Шчодрая чарэшня

Чарэшню на сваёй дачы мы садзiлi з вялiкай ахвотай i задавальненнем...

Яе ягад хапае i гаспадарам, i лясным сойкам

Чарэшню на сваёй дачы мы садзiлi з вялiкай ахвотай i задавальненнем. Па-першае, набылi вельмi добры гатунак у Беларускiм навукова-даследчым iнстытуце, якi знаходзiцца ў Самахвалавiчах пад Мiнскам. Мяне там цвёрда запэўнiлi, што калi дрэва вырасце, то кожны год буду здымаць багаты ўраджай. Так i атрымалася, нават яшчэ зусiм маладая чарэшня “частавала” нас смачнымi, сакавiтымi ягадамi.

Аднойчы вясною на дрэве з’явiлiся надта ўжо кволыя, бледныя лiсцiкi, зацвiло яно неяк праз сiлу, плады завязалiся слабенькiя, хутка ўсе асыпалiся, лiсцiкi таксама змарнелi. Чарэшня засыхала, i невядома, па якой прычыне, што вельмi нас засмуцiла. Сярод багатай, поўнай нястрыманай сiлы зелянiны чорнае, сухое дрэва выглядала жалобна i бездапаможна, i мы яго зрэзалi. Праўда, сантыметраў дваццаць над зямлёй частку ствала я пакiнуў, вельмi ён быў моцны, проста не верылася, што ў iм зусiм няма жыцця.

Мы не памылiлiся: наступнай вясной заўважылi, што са ствала выбiлiся чатыры парасткi. Раслi хутка, што нас вельмi радавала. Але ж быў i непакой: раптам i яны прападуць, як iхняя “мацi”? Мо тут у глебе прытаiлася нейкая хвароба, якая нiшчыць дрэвы?

Бела-ружовы храм

На наша шчасце, гады праз чатыры парасткi ператварылiся ў моцныя ствалы. I цяпер на месцы засохлага дрэва вымахалi цэлыя чатыры. Яны цесна пераплялiся сваiмi галiнкамi i ўтварылi суцэльную густую крону. Ды не, шаноўныя чытачы, слова “крона” далёка не поўнасцю перадае прыгажосць гэтага зялёнага цуду, якое з’явiлася ў нас пры такiх незвычайных абставiнах. Вясною, калi чарэшнi зацвiтаюць, перад намi — нiбы бела-ружовы храм. Кветачкi распускаюцца разам з лiсцiкамi, i яны рассыпаны па ўсёй кроне пяшчотна-зялёнай аздобай.

Ну i ягады!

Ёсць яшчэ адна цiкавая адметнасць гэтых нашых чарэшань, праўда, датычыць не нас, гаспадароў. Зноў жа вясной, калi дрэвы ў поўным цвiценнi, яны аж гудуць ад пчол. Можна ўявiць сабе, колькi тут iнтарэсу i клопатаў у гэтых няпростых працаўнiц, бо вельмi ж спяшаюцца, каб не спазнiцца да такога багатага медазбору.

А вось у чэрвенi—лiпенi наступае наша чарга. Паспяваюць плады — гэта азначае, што ў нашым садзе з’явiлiся самыя раннiя фрукты. Ах, колькi тут спакусы, бо ўраджай адмысловы. Жоўтыя, падрумяненыя на сонцы плады густа абсыпалi галiны, iх мноства ўверсе, яны i ў сярэдзiне кроны, i нiзка ля зямлi. Тыя, што добра паспелi, салодкiя, iншыя гаркаватыя, церпкiя. Вельмi смачныя свежыя чарэшнi, але жонка выкарыстоўвае iх для прыгатавання кампотаў на зiму.

Сойкi ў чужым садзе

Праўда, i яшчэ кагосьцi здорава вабяць нашы ягады. Няма адбою ад соек, нездарма ж гэтае дрэва называюць птушынай вiшняй. Паспелi чарэшнi – i пачынаецца сапраўдны пiр для соек, якiя прылятаюць з блiзкага лесу. Як iх нi адганяем, чым нi палохаем – дарэмна. Тактыка ў соек “прадуманая”: падкрадваюцца да чарэшнi па адной, якраз тады, калi на двары нiкога няма. I лiтаральна праз некалькi хвiлiн дрэва аж шапацiць ад мноства птушак.

Аднойчы я вырашыў падлiчыць, колькi ж iх можа сабрацца на нашых дрэвах. Не палохаў паўгадзiны, потым выйшаў з хаты, моцна запляскаў у далонi: з дрэва ўзнялася цэлая чарада, у якой налiчыў каля 30 соек. Ну што тут зробiш, яны таксама добра разбiраюцца ў дарах саду, i спелыя чарэшнi для iх — вельмi жаданы i кароткi па часе ласунак. Таму мы на iх не ў вялiкай крыўдзе. Галоўнае, што ў складанай сiтуацыi наша чарэшня выйшла пераможцай, цяпер жыве ўсiм на радасць.

Калiна пад парасонам

Наш знаёмы, такi ж апантаны любоўю да прыроды, як i мы, прывёз нам з гадавальнiка чатыры саджанцы калiны. “Паколькi на вашым участку зямля “цяжкая”, дык пасадзiце iх у розных месцах, — параiў ён. – Якi-небудзь усё ж павiнен прыжыцца”.

Мы так i зрабiлi: два саджанцы размясцiлi ў садзе, трэцi — на ўзмежку, каля плоту, i чацвёрты — на добра апрацаванай градцы, з сонечнага боку. Ну, мяркуем з жонкай, прымуцца ўсе чатыры ды вырастуць – вось будзе ў нас калiны, вось прыгажосць!

Прыжылiся саджанцы ўсе, але ж тыя, што ў садзе, былi нейкiя, калi можна так мовiць, невясёлыя: слабенькiя лiсцiкi, дробненькi цвет, якi хутка марнеў. Не пашанцавала, прычым па нашай вiне, i калiне, пасаджанай на ўзмежку. Яе амаль заглушыла магутная алыча, што расла побач. Затое калiна, якой мы не пашкадавалi месца на градцы, расла так здорава, бо ёй тут было вольна i прасторна. Праз пяць гадоў яна стала сапраўднай прыгажуняй.

Шкада нам стала астатнiя. Тыя, што ў садзе, перасадзiлi таксама на градку. Зрэзалi галiны алычы, i калiна на ўзмежку нарэшце ўбачыла многа сонца.

Калiна зацвiла, i якое ж хараство, якая дрыготная светлая пяшчота ажыла ў кветачках, якiя распусцiлiся. Яны акуратна сабраныя ў плоскiя парасонiкi, якiх шмат на кожнай галiнцы. Ды i ў цэлым калiна быццам уся пад такiм парасонiкам.

Скажаце, шаноўныя чытачы, што я фантазiрую? Тады дам вам параду: паглядзiце на калiну вясною, калi яна цвiце. Або ў жнiўнi—вераснi, калi паспелi сакавiтыя, вельмi прыгожыя ягады. Iх цяжкiя гронкi доўга трымаюцца на галiнах. Збiраюць ягады позняй восенню, у асноўным пасля замаразкаў, тады яны не такiя горкiя. У iх шмат арганiчных кiслот, вiтамiну С, пектынавых i бялковых рэчываў. З прымарожаных ягад рыхтуюць смачны кiсель, начынку для пiрагоў i ватрушак…

I ўсё ж калiна заслужыла ў народзе вялiкую любоў i замiлаванне, таму што яна – хвалюючы сiмвал дзявочай прыгажосцi, пяшчоты, чысцiнi…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter