Рубцы на сэрцы Міколы Падабеда

24 МАЯ вядомы беларускі пісьменнік Мікола ПАДАБЕД адзначае сваё 75-годдзе. З былым рэдактарам Бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю», пісьменнікам Міколам Падабедам не сустракаўся даўно. Раней з даўнім сябрам бачыліся на розных абласных ды рэспубліканскіх нарадах даволі часта, а цяпер — не. Звычайна размаўляем толькі па тэлефоне. Нарэшце, убачыліся зноў. І Мікола Іванавіч з цеплынёй падпісаў мне сваю новую кніжку сатыры і гумару «Жонка напракат»…

Ад гумару і сатыры да крутых паваротаў жыцця вядомага беларускага пісьменніка і журналіста — адзін крок...

24 МАЯ вядомы беларускі пісьменнік Мікола ПАДАБЕД адзначае сваё 75-годдзе. З былым рэдактарам Бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю», пісьменнікам Міколам Падабедам не сустракаўся даўно. Раней з даўнім сябрам бачыліся на розных абласных ды рэспубліканскіх нарадах даволі часта, а цяпер — не. Звычайна размаўляем толькі па тэлефоне. Нарэшце, убачыліся зноў. І Мікола Іванавіч з цеплынёй падпісаў мне сваю новую кніжку сатыры і гумару «Жонка напракат»…

У прадмове да выдання член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцін Крыжэвіч піша: «Пераказваць гумарэскі і сатырычныя мініяцюры, змешчаныя ў новым зборніку, — няўдзячная справа. Бо ў кожнага чытача — свой мастацкі густ. Але хацелася б звярнуць увагу на асаблівасці творчай манеры пісьменніка. Яго невялікія, але гранічна завостраныя творы грунтуюцца на глыбокіх народных традыцыях гумару, для якога характэрна прастата пераказу, дасціпныя слоўцы і прымаўкі з мясцовых гаворак, арыгінальны сюжэт, метафарычна абмаляваныя вобразы, гратэскны стыль».

На асаблівасці творчай манеры Міколы Падабеда адразу звярнуў увагу і я. З першай жа прачытанай гумарэскі «Раман на тры ночы», у якой аўтар высмейвае раўніўца Фёдара Шпунціка. Жонка літаратурнага героя Веранічка паехала адпачываць у санаторый. Аднойчы патэлефанаваў Фёдар ёй бліжэй да ночы:

— Што ж ты так позна робіш? — і павысіў голас: — Можа, забаўляешся там з кім?

— Ага, забаўляюся!... — не стала таіцца жанчына.

— Хто ён? — аж затросся Фёдар.

— Раман.

— Адкуль?

— З Францыі…

Малаадукаваны муж нават і не падумаў, што раман — гэта не імя чалавека, а кніга, напісаная ў такім жанры. А паколькі твор звязаны з падзеямі ў Францыі, то Веранічка чытала твор Аляксандра Дзюма. Урэшце, пасля тлумачэнняў жонкі, Шпунцік папрасіў у любай прабачэння і цвёрда вырашыў: заўтра ж ісці ў бібліятэку. Згадзіцеся, такіх фёдараў у нашым жыцці яшчэ хапае. Дарэчы, сюжэты для гумарэсак Міколы Падабеда ўзяты з рэчаіснасці.

А мова твораў Міколы Іванавіча — сакавітая, багатая, вясёлая, сапраўды народная (сам пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Пожар на Клімавіцкай зямлі). З задавальненнем чытаюцца ягоныя выразы «пакалякаем пра твой таямнічы камень», «замок на рот павесіш», «пачэпаў у магазін», «назюзюкаліся, што пачалі цалавацца» і іншыя трапныя выказванні.

Усхвалявана чытаю пасля гумарэсак раздзел «На крутых паваротах жыцця» — ён пачынаецца з невялікай дакументальнай аповесці «Рубцы на сэрцы». Яе сутнасць у тым, што ў 1966 годзе маладыя журналісты Клімавіцкай раённай газеты «Новае жыццё» Мікола Падабед і Браніслаў Прошка заступіліся за сялянку Васіліну Старавойтаву. Яе сын Міхась, які загінуў на фронце, — Герой Савецкага Саюза. Васіліна Сяргееўна жыла ў хаце-развалюсе, уросшай у зямлю бы партызанская зямлянка, а былы паліцэйскі — у шыкоўнай пяцісценцы. Напісалі аб гэтым у газеце. Ды не ў раённай (бо не дазволілі), а ў рэспубліканскай. Што тады ўсчалося! Абодвух праўдалюбаў выключылі з партыі і звольнілі з работы. Давялося ім ехаць за справядлівасцю ў Маскву, у газету «Правда» — друкаваны орган Цэнтральнага Камітэта КПСС.

І там журналісты знайшлі падтрымку. Пасля тэлефоннай размовы «зверху» з тагачасным першым сакратаром абкама КПБ Глебам Крывуліным абодвух аднавілі і на рабоце, і ў радах партыі. Толькі надта дорага для здароўя гэта каштавала.

Шчырым, прынцыповым, справядлівым быў Мікола Падабед і на пасадзе рэдактара газеты ў Бялынічах, дзе хапіў ліха ад рознага калібру прахіндзеяў. Гэта відаць з твораў «Пуп зямлі», «Бура ў шклянцы вады», «Паляванне на сына», «Інтэрв’ю з прэм’ерам», «Лінія жыцця». Дарэчы, журналісцкі лёс у свой час адарваў Міколу Падабеда сустрэчамі з Вячаславам Кебічам, генералам міліцыі Мікалаем Шаранковым, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандрам Лапацентавым, беларускімі пісьменнікамі Васілём Найдзіным, Уладзімірам Правасудам, Сяргеем Законнікавым.

 Мікола ЛЕЎЧАНКА

Юбіляру Міколе ПАДАБЕДУ

Над алтаром сівых вякоў

Глядзяць задумлівыя фрэскі,

З саміх, напэўна, Аўцюкоў

Пайшлі ў людзі гумарэскі.

 Жывецца з імі нам лягчэй,

Калі да гумару сатыра

Ў цішы бялыніцкіх начэй

Ляціць над пожнямі ў вырай.

А потым вернецца дамоў,

На крылах прынясе надзею,

Пачне высмейваць ізноў

Двурушнікаў і прахіндзеяў.

З-пад вострага яго пяра

На чысты аркуш лягуць словы.

І прыйдзе лепшая пара

Для роднай беларускай мовы.

У душах будзе светлы храм,

Які заўжды мінаюць беды...

Жадаю шчасця Васількам

І свайму сябру Падабеду.

Мікола ЛЕЎЧАНКА, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Ад «БН». Калектыў рэдакцыі далучаецца да ўсіх віншаванняў і зычыць юбіляру ўсяго самага лепшага, шчырага і асабліва — здароўя!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter