Почему опасно покупать продукты у стихийных торговцев

Сала ў шакаладзе

Колькі ні пераконваюць спецыялісты, што набываць харчовыя тавары ў стыхійных гандляроў нельга, але дагэтуль многія лічаць - нічога страшнага тут няма
Колькі ні пераконваюць спецыялісты, што набываць харчовыя тавары ў стыхійных гандляроў нельга, але дагэтуль многія лічаць, што нічога страшнага тут няма. Наадварот, такім чынам можна зэканоміць. Ну а калі ёсць попыт, то будзе і прапанова. Вось у нашым мікрараёне Уручча ля гандлёвага цэнтра штодзень стаіць машына, з якой прадаюць салёнае сала. Прыгожыя, з праслойкай, і чыста белыя брусы такія заманлівыя, што рука сама цягнецца па кашалёк. Але я заўсёды спыняю сябе, бо ляжыць гэтая прыгажосць на нейкай плёнцы проста ў кузаве. Барты маюць непрыглядны выгляд, паўсюль іржа і чорныя падцёкі. А народ падыходзіць і бярэ сальца. Ну, хай сабе ў халодную пару года, але ж і зараз, калі сонца добра ўжо прыпякае, а вецер гоніць клубы пылу і леташняга лісця.



Вяртаючыся неяк з гандлёвага цэнтра, зноў убачыла на ранейшым месцы двух мужчын з прыкметным аўтамабілем і невялічкі натоўп ля іх імправізаванай гандлёвай кропкі. Бабулі і сталага веку мужчыны, гаспадыні пад сорак актыўна цікавіліся прадукцыяй і ахвотна яе набывалі. «Варта ўсё ж пазваніць у санстанцыю і спыніць гэта бязладдзе», — падумала я. Але неўзабаве гандляроў салам на звыклым месцы ўжо не было, як і іх кампаньёна. Таго, што прадаваў вэнджаную рыбу лічы што з асфальту, бо ў якасці прылаўка ў прадпрымальніка былі невысокія скрынкі. Пэўна, хтосьці апярэдзіў мяне і патэлефанаваў, куды належыць.



«Вось і добра!» — падумала я. Але радасць была заўчаснай. Усяго ў некалькіх сотнях метраў ля другога магазіна стаяў другі гандляр. Ён расклаў на цыраце брыкецікі сметанковага масла, упакоўкі маянэзу, банкі з селядцом і адмысловай горкай вэнджаную скумбрыю. Пакупнікі  не абміналі гэта «поле цудаў», а як жа іначай, калі танней, чым у магазіне. Дзе гэты прадпрымальнік узяў прадукты, як іх захоўваў, які тэрмін рэалізацыі той жа рыбы — пра гэта, зразумела, думаць не хочацца. І толькі калі схопіць жывот ці пагоніць да ўрача яшчэ якая трасца, тады мы войкаем і праклінаем сваю залішнюю ашчаднасць.

Вы, пэўна, заўважалі, што вясной тых, хто гандлюе ў невы-значаных месцах, становіцца больш. Яны сядзяць ля магазінаў, на прыпынках грамадскага транспарту, кожны ажыўлены пятачок для іх быццам мёдам намазаны. Бабулек і іх паплеч-нікаў можна зразумець: лішняя капейчына ў сям’і не пашкодзіць. Пакупнікі таксама «ў шакаладзе»: не трэба ісці ў магазін, стаяць у чарзе, прыдбаў колца каўбасы, гурок з памідорам, пучок зеляніны — і вячэра гатова. Міліцыя праводзіць рэйды, ушчувае парушальнікаў і карае штрафамі. Як, напрыклад, тых, хто прадае мясныя і сезонныя прысмакі ля станцыі метро «Магілёўская». Але вулічныя гандляры накшталт птушкі Фенікс: сёння ад іх, так бы мовіць, і звання не засталося, а заўтра зноў стаяць шчыльнымі радамі.

Вера МІХАЙЛАВА, Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter