Анджэй Цеханавецкі быў апошнім з князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх

Слуцкі пояс на ўспамін

Анджэй Цеханавецкі быў апошнім з князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх


З Лондана, ад прафесара Джыма Дынглі прыйшла сумная вестка: 2 лістапада на 92 годзе жыцця  адышоў у іншы свет ганаровы доктар ці прафесар многіх універсітэтаў свету Анджэй Цеханавецкі, узнагароджаны многімі ардэнамі і медалямі, у тым ліку беларускім медалём Францыска Скарыны. Да таго ж ён быў ганаровым доктарам мастацтвазнаўства Беларускага дзяржуніверсітэта, ганаровым грамадзянінам горада Заслаўя і ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.


Анджэй Цеханавецкі

Апошні з дынастыі князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх Анджэй Цеханавецкі нарадзіўся ў 1924 годзе ў Варшаве. Быў сынам уладальніка маёнтка Бачэйкава (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебшчыны) Ежы Станіслава. Іх род прабываў у Бачэйкаве доўга, даў зямлі беларускай некалькіх рэфарматараў гаспадаркі, гісторыкаў, краязнаўцаў. Прозвішча аднаго з іх ёсць сярод падпісчыкаў на пераклад паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” на беларускую мову, зроблены Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Юнаком Анджэй удзельнічаў у антыфашысцкім варшаўскім паўстанні 1944 года, потым вучыўся ў шэрагу ўніверсітэтаў, выдаў у Германіі сваю доктарскую дысертацыю “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”. Яе пераклаў потым на беларускую мову Уладзімір Сакалоўскі, і яна двойчы выдавалася ў Мінску (1993, 2006) з маёй прадмовай. Знаёмства, а потым і навуковае супрацоўніцтва, сяброўства наша пачалося ў 1982 го-дзе ў Лондане ў час маёй двухмесячнай камандзіроўкі туды па лініі ЮНЕСКА. Анджэй Цеханавецкі валодаў тады галерэяй славянскага мастацтва ў прэстыжным раёне горада. У час некалькіх сустрэч як мецэнат выказаў жаданне падараваць беларускім музеям Слуцкі пояс ды іншыя каштоўнасці, а таксама наведаць Беларусь. Пасля вяртання з камандзіроўкі пра тыя імкненні я паведаміў кіраўніцтву таварыства “Радзіма”. Неўзабаве зноў паляцеў у Лондан ды вярнуўся з каштоўнымі падарункамі, якія цяпер знаходзяцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі і ў Полацкім музеі гісторыі беларускага кнігадрукавання.

У 1988-м Анджэй Цеханавецкі першы раз наведаў зямлю продкаў, пабываў у Бачэйкаве, Віцебску (Цеханавецкія праклалі там першы водаправод), Магілёве (некаторыя з іх там пахаваны) і Мсціславе. Пасля супляменнік часта бываў у Мінску, Нясвіжы і Міры. Быў адным з сузаснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і яе актыўным сябрам, як родзіч Радзівілаў прысутнічаў у Нясвіжы на пахаванні праху князя Антонія (перавезены з Лондана), праз ЮНЕСКА дапамагаў Беларусі атрымаць сродкі на аднаўленне Нясвіжскага фарнага касцёла і Мірскага замка. Арганізаваў у Венецыі навуковую канферэнцыю пра беларуска-італьянскія культурныя сувязі (матэрыялы яго коштам выдадзены ў Мінску), а ў Гервятах на Астравеччыне — “круглы стол” пра беларуска-літоўскае ўзаемадзеянне.

У апошнія гады жыцця Анджэй Цеханавецкі, вымушаны пасля няшчаснага выпадку рухацца ў калясцы, прылятаў у Мінск і Варшаву на пасяджэнні Беларуска-польскай камісіі па сумеснай культурнай спадчыне, намагаўся, каб тыя пасяджэнні праходзілі дружалюбна і плённа. Выдаў сваю кнігу “Нясвіж як еўрапейскі цэнтр культуры” і даваў канструктыўныя парады па рэстаўрацыі вядомага замка. Апошнім яго клопатам была перадача ў вядучыя бібліятэкі Беларусі дваццаці экзэмпляраў кнігі пра род Цеханавецкіх, якую пісалі 9 вядучых польскіх і рускіх спецыялістаў-генеалогаў. Многія старонкі там прысвечаны князям Мсціслаўскім і Заслаўскім. Таму спадзяюся, што па прыкладзе Заслаўя і Мсціслаў прысвоіць, хоць і пасмяротна, апошняму з нашчадкаў былых уладальнікаў горада званне ганаровага грамадзяніна горада. Мне ды іншым беларусам Анджэй Цеханавецкі не раз гаварыў, што жадае, каб яго прах таксама быў пахаваны ў Беларусі — у крыпце Нясвіжскага фарнага касцёла ў імя Божага Цела.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter