Скарб уласны, апека дзяржаўная

Архiў-музей лiтаратуры i мастацтва адзначыць сваё 50-годдзе

Людзi самi нясуць свае дакументы ў архiў, бо там яны будуць захаваныя

475 фондаў i калекцый, каля 100 тысяч адзiнак захоўвання. Усё гэта скарб Беларускага дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва, сабраны за пяцьдзесят гадоў яго iснавання. За гэты час ён займеў такi аўтарытэт, што некаторыя вядомыя дзеячы культуры яшчэ пры жыццi перадаюць сюды свае каштоўныя дакументы. Звяртаецца ў архiў i большасць нашчадкаў нашых слынных землякоў: яны лiчаць яго найлепшым месцам захоўвання памятных матэрыялаў i рэчаў. Янка Брыль, Максiм Гарэцкi, Мiхась Лынькоў, Яўген Цiкоцкi, Галiна Макарава, Ларыса Александроўская, Iван Ахрэмчык, Сяргей Селiханаў... Гэта далёка не поўны спiс людзей, асабiстыя архiвы якiх захоўваюцца ў будынку былога касцёла бернардынцаў. Ганна Запартыка на пасадзе дырэктара БДАМЛМ амаль дваццаць гадоў. Яна гадзiнамi можа расказваць пра гэты скарб.

— Ганна Вячаславаўна, у мiнулым годзе на адной з навуковых канферэнцый пачула амаль дэтэктыўную гiсторыю пра тое, як вы хацелi набыць адзiн экспанат. Няўжо гэта праўда?

— Мае знаёмыя, даследчыкi ведалi, што я склала зборнiк творчай спадчыны Бранiслава Эпiмах-Шыпiлы. Сяргей Гваздзёў, мастацтвазнавец, якi часта працуе ў нашай чытальнай зале, аднойчы спытаў, цi цiкавiць мяне «Мужыцкая праўда». Расказаў, што таксiст, якi не аднойчы яго падвозiў, паведамiў, што ў яго суседкi ёсць вельмi каштоўная газета. Мяне перш за ўсё цiкавiла: якi гэта нумар? Бо некаторыя ёсць у бiблiятэках Мiнска, Пецярбурга, Варшавы, яны падрабязна даследаваны. Праз некаторы час мне прынеслi фотакопiю газеты. Гэта быў шосты нумар, самы распаўсюджаны. Але што я ўбачыла ў кутку? Асабiсты штамп бiблiятэкi Эпiмах-Шыпiлы! Я захацела сустрэцца з уладальнiкам. Зрабiла дзеля гэтага ўсё магчымае. У рэшце рэшт, мы дамовiлiся з тым таксiстам, якi стаў пасрэднiкам, што ў пэўны дзень, у пэўны час я паеду да кiнатэатра «Кiеў» i там сустрэнуся з жанчынай. У кватэру яна засцерагалася запрашаць. Нашага пасрэднiка цiкавiла сума, якую я магу заплацiць за газету. Я не магла дакладна адказаць на гэта пытанне, таму што не ведала сапраўднага кошту такой рэчы. У той дзень, калi мы павiнны былi сустрэцца, раптам патэлефанаваў той таксiст i паведамiў, што ўсё адмяняецца, бо жанчына нечага спалохалася. Мяне ж цiкавiла, якiм чынам у прыватныя рукi трапiла рэч з бiблiятэкi Эпiмах-Шыпiлы? Гэты маленькi лiсток газеты мог пралiць святло на некаторыя рэчы. Але сустрэча не адбылася. Ужо прайшоў час, але я спадзяюся, што мне яшчэ патэлефануе той чалавек. Уявiце толькi, што дзякуючы такой рэчы могуць быць зроблены новыя адкрыццi!

— Але, я так разумею, гэта не тыповы выпадак. Як звычайна каштоўныя рэчы да вас трапляюць?

— Дапамагаюць прамыя кантакты з уладальнiкамi архiваў. Некаторыя перадаюць свае дакументы яшчэ пры жыццi. Людзi разумеюць, што, калi гэтыя унiкальныя рэчы будуць знаходзiцца пад дзяржаўнай апекай, iм забяспечаны ўсе умовы захоўвання, выкарыстанне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.

У большасцi выпадкаў, прыкладна на 80 працэнтаў, мы самi звяртаемся да людзей. Гэта зарука, што архiў патрэбен, што яго апрацуюць, захаваюць. Але здараецца, калi нам нешта прапаноў­ваюць. Мы гэтаму вельмi рады, шчыра прымаем. Архiву 50 гадоў, яго ўжо ведаюць. Бывае, знаёмiмся з дзеячамi лiтаратуры i мастацтва падчас нейкiх вечарын, у паездках, на выставах, iншых мерапрыемствах. Часам вынiкам становiцца камплектаванне якогасьцi архiва .

— Цi здаралася так, што блiзкiя людзi якiх-небудзь вядомых асоб пасля iх смерцi адмаўлялiся аддаваць рэчы, дакументы?

— Зразумела, такiя выпадкi ёсць. Я заўсёды бачу ў гэтым толькi ўласную прывязанасць да дакументаў сваiх бацькоў, iншых блiзкiх людзей. Толькi так магу растлумачыць. Бо ўсе спадчыннiкi, з якiмi мы мелi шчасце працаваць, выключна адукаваныя людзi, яны ведаюць цану гэтым матэрыялам. Некаторыя самi з iмi працуюць: пiшуць успамiны, нарысы i г.д. Пасля ў нас узнiкаюць сямейныя архiвы. Прыклад — Валянцiна Аркадзьеўна Куляшова, дачка вядомага паэта. Ёсць архiвы, якiя перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Напрыклад, дынастыя акцёраў Уладамiрскiх. Чатыры пакаленнi – вядомыя людзi, значныя асобы. Не думаю, што ў падобных выпадках ёсць нейкiя меркантыльныя iнтарэсы.

— Няўжо нiхто грошы з вас не патрабуе?

— Так. Хаця па Закону «Аб нацыянальным архiўным фондзе» мы маем права набываць дакументы. Гэта, хутчэй, падзяка, узнагарода. Бо размова не iдзе пра нейкiя вялiкiя сумы. I калi ў нас ёсць такая магчымасць, мы ёй карыстаемся. Я вельмi ўдзячна людзям. Каб не высокая свядомасць, патрыятызм спадчыннiкаў, мы не мелi б гэтага багацця.

— Якiя б фонды вы вылучылi, якiя памятаеце лепш за iншых?

— Памятаюцца свае першыя працы. Гэта архiвы Рыгора Няхая, Яўгена Васiлёнка, мастака Льва Лейтмана. Памятаю дакументы акцёрскай сям’i Барыса Платонава i Iрыны Ждановiч, пасля далучыўся архiў i бацькi актрысы Фларыяна Ждановiча. Я рабiла навуковую апрацоўку. Аднойчы была дома ў Iрыны Фларыянаўны, яна дапамагала праанатаваць фотаздымкi. Памятаю, што разбiрала архiў Вольскiх, Мiколы Лобана, Канстанцыi Буйло i iншых.

Узгадаю некалькi апошнiх набыткаў. Да нас паступiў унiкальны архiў Уладзiмiра Калеснiка, пiсьменнiка, навукоўца, даследчыка. Чым цiкавыя дакументы такiх людзей? На працягу ўсяго жыцця чалавек займаецца пошукавай працай, накаплiвае дакументы. Працуючы ў адной тэме цi адразу ў некалькiх, ёсць неабходнасць наведаць шмат архiваў, iншых устаноў розных краiн. Усё гэта скарб. У архiве У. Калеснiка захавалася ўнiкальная перапiска: ён быў знаёмы з многiмi, хто помнiў дзеячаў лiтаратуры i мастацтва 20—30-х гадоў, часы Заходняй Беларусi. Усё гэта разам з яго даследваннямi дае магутную карцiну развiцця лiтаратуры пэўнага перыяду, многiх яго асоб.

Зараз адбываецца навуковая апрацоўка фонду пiсьменнiка i лiтаратуразнаўца Рыгора Семаш­ке­вiча. Там копii, выпiскi, яго высновы. Гэта ўнiкальны архiў па гiсторыi лiтаратуры i культуры на мяжы XIX—XX стагоддзяў. Думаю, што дакументы Семашкевiча будуць вельмi цiкавымi для даследчыкаў.

Не так даўно апрацаваны архiў Веры Андрэеўны Нiжанкоўскай, жонкi Бранiслава Тарашкевiча. Яна не рабiла нейкiх навуковых адкрыццяў, не займалася пэўнай лiтаратуразнаўчай тэмай. Яе цiкавiла краязнаўства. Нiжанкоў­ская займалася да­следваннямi ўласнага роду, яна была апантаная гэтым. Яе радавод ахоплiвае шмат пакаленняў, усе магчымыя галiны. Яна прамы нашчадак роду Снiткаў, мела дачыненне да роду Кукальнiкаў, Аляксандра Уласава, лiтаратара i грамадскага дзеяча, пiсьмен­нiка Канчэўскага.

Вядома ж, зараз у нас большыя магчы­масцi, у тым лiку i тэхнiчныя. З’явiлiся камп`ютары, што робiць працу больш iнтэнсiўнай. Але што датычыць камплектавання, то гэта тая ж праца. Мы сустракаемся з уладаль­нiкамi дакументаў, прывозiм iх у архiў, апрацоўваем.

— Ваша ўстанова славiцца тым, што яна пастаянна папаўняецца даку­мен­тамi дзеячоў беларускай культуры, якiя жылi i жывуць у далёкiм замежжы. Як вам гэта ўдаецца?

— Заўсёды з захапленнем гавару пра архiвiстаў 70-х—80-х гадоў. Яны працавалi не толькi на адлегласцi выцягнутай рукi, але i пастаянна падарож­нiчалi. Напрыклад, з Яраслаўля прывезены рэчы сям’i Максiма Багдановiча. Бывалi ў Саратаве, адтуль архiў Язэпа Дылы. З Пяцiгорска пас­тупiлi дакументы паэта Вiсарыёна Горбака. Масква, Ленiн­град... Ездзiлi па некалькi разоў, везлi каштоўныя рэчы ў цягнiках, начамi не спалi... Зрабiлi гэта прадбачлiва. Сёння, калi СССР распаўся, гэта было б зрабiць значна цяжэй.

Асноўныя ж замежныя архiвы трапiлi ў канцы мiнулага i пачатку гэтага стагоддзяў. Трапiлi рознымi шляхамi. Большасць знаёмстваў адбылася на беларускай зямлi. Мы шукалi магчымасць сустрэч з тымi, хто некалi ад’ехаў з краiны, цi iх продкамi. Людзi самi дасылаюць нам матэрыялы. Вялiкi дзякуй беларускай i сусветнай пошце, што нiчога не знiкла. Бывала, што нейкiя цяжкасцi здаралiся. Але галоўнае, што ўсё гэта зараз у нас. Помню, як мы разам з Вiталем Скалабанам хадзiлi на пошту забiраць бандэроль, якую нам з Навасiбiрска даслаў сын вядомага дзеяча 1920-х Мiколы Каспя­ровiча.

Былi i раней валанцёры. I зараз знаходзяцца энтузiясты, якiя дапамагаюць кантактаваць з iншымi гарадамi, краiнамi. Напрыклад, у Якуцку жыў i працаваў беларускi паэт i пiсьменнiк Iван Ласко. Ён ажанiўся з якуцкай пiсьменнiцай Валянцiнай Гаўрыльевай. Пасля яго смерцi паўстала пытанне аб набыццi яго дакументаў. На адной з iмпрэз я пазнаёмiлася з Алесем Баркоўскiм, якi працаваў у Якуцку. Ён не выпадковы чалавек – даследчык. Сам шукаў у якуцкiх архiвах беларускiя iмёны i многiя факты ўвёў у навуковы ўжытак. Звычайна чалавек, вяртаючыся здалёк, вязе нейкiя сувенiры, уласныя рэчы, а Алесь Анатольевiч — дакументы для архiва.

— Усе мы некалi перапi­свалiся, сёння рэдка хто бярэ ручку ў рукi, бо ёсць тэлефон, камп’ютар. Кампазiтары пiшуць музыку па спецыяльных камп’ютарных праграмах, сучасныя пiсьменнiкi забылiся, якi ў iх почырк. А ўсё гэта i ёсць самыя каштоўныя дакументы архiва. Ганна Вячаславаўна, якiмi вы бачыце iх ў будучынi?

— Пяць гадоў назад яшчэ нiхто не задаваў мне такога пытання. Сапраўды, архiвы, асабiстыя ў тым лiку, змяняюць свой выгляд, твар. Яны набываюць iншыя формы. Мы адчуваем, што знiкае аўтограф, пiсьмо i г.д. Шкада. Аўтограф – гэта душа, настрой, эмоцыi. Зараз камп’ютар нiвелюе ўсё. Напiсаў, не спадабалася – сцёр. Заўтра напiсаў па-iншаму. А першапачатковага варыянта не засталося. Вiдаць, прыйдзем да таго, што знiкне гiсторыя тэкстаў.

Мы жывём у суцэльным гуле, шуме. Бясконца размаўляем па тэлефоне. Кантактуем больш, чым раней. Але ўсё гэта павярхова, не заглыбляючыся ў праблемы. А ў перапiсцы былi сапраўдныя эмоцыi, вырашалiся сур’ёзныя праблемы. Тыя лiсты – адлюстраванне часу, эпохi. Знiкае з асабiстых фондаў праўда паўсядзённага жыцця. Але час не стрымаеш.

Якiм я бачу будучы архiў? Пад добрай дзяржаўнай апекай, бо тое, што мы маем, – гэта нацыянальныя рэлiквii. Чым больш часу праходзiць, тым яны больш каштоўныя. Мы разумеем, што такое аўтограф Купалы або Коласа, сямейны альбом Багдановiчаў... I наша задача – забяспечыць iм захаванне. Вядома ж, патрэбна аблiчбоўка. Каштоўныя рэчы павiнны быць даступнымi, але нельга нi ў якiм разе дапусцiць iх пашкоджання. Выйсце – электронны варыянт. Нясмела, але мы пачалi гэту справу. Патрэбны даведнiкi па фондах архiваў, каб iх можна было ўзяць у любой бiблiятэцы. Мару, што ў нас з’явiцца свой уласны сайт i г.д.

Бачу архiў будучынi высокатэх­налагiчным. Адна з маiх пакуль нязбытных мар — мець музейную частку. Дзеля гэтага не хапае аднаго: прасторы, памяшкання. Наш будучы музей будзе адроз­нiвацца ад iншых. Я хацела б, каб ён адлюстроўваў гiсторыю i змест фондаў.

— Архiў месцiцца ў былым касцёле бернардынцаў. Вакол гэтага будынку шмат спрэчак. Вы самi хочаце ў iм застацца цi не?

— Гэты будынак i архiў – адно цэлае. Магчыма, хтосьцi будзе аспрэчваць маю думку, але я ўсё ж скажу: архiвы,а тут знаходзiцца яшчэ i БДАНТД, маюць права на яго. Iх звязвае агульнае мiнулае, можа не зусiм шчаслiвае. Першы архiў з’явiўся тут у 1872 годзе. Думаю, было б вельмi разумна пакiнуць гэты будынак архiвам.

На здымку: сямейны альбом БАГДАНОВІЧАЎ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter