Наша краіна далучылася да руху WorldSkills International толькі ў мінулым годзе

Спаборнiцтвы для таленавiтых

Прадстаўнікі нашай каманды на сусветным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills International абавязкова зоймуць некалькі прызавых месцаў, лічыць міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Зараз наша каманда вядзе актыўную падрыхтоўку да мерапрыемства, якое адбудзецца 11—16 жніўня ў бразільскім Сан-Паўлу.



Наша краіна далучылася да руху WorldSkills International толькі ў мінулым годзе, але ўжо ў маі беларуская каманда больш чым паспяхова выступіла на чэмпіянаце WorldSkills краін СНД у Казані. «Мы пацвердзілі, што ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў нашай краіне даволі высокі і адпавядае сусветным стандартам», — зазначае міністр адукацыі. Ён упэўнены, што юнакі і дзяўчаты атрымаюць каштоўны вопыт выступлення на міжнароднай арэне, а нашай экспертнай супольнасці і выкладчыкам такія спаборніцтвы дапамогуць удасканальваць сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з улікам вопыту іншых краін.

Аркадзь Шкляр, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, паведаміў таксама, што наша каманда ўпершыню прыме ўдзел у такіх прэстыжных міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства сярод моладзі: «Міжнародная некамерцыйная асацыяцыя WorldSkills International цяпер аб`ядноўвае 72 краіны-ўдзельніцы, у якіх пражывае больш як 70 працэнтаў насельніцтва зямнога шара. У гэтым годзе па 50 кампетэнцыях збяруцца больш як 1,2 тысячы канкурсантаў з      63 краін». 

Удзельнікі нашай каманды Марына Кушвід і Мікіта Цвяткоў, напрыклад, будуць спаборнічаць у кірунку «повар-кандытар». Яны перамаглі на рэспубліканскім конкурсе WorldSkills, а затым узялі срэбра ў Казані. «У Бразіліі конкурсы будуць крыху ўскладненыя, але мы да гэтага гатовыя, — не хвалюецца за вынік спаборніцтваў Марына Кушвід. — Я, напрыклад, там буду гатаваць два торты, тры віды цукерак, карамельную кампазіцыю і шмат іншых кандытарскіх шэдэўраў».

Удзел нашай краіны ў спаборніцтвах павысіць прэстыж кваліфікаванай працы, а таксама выкліча ўсплёск інтарэсу абітурыентаў да прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter