Спачатку было Слова

Старажытны Быхаў адсвяткаваў Дзень беларускага пісьменства

Старажытны Быхаў у мінулыя выхадныя стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства

Невядомы аўтар знакамітага Баркулабаўскага летапісу, напэўна, і думаць не мог аб тым, што яго твор праз стагоддзі будзе ўвекавечаны ў скульптуры. Што пасеянае ім звыш чатырохсот гадоў таму зярнятка ведаў аб жыцці простых людзей атрымае новае гучанне, стане сімвалам беларускай культуры і гісторыі, прадметам гонару нашчадкаў. Помнік у выглядзе разгорнутай кнігі, які быў адкрыты ў Быхаве ў час свята, адразу стаў папулярным сярод мясцовых жыхароў і гасцей горада.

Ведаць духоўныя карані

Сталіца юбілейнага — дваццатага па ліку — Дня беларускага пісьменства атрымала і шмат іншых цудоўных падарункаў. У тым ліку — стадыён, дзе «прапісаліся» галоўная святочная сцэна і зала, якая сабрала дзве з паловай тысячы гледачоў.

 

— Быхаўскі край даў беларускай зямлі нямала таленавітых людзей —пісьменнікаў, асветнікаў, вучоных. У гэтых мясцінах напісаны і знакаміты Баркулабаўскі летапіс, які мае вялікую каштоўнасць для ўсяго нашага народа. Сёння кніга ў Беларусі таксама застаецца асноўнай крыніцай ведаў, сродкам развіцця і выхавання, — зазначыў на цырымоніі адкрыцця намеснік прэм’ер-міністра краіны Анатоль Тозік. — Лічбы гавораць самі за сябе: у мінулым годзе ў Беларусі было выдадзена 11 тысяч найменняў кніг, якія выйшлі тыражом у 33 мільёны.

А першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў перадаў прысутным віншаванне кіраўніка беларускай дзяржавы, у якім Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў сімвалічнасць супадзення свята з Днём ведаў. «Для беларусаў слова, веды, духоўныя каштоўнасці заўсёды былі асновай дзяржаўнага развіцця, апорай у пераадоленні цяжкасцей і перашкод, — нагадваецца ў прывітанні. — Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода для кожнага з нас успомніць шматвяковыя нацыянальныя традыцыі, асэнсаваць іх месца ў сучаснасці. Беларусь ведае свае духоўныя карані, зберагае дасягненні мінулых пакаленняў і на гэтым грунтоўным падмурку ўпэўнена крочыць у будучыню».

 

— Тое, што мы шануем і захоў¬ваем матчыну мову, дазваляе нам з надзеяй ажыццяўляць самыя смелыя мары, надалей славіць родны край добрым словам і добрай справай, — падкрэсліў у сваім выступленні і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік.

На цэнтральнай сцэне адбылося ўзнагароджванне пісьменнікаў — пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор. Перад гледачамі выступілі аркестр народных інструментаў імя Леаніда Іванова, артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, адбыліся канцэрты гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства.

Памяці земляка

На падрыхтоўку Быхава да свята, якое мае высокі статус дзяржаўнага, было выдаткавана каля 200 мільярдаў рублёў. За гэтыя грошы адрамантавана і рэканструявана 130 будынкаў. Адзін з іх — кінатэатр «Радзіма» — не толькі змяніўся знешне, але і атрымаў сучаснае абсталяванне, якое дазваляе глядзець фільмы ў фармаце 3D. Разам з першымі гледачамі ва ўтульнай зале, разлічанай на 96 месцаў, пабывалі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, першы замміністра інфармацыі рэспублікі Лілія Ананіч, іншыя афіцыйныя асобы. Адноўлены кінатэатр, упэўнены ўлады, пуставаць не будзе: як паказаў вопыт Горак, дзе 3D-зал з’явіўся год таму, колькасць гледачоў павялічылася ў разы!

 

Пасля капітальнага рамонту адчыніў свае дзверы і раённы цэнтр культуры. Тут абнавілі фасад, дах, замянілі сістэму ацяплення. Новы выгляд атрымалі актавая зала і сцэна. Мэбля, абсталяванне таксама адпавядаюць усім сучасным патрабаванням. А на сцяне будынка з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар знакамітага земляка, заснавальніка тэорыі сучаснай айчыннай журналістыкі заслужанага дзеяча культуры Беларусі Барыса Стральцова. «Ён выхаваў не адно пакаленне прафесійных журналістаў. Сёння разам са мной словы падзякі кажуць усе яго 6 тысяч выпускнікоў», — адзначыў загадчык кафедры сацыялогіі журналістыкі Інстытута журналістыкі Васіль Вараб’ёў. Унучка Барыса Стральцова, супрацоўнік выдавецкага цэнтра «Славянскае слова» Ірына Лапікава прызналася: ёй вельмі прыемна, што на малой радзіме любяць і памятаюць яе дзеда. Дзяўчына таксама вучылася ў яго — прытым не толькі ва ўніверсітэце, але і ў жыцці. І гэтыя ўрокі мудрасці і гумару былі аднымі з самых цікавых і захапляючых.

Адноўлены цэнтр культуры пуставаў нядоўга: тут адбылася навукова-практычная канферэнцыя, у час якой была презентавана кніга «Баркулабаўскі летапіс», прайшло ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу юных чытальнікаў Быхаўскага раёна. А сучасная канферэнц-зала прыняла ўдзельнікаў міжнароднага круглага стала «Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны». На гэтай сустрэчы калег і сяброў быў прадстаўлены выдавецкі праект «Сугучча сэрцаў» — некалькі тамоў літаратурна-мастацкіх твораў айчынных аўтараў і пісьменнікаў бліжняга замежжа, выпуск якіх прымеркаваны да старшынства Беларусі ў СНД.

 

Для будучых пакаленняў

Незабыўным свята роднай мовы і пісьменства стала і для маленькіх быхаўчан — вучняў гарадской СШ № 1. Улады рэспублікі, вобласці, раёна прыйшлі, каб павіншаваць школьнікаў з пачаткам навучальнага года. І не з пустымі рукамі: яны падарылі школе абсталяванне для класаў хіміі і фізікі, закупілі сучасныя камп’ютары, новую мэблю, тэхніку для сталовай, спартыўны інвентар.

— Добрыя ўмовы для вучобы створаны, — зазначыў Анатоль Тозік. — Ад таго, як вы будзеце вучыцца, выкарыстоўваць веды, залежыць і ваша будучае, і будучае Беларусі. А нашай краіне адукаваныя, працавітыя людзі вельмі патрэбны!

Дзецям і дарослым будзе дзе заняцца і спортам. У Дзень беларускага пісьменства ў Быхаве далі старт першаму заплыву ў басейне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра па вуліцы Грышына, а майстар-клас для дзяцей правяла лідар зборнай Беларусі па плаванні Аляксандра Герасіменя. Гэты басейн чакаў свайго аднаўлення амаль дваццаць гадоў. Старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Калееў спадзяецца, што ён стане цудоўным месцам для сямейнага адпачынку. У бліжэйшай перспектыве ў цэнтры плануецца зрабіць пляцоўку для гульні ў хакей, абсталяваць корт. Дарэчы, напярэдадні свята ў райцэнтры ў рамках рэспубліканскага праекта «Родная старонка — дзецям» адкрылі яшчэ і футбольную міні-пляцоўку са штучным пакрыццём.

 

— Спадзяёмся, што тое, што было зроблена ў Быхаве пры падрыхтоўцы да свята, стане імпульсам да паскоранага развіцця ўсяго раёна, — выказаў надзею Пётр Руднік. — Работы тут не заканчваюцца: у хуткім часе плануем здаць у эксплуатацыю індустрыяльны комплекс па вырошчванні фарэлі на 300 тон. Будзе працягвацца аднаўленне Быхаўскага замка, старадаўняй сінагогі, добраўпарадкаванне вуліц і двароў.

Алея дружбы

На Дні беларускага пісьменства, які ў Быхаве праходзіў не толькі ў суботу, але і ў нядзелю, асноўнай гераіняй, зразумела, была кніга. І ў класічным разуменні гэтага слова: на фестывалі кнігі і прэсы можна было ўбачыць навінкі беларускага друку, праекты Саюзнай дзяржавы, а таксама маладзёжныя і выдавецкія. Кніга стала галоўным элементам у афармленні «Горада майстроў», гандлёвых радоў, роспісу будынкаў Быхава. А кааператары Магілёўшчыны частавалі гасцей свята тартамі, пірагамі і пірожнымі ў выглядзе тамоў. Хаця такія кнігі і не вечныя, затое асалода якая!

 

Вясёлы кірмаш раскінуўся на два кіламетры — уздоўж пасвяжэлай, папрыгажэлай вуліцы Леніна. А ў цэлым у горадзе працавалі дваццаць гандлёва-забаўляльных пляцовак, у кожнай з якіх — свая тэматыка. Напрыклад, каля Быхаўскага замка і старажытнай сінагогі можна было назіраць рыцарскія баі, убачыць выступленне яўрэйскага тэатра «Шалом». Жадаючыя паслухаць царкоўныя хрысціянскія песнапенні, набыць праваслаўную літаратуру збіраліся непадалёк ад Траецкай царквы. На вуліцах і плошчах Быхава разгарнуліся «карцінныя галерэі», міні-выставы навучальных устаноў Магілёўшчыны, музеяў. Тут спявалі бардаўскія песні і спрабавалі свае сілы ў розных конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. А ў час паказальных выступленняў парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба майстар спорту міжнароднага класа Павел Навіцкі зрабіў скачок з парашутам з самалёта Ан-2 і разгарнуў над Быхавам дзяржаўны сцяг. Прызямліўся смяльчак пад бурныя апладысменты гледачоў. Дарэчы, палотнішча зрабілі з тканіны магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»: на гэта пайшло 450 метраў матэрыялу.

Дэлегацыі ўсіх 17 гарадоў, якія раней прымалі свята, пасадзілі ў Быхаве бярозавую алею. У парку 50-годдзя Перамогі таксама з’явіліся прыгожыя лаўкі з сімволікай сталіц айчыннай мовы, культуры, гісторыі. А на ўрачыстай цырымоніі закрыцця эстафета правядзення Дня беларускага пісьменства была перададзена Заслаў’ю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter