Интервью с Александрой Бутор - режиссером фильма "Белые росы. Возвращение"

Рэжысёрскі Трамплiн Аляксандры Бутар

Пакуль яе равеснікі думаюць, мараць, учарашняя выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў без страху ўзялася за «Белыя Росы. Вяртанне»
Дазволіць сабе такую раскошу, як здымаць кожны год па мастацкаму фільму, можа далёка не кожны мэтр. А выпусціць адразу дзве ігравыя стужкі — гэта наогул праява фантастыкi. Вось і Аляксандра Бутар — персанаж нейкі, я б сказала, фантастычны: сказала сама сабе, што хоча ў кінематограф, і практычна без стуку ўвайшла ў яго. Пакуль яе равеснікі думаюць, мараць, учарашняя выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў без страху ўзялася за «Белыя Росы. Вяртанне», следам зняла і псіхалагічную драму «Салодкае развітанне Веры». Вядома, не ўсё атрымалася, так як хацелася, шчыра прызнаецца маладая рэжысёр. Але яна гатовая за ўсё адказаць.

Фота  Яўгенii  НАЛЕЦКАЙ

— Саша, скажыце, ці не шкадуеце, што з тэлевізійнай рэжысуры перайшлі ў кіно?

— Не. Рабіла гэта свядома. Гэта было маёй марай. 

Паміж здымкамі фільмаў у мяне былі прапановы з тэлебачання. Але я адмовілася, таму што пасля маштабаў ігравога кіно ўсё астатняе здаецца ўжо не тым. Хачу ісці толькі наперад.

— Гэта значыць, музычных кліпаў ад Бутар і тэлевізійных мюзіклаў больш не будзе?

— Думаю, так. І гэта не какецтва. Проста, напэўна, я ўжо і не здолею працаваць у малых жанрах. Нядаўна мяне папрасілі зняць кліп, а я не змагла прыдумаць гісторыю на тры хвіліны.

— Але ў ранейшай сферы вам пастаянна спявалі дыфірамбы, а цяпер і камяні іншы раз ляцяць...

— Кінематограф — сфера сур`ёзная. Гэта вам не троххвілінны кліп, гэта зусім іншая адказнасць. Словам, ведала куды ішла.

— Часта плачаце ў падушку?

— Бывае. Але крыўда хутка адступае. Я цяжкасцяў наогул не памятаю. У мяне ёсць два фільмы, і я шчаслівая. Не памятаю, каб на «Белыя Росы. Вяртанне» была нейкая рэзкая крытыка. Фільм дастаткова цёпла прынялі. Я з ім праехала па розных кутках Беларусі, былі ў Расіі і Літве. Бачыла, як людзі рэагуюць, і зразумела, што ўсё мы зрабілі добра.

 «Вера» — наогул мой любімы фільм. Дарэчы, з Юляй Гірэль і Аляксеем Дударавым мы цяпер працуем над сцэнарыем «Радавых», вельмі складана ідзе працэс.

— Гэта значыць, зараз, як і кожны ў Беларусі рэжысёр, вы будзеце здымаць пра вайну?

— Так, вельмі хачу. Але патрэбен добры сцэнарый. Здымаць толькі таму, што наблiжаецца гучная дата, не буду. Калі атрымаецца класны матэрыял, то абавязкова вазьмуся. Галоўнае — не сапсаваць п`есу. Хочам узяць адтуль толькі лепшае.

— Цікава, а Аляксей Дудараў не адмахваецца ад «Вяртан-ня», усё ж такі «Белыя Росы» былі мацней?

— Мы пасябравалі з Аляксеем Ануфрыевічам. Ён не ўмешваўся ў маю працу, наадварот, я яго ўвесь час тузала: «Паглядзіце, што атрымліваецца». Задаволены вынікам, інакш, напэўна, не даверыў бы мне «Радавых».

— Адна з найбольш частых да вас прэтэнзій: чаму ў двух беларускіх фільмах галоўны акцёр — літовец Ёзас Будрайціс? І калі ў «Росах» ён арганічны, у «Веры» ж слаба цягне на героя-палюбоўніка.

— У другім фільме я не збіралася яго здымаць, заўсёды ў першую чаргу адгледжваю беларускіх акцёраў. Было некалькі цікавых прэтэндэнтаў. Але атрымлівалася нейкае несупадзенне: знешне выдатны тыпаж, але ён не спраўляўся чыста па-акцёрску, і наадварот. Калі мы ўжо страцілі надзею, дырэктар карціны кажа мне: «Давай паспрабуем Ёзаса». Сітуацыя сапраўды атрымлівалася неадназначная: кіно беларускае, а галоўны акцёр — літовец, прычым другі раз запар. Я папрасіла Будрайцiса прайсці  спробы — выпадак унікальны. Акцёры такога ўзроўню звычайна наўпрост трапляюць у карціны, пад іх адмыслова пішуцца сцэнарыi. Ён па прычыне добрага стаўлення да мяне пагадзіўся. І тады я ўжо сама ніякага іншага акцёра не магла ўявiць. Дзякуючы яму, лічу, атрымалася нядрэннае еўрапейскае кіно.

— І з актрысамі ў нас таксама непарадак, раз вы запрасілі на галоўную ролю літоўку Нэлі Савічэнка-Клімене?

— Не, з імі не ўсё так дрэнна, але... Добра сказаў Валерый Тадароўскі: «Артыст добры, але не мой памер». Экран — гэта падрабязнасці, усё павінна пацэлiць у дзясятку. Вядома, прыходзiлi на пробы і беларускі. Я шукала пародзістую жанчыну, хацела такую Мэрыл Стрып у яе пяцьдзясят гадоў. Калі Ёзас даведаўся пра гэта, прапанаваў Нэлі, якую я наогул не ведала.

— Крытыкі лічаць, што галоўны недахоп «Салодкага развітання Веры» — прадказальны хэпі-энд. Гэта ж, дарэчы, было і ў «Росах». Што адкажаце?

— Гісторыя простая, і справа не ў тым, што ты адразу разумееш, хто з кім застанецца, а, гледзячы на герояў, мы хочам, каб менавіта так было. Бо ўсе выдатна ведаюць, чым скончылася «Рамэа і Джульета», але здымаюць і здымаюць гэтую гісторыю. 

— Вы задаволеныя вынікам працы?

— Недахопы бачу, пастаянна спрабую іх выпраўляць і больш не паўтараць. Таму «Росы» і «Вера» вельмі розныя. Калі кусаць локці з думкамі накшталт «проста мне не хапіла грошай», то гэта шлях у тупік. Калі ж прыкмячаць свае прафесійныя памылкі, буду развівацца. Таму ў «Росах» бачу памылку на памылцы, а «Веру» глядзела з задавальненнем. Але абяцаю, што буду рабіць яшчэ лепш.

— Бяда нашага кінематографа, што ён не можа вярнуць выдаткаваныя на вытворчасць фільмаў грошы. Як лічыце, вашыя карціны могуць зарабіць па мільёну долараў?

— Афіцыйны бюджэт «Веры» — пяцьсот тысяч долараў, але ўлічваючы падаткі і іншыя выдаткі, на саму вытворчасць пайшло значна менш. Як вярнуць гэтыя грошы? Пара паказаў на цэнтральных расійскіх каналах.

— Саша, калі ўсё так проста, чаму б тады самой не заняцца прасоўваннем, можа быць, нават прадзюсiраваннем?

— Ёсць у мяне такое жаданне. Яно заўсёды было, а ўжо калі я сама зрабіла ў кiнатэатры «Кастрычнік» прэм`еру «Белых Рос. Вяртанне», яшчэ больш у гэтым умацавалася. Аказалася, што падобнае мерапрыемства можна правесці без адзінага рубля з дзяржаўнай казны.  Ды і мой першы фільм паказаў, што раскруціць, пракаціць па краіне і прадаць яго зусім нескладана. Заўважыла, што ў абласцях, ды і ў раённых кінатэатрах нацыянальныя фільмы чакаюць, яны там запатрабаваныя. Ім ужо хапіла Галівуда і іншага, хочуць свайго.

— Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што беларускімі фільмамі можна і па кінатэатрах касу сабраць?

— Так, не ведаю дакладных лічбаў па «Росам», але яны прыстойныя. І звярніце ўвагу, без асаблівых укладанняў у рэкламу. А калі б трошкі выдаткаваліся, было б яшчэ лепш. У Расіі можна было б прыстойна зарабіць. У Маскве мы прадстаўлялі фільм у кінатэатры «Космас». Сыходзілі з залы пад фінальныя тытры, таму што спазняліся на цягнік, дык  людзі ці ледзь не з кожнага месца крычалі «дзякуй».

Наталля СЦЯПУРА 

stepuro@rambler.ru
Фота  Яўгенii  НАЛЕЦКАЙ.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter