Стаўка на якасць

Вышэйшая школа развіваецца ў цеснай звязцы з эканомікай

Вышэйшая школа Беларусі развіваецца ў цеснай звязцы з нацыянальнай эканомікай

«Гэта не проста сустрэча рэктараў еўразійскіх універсітэтаў. Думаецца, гэта ўнікальная магчымасць у рамках форуму СНД спыніцца і паразважаць пра тое, што мы можам зрабіць разам, каб нашы вышэйшыя школы развіваліся больш інтэнсіўна, каб надзеі, якія ўскладала моладзь на нашы ўніверсітэты, апраўдваліся», — адзначыў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч на пасяджэнні Савета Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў (ЕАУ) , які прайшоў у рамках VIII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі краін СНД.

Сяргей Маскевіч высока ацаніў сумесныя стратэгіі, ініцыятывы і праекты, якія рэалізуюцца ў сферы вышэйшай адукацыі. Паводле яго слоў, сёння вельмі важна мець пастаянна дзеючыя мерапрыемствы, пляцоўкі, форумы, у рамках якіх маглі б узаемадзейнічаць навукоўцы, адміністратары, а самае галоўнае, моладзь.

Кіраўнік ведамства выказаў перакананасць, што сёння для ВНУ як Беларусі, так і іншых дзяржаў найважнейшай задачай застаецца павышэнне якасці адукацыі. «Пры гэтым вельмі важна, трансфармуючы сістэму вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі, не страціць нашы моцныя бакі», — сказаў ён.

Акрамя таго, міністр падкрэсліў: беларуская сістэма вышэйшай адукацыі развіваецца ў цеснай звязцы з эканомікай. «Кіраўнік дзяржавы ўвесь час ставіць пытанне запатрабаванасці спецыялістаў на рынку працы, актуальнасці тых ці іншых спецыяльнасцей для эканомікі дзяржавы, у тым ліку заўтрашняга дня. Таму ўніверсітэты Беларусі перш за ўсё працуюць на нацыянальную эканоміку», — адзначыў Сяргей Маскевіч.

Нагадаем, што ЕАУ аб’ядноўвае 128 ВНУ. Гэта нацыянальныя ўніверсітэты ўсіх краін СНД , вядучыя рэгіянальныя ўніверсітэты і вышэйшыя навучальныя ўстановы краін еўразійскай прасторы. У тым ліку Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменіі, Узбекістана і Украіны. Створана арганізацыя 24 гады таму назад па ініцыятыве МДУ імя М.В. Ламаносава як Асацыяцыя ўніверсітэтаў СССР , а ў 1992 годзе ператворана ў Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter