Спадар Д.Корстэнс, прэзiдэнт Вярхоўнага суда Нiдэрландаў, падняў цiкавыя пытан­нi пра даступнасць грамадскасцi i сродкаў масавай iнфар­мацыi да судаводства. Ён расказаў, што на сайце Вярхоўнага суда абавязкова публiкуюцца знакавыя судовыя пастановы, яны з’яўляюцца даступнымi для акадэмiчнага i грамадскага даследавання. А таксама iнтэрв’ю i навiны пра iх. Адказнымi за гэта прызначаюцца канкрэтныя суддзi. Як правiла, iнфармацыя ў сетцы Iнтэрнэт з’яўляецца праз 30 хвiлiн пасля прыняцця рашэння.

...Спадар Ш. На­джама, пастаянны прадстаўнiк Праграмы развiцця ААН у Турэцкай Рэспублiцы, пры закрыццi самiту падкрэслiў, што гэта быў найбольш эфектыўны i рэзультатыўны самiт па пытаннях арганiзацыi працы судоў, якi яму вядомы. Ён прапанаваў азнаёмiць з вынiкамi ўсiх, хто цiкавiцца судовымi пытаннямi. З iм пагадзiлiся ўсе ўдзельнiкi мера­прыемства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter