Сэрца маёй краіны.

Прагулка па родным горадзе напярэдадні дня яго нараджэння

Прагулка па родным горадзе напярэдадні дня яго нараджэння

Кажуць, Мінск за апошнія гады вельмі змяніўся. А маё вока чапляецца найперш за тое, што напамінае аб былых часах – дзяцінстве, першых кроках па жыцці... Змяніўшы некалькі “прапісак”, магу з гонарам сказаць пра сябе: я – карэнны мінчанін. І паверце, гэта не фанабэрыя. Проста жывучы ў адным кутку сталіцы, часам у іншыя не выбіраешся гадамі. Такіх дамаседаў даволі многа. А калі лёс змушае вандраваць у розных напрамках унутры МКАД, то воляй- няволяй становішся сапраўдным гараджанінам.

Сімвалам Мінска 80-х гадоў для мяне была машына “Чайка”, што зрэдку выязджала ад ганка загса Ленінскага раёна. Па вуліцы Пляханава, забудаванай стандартнымі шэрымі шматпавярховікамі, як лайнер “ляцеў” чорны бліскучы аўтамабіль. На фоне “жыгулёнкаў”, якія панавалі на вуліцах у тыя часы, гэта было сапраўднае дзіва тэхнікі. Той “Чайкі” мне дагэтуль не стае: хоць бы раз прамільгнула! Але не, яна сышла ў гісторыю. Цяпер іншая вясельная мода: на доўгія белыя лімузіны. Іх усё больш у горадзе. Штодня яны праносяцца перад вачамі і ў цэнтры, і ў Серабранцы, Кунцаўшчыне, Уруччы. “Чайка” лятала мо раз у месяц, а лімузіны так часта выглядваюць з-за паваротаў, што ўжо і не ўражваюць. Уражвае, як многа сталі ў горадзе гуляць вяселляў. Амаль усе мае аднакласнікі ўжо ажаніліся б ды павыходзілі б замуж, ды толькі ў загсы стаяць чэргі! Толькі ўчора, у “магічнае” чысло 09.09.09 у Мінску ўзялі шлюб 90 пар.
Яшчэ адна вуліца майго дзяцінства — Карла Маркса — бадай, самая ціхая і рамантычная. Гэта і не вуліца, а хутчэй бульвар: з радочкамі кафэшак уздоўж невысокіх дамкоў даваеннага часу. Гэта вуліца-рэтра, у нечым “парыжская”, а на мой густ, дык самая мінская. Тут на кожным будынку — па некалькі мемарыяльных шыльдаў. Дня не хопіць, каб усе прачытаць. Вось былая Марыінская гімназія, дзе вучылася першая народная артыстка Беларусі Ірма Яўнзэм. Прайшоўшы далей, “сустракаюся” з самім Феліксам Эдмундавічам Дзяржынскім, чыя кватэра была ў доме, дзе пасля займалі пакоі першыя кіраўнікі нашай рэспублікі, народныя пісьменнікі. А вось і найгалоўнейшы будынак краіны — Рэзідэнцыя Прэзідэнта. Тут ствараецца сучасная гісторыя, сведкамі якой мы з вамі з’яўляемся.
Учора раніцай на вуліцы Лізы Чайкінай адкрыўся Новы драматычны тэатр. Горад пашыраецца і разбудоўваецца. І за гэтым бегам яго ў будучыню не паспець. Праходзячы міма Купалаўскага, Горкаўскага тэатраў, нядаўна адрэстаўрыраванага тэатра оперы і балета, я толькі лічу час, якога няма, каб пабываць на ўсіх спектаклях.
Кожныя суткі прыносяць Мінску чарговы падарунак. Яшчэ год таму ў Сухараве-5, чарговым раёне “прапіскі”, куды закінуў мяне лёс, стаяў толькі адзін мой дом. Пакуль вакол была пустка, здалёк гэты дзевяціпавярховік здаваўся касмічным караблём на Марсе. Побач праходзіць кальцавая аўтадарога, і яна на гэтым фоне выглядала акурат як узлётна-пасадачная паласа для міжпланетных аэробусаў. А цяпер, хаця прайшло ўсяго два гады, увесь раён шчыльна забудаваны. Раней толькі вецер тут гуляў ды збіваў з ног, а сёння дзіцячы смех ды радасны брэх і мяўканне хатніх любімцаў не перастаюць гучаць у дварах да самай поўначы.
Нас, мінчан, становіцца ўсё болей. На гарызонце майму раёну “перадаюць прывет” краны  яшчэ аднаго маладога квартала — Каменнай Горкі. Год таму на полі, што расцягнулася ад вуліцы Прытыцкага да рынка “Ждановічы”, жылі толькі вароны ды шалёны вецер, а цяпер столькі новых жылых дамоў, што і не злічыш. А колькі з’явілася новых “квадратных метраў” і колькі сем’яў адчуюць сябе шчаслівымі навасёламі? Інтрыгуючую таямніцу ведаюць толькі ўніклівыя статысты.
І ўсё ж рытм “сэрца Беларусі” адчуваецца наймацней у гістарычнай частцы Мінска — на Кастрычніцкай плошчы, ля ратушы, на праспекце Пераможцаў, на схілах Замчышча, што спускаецца да спакойных водаў Свіслачы. Тут, дзе некалі сустракалася з ракой-сястрой Няміга — улюбёнае месца шпацыраў, спатканняў і проста медытатыўных сузіранняў сіняй гладзі для тысяч людзей. На набярэжнай Свіслачы пачынаюцца новыя лёсы новага Мінска: прызначаюцца спатканні, заводзяцца сяброўствы і нават заключаюцца кантракты.
А я чакаю, калі вырастуць гмахі “Мінск-Сіці”, ля Нацыянальнай бібліятэкі паўстане яшчэ адзін мікрараён у духу самай моднай архітэктуры. Аднак найважнейшая падзея для кожнага жыхара горада — гэта адкрыццё новых станцый метро. Між тым у раёне Паўднёвы Захад станцыі, якія прымуць пасажыраў толькі ў наступным годзе, — ужо частка сучаснага жыцця.
Многія памятаюць, як толькі пачынала стварацца другая лінія метро, як адкрывалася станцыя “Няміга”. Тады ў наваколлі ўпершыню за доўгі час раскапалі летапісны Менск — адсюль, з Нямігі, ён пачынаўся. Напярэдадні Дня горада, тут зноў працуюць археолагі. Яны раскрылі храм XII стагоддзя, маставыя сярэдневяковага паселішча. Усё гэта на ўласныя вочы можна пабачыць толькі цяпер. А ў бліжэйшыя гады гарадскія ўлады плануюць аднавіць старажытны Мінск — з яго драўлянымі вуліцамі і каменнай царквой. Гэта будзе падарунак нам усім, старажылам, новым пасяленцам і гасцям горада, да аднаго з бліжэйшых дзён нараджэння сталіцы.
Тым часам на дварэ яшчэ трывае летняя пара, і хай цяперашні Дзень горада стане для вас таксама нагодай прагуляцца па яго вуліцах — старых і новых, шырокіх і вузкіх, па крамах і парках, у падземцы і ў трамвайчыку, які шчодра сыпле іскрамі ў неба.
Знічкі ўзносяцца ўвысь і падаюць на брук горада, які ўступае ў 943-і год жыцця.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter