Снежаньскія завеі

Зіма можа быць і стыхійным бедствам, і канкурэнтнай перавагай

Зіма як стыхійнае бедства і канкурэнтная перавага

Зіма сёлета доўга рыхтавалася, відаць, збіралася з сіламі, але калі нарэшце прыйшла, то здзівіла адразу. Гэтулькі снегу за лічаныя дні выпала, што старажылы не адразу скажуць, калі такое было на іх памяці. Блытаюцца: ці то ў 1969-м, ці напрыканцы васьмідзясятых. Бялюткі снег коўдрай ухутаў зямлю, лёг на дрэвы і дахі. Каб апісаць гэтакае хараство, патрэбны тонкі лірык, якім я, на жаль, не з’яўляюся.

Але, спяшаючыся раніцай да прыпынку па заснежаным двары праз гурбы, большасць глядзіць не на гэтыя цуды прыроды, а сабе пад ногі, каб дзе не паслізнуцца, каб не трапіць у слякоцце, разбітую машынамі снежную кашу.

Так, за лістападам прыходзіць снежань, месяц, нездарма так названы: завірухі і мароз уносяць значныя перамены ў наша жыццё. Калі ў традыцыйны сялянскі побыт, які складаўся вякамі, зіма прыносіла больш спакою, бо працы станавілася меней, то ў сучасным нашым урбанізаваным існаванні рытм жыцця не зніжаецца ні на ёту. Таму патрэбны адпаведныя высілкі, каб падтрымаць звыклы гарадскі тэмп ва ўмовах зацяжных снегападаў, як мага хутчэй пачысціць вуліцы і двары ад снегу. Але зноў жа нашы жаданні і магчымасці камунальных службаў не супадаюць. Напрыклад, як сумясціць несумяшчальнае: звычку паркаваць аўто ў паўкроку ад дома на абочыне і жаданне ехаць на ім па расчышчанай дарозе? Вось і выпісвае зігзагі снегаўборачная тэхніка, абмінаючы машыны-«падснежнікі», але якасці пры такім раскладзе чакаць наўрад ці прыходзіцца.

Трэба адзначыць, што калі сталічныя вуліцы і тратуары ўбралі даволі хутка і якасна механізаваным спосабам, то з расчысткай двароў выйшла замінка: і без таго вузкія, яны так застаўлены машынамі, што тэхніцы ў іх не развярнуцца. Вось і даводзіцца дворніку (а часцей гэту пасаду займае жанчына) браць лапату «шырэй за плечы», ломік-пешню і, як у часы цара Гароха, расчышчаць з іх дапамогай ад снегу тратуары, двары, прыпынкі. Ніяк не магу ўцяміць, чаму ў наш час, калі ўжо даўным-даўно ў свеце наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі для гэтай мэты, у нашых дварах яе не ўбачыш. Кажуць, што такая рэч — дарагая і жанчыны-дворнікі з ёй не ўправяцца. Але ж набылі неяк гарадскія службы не самыя танныя газонакасілкі. Хаця колькасць людзей, якія б атрымалі траўму на някошаным газоне, у сотні разоў менш, чым тых, якія паслізнуліся ў двары дома, на прыпынку грамадскага транспарту. Лік ахвяр галалёду кожную зіму ідзе на тысячы. Яшчэ аргумент — маўляў, такая тэхніка вельмі шумная, раніцай разбудзіць усіх жыхароў дома. Але калі паўдзясятка аўто адначасова чуць свет разаграваюць рухавікі, нікому гэта, відаць, не замінае.

Чаму гэтулькі ўвагі прыродным з’явам, якія паўтараюцца штогод? У свой час спрэчкі выклікала кніга «Почему Россия не Америка». Адзін з адказаў на пытанне, вынесенае ў назву кнігі, дастаткова просты: з-за кардынальна іншых прыродна-кліматычных умоў вядзення гаспадаркі. І вызваленне краіны са снежнага палону толькі адзін прыклад: сапраўды, колькі патрэбна працы, грошай, выдаткаў, каб не адзін і не два разы за зіму сабраць і вывезці снег, пасыпаць вуліцы, тратуары, дарогі пясчана-саляной сумессю, рэагентамі. Рызыкну выказаць здагадку — прыкладна столькі, колькі каштуе ліквідацыя наступстваў буйнога тайфуну, які не кожны сезон прыходзіць з Атлантыкі да пабярэжжа ЗША.

А калі ўспомніць, што трэба паўгода абаграваць усе пабудовы — жылыя, адміністрацыйныя, вытворчыя, а для камфортнага жыцця будаваць дамы з тоўстымі сценамі, з добрай цеплаізаляцыяй, на адпаведным фундаменце, які іх вытрымае (што, на жаль, поўнасцю не выключае страты цяпла), то зразумела, што канкурыраваць з вытворцамі з цёплых краін вельмі і вельмі цяжка.

Тым не менш рабіць з зімы нейкую пачвару не варта, гэта добрая пара года, час заняцца спортам, актыўным адпачынкам. Нездарма і зімовыя Алімпійскія гульні карыстаюцца такой папулярнасцю ў свеце. Нашы спартыўныя збудаванні, трэніровачныя базы маглі б, напэўна, зарабляць грошы на гэтым, бо снег ёсць не ўсюды, у многіх краінах яго дэфіцыт. Снег і мароз — перадумова развіцця спецыялізаванага турызму: паляўнічага, для аматараў зімовай рыбалкі. Нехта прыедзе, каб паглядзець ці прыняць удзел у гонках на сабачых запрэжках, у конкурсе лядовых скульптур. Але калі гэтыя забавы ёсць і ў іншых мясцінах, то народныя абрады, якія дайшлі да нас з часоў язычніцтва, можна паглядзець толькі ў асобных вёсках. Зразумела, адпаведнаму аддзелу выканкама прасцей і лягчэй зрабіць справаздачу аб росце агратурысцкіх гаспадарак (не канкрэтызуючы, што ад іх атрымаў раённы бюджэт), чым прыкласці высілкі і раскруціць якое-небудзь арыгінальнае мясцовае зімовае свята. Аматараў такіх відовішч у свеце хапае, яны гатовы плаціць за тое, каб толькі паглядзець на такую даўніну…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter