У цэлым працэдура запісу для ўдзелу ў ЦТ адладжаная, і вялікіх праблем тут не ўзнікае

Рэгістрацыя. Хваляванне адмяняецца

Раніца. 2 мая. Па сутнасці, сярэдзіна святочнага доўгага ўікэнда, які супаў з важным этапам уступнай кампаніі — пачаткам рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне. Напэўна, усе раз’ехаліся па дачах і яўкі не будзе, палохалі мяне калегі і знаёмыя. Рыхтуюся да доўгага чакання першага і, магчыма, адзінага абітурыента. Але дзе там.



У кабінеце 109В 4-га корпуса БДУІР застаю аператара аргкамітэта па рэгістрацыі на ЦТ Аксану Равінскую за кансультацыяй, якую яна дае мінчаніну Аляксандру Бойку. «Ваш першы экзамен 14-га, другі — 17-га і трэці — 24 чэрвеня. Уважліва прачытайце памятку, прыходзьце за гадзіну да пачатку кожнага з экзаменаў», — мякка і з усмешкай інструктуе яна. Некалькі хвілін, і абсалютна шчаслівы хлопец з запоўненым бланкам і пропускамі на экзамены рухаецца ў бок да выхаду.

«Як усё прайшло? — цікаўлюся. — Рэгістрацыяй засталіся задаволеныя?» Малады чалавек сцвярджальна ківае, маўляў, справіліся аператыўна, рэгістрацыя праходзіць добра, хутка, якасна. Аператар вельмі дапамагае, усё тлумачыць. «Мне засталося толькі паставіць свой подпіс. Думаў, усё будзе больш складана», — прызнаецца ён.

Падтаквае яму і Аксана Равінская, якая працуе ў аргкамітэце па рэгістрацыі на ЦТ больш за 10 гадоў. «Немагчыма параўноўваць рэгістрацыю зараз і нават яшчэ некалькі гадоў таму, — гаворыць яна. — Раней на аднаго чалавека можна было выдаткаваць да паўгадзіны. Усё запаўнялася ўручную. Абітурыенты хваляваліся і маглі зрабіць памылку нават ва ўласным прозвішчы, даводзілася запаўняць бланкі па некалькі разоў. Зараз гэта — задача аператара, ад абітурыента патрабуюцца толькі пашпарт і квітанцыя аб аплаце. І трэба на гэта лічаныя хвіліны. Усё дзякуючы спецыяльнай праграме, з дапамогай якой мы можам зарэгістраваць абітурыента ў любы пункт праходжання ЦТ па краіне. Таксама можна з любога пункта зарэгістравацца для праходжання ЦТ у БДУІР. Дарэчы, аўтарам праграмы выступіла наша ВНУ».

І ўсё ж, нягледзячы на такія выгоды, абітурыенты працягваюць прыязджаць з усіх куткоў Беларусі для запісу менавіта ў тыя ВНУ, дзе плануюць праходзіць тэсціраванне. І менавіта туды, куды ў далейшым плануюць паступаць. 

«Да нас едуць адусюль, — гартае журнал уліку Аксана Равiнская. — Сёння быў хлопец з Віцебшчыны, напрыклад. Ён мог зарэгістравацца дзе заўгодна, але прыехаў сюды». Многія хлопцы і дзяўчаты, па словах Аксаны Іванаўны, хочуць здаваць ЦТ менавіта там, дзе, скажам, займаліся на падрыхтоўчых курсах. Тут у прамым сэнсе сцены дапамагаюць: няма таго хвалявання, якое можа быць у незнаёмым месцы, можна пазбегнуць нейкіх непрыемных сюрпрызаў. І, вядома ж, атмасфера добразычлівасці, якую ўжо з першага моманту знаёмства з ВНУ ствараюць аператары, таксама азначае нямала.

Алена Мельнік з дачкой Машай прыехала сюды са Старых Дарог. Каб зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ менавіта ў БДУІР, бо дачка плануе паступаць у гэтую ВНУ на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. «Тата наш сказаў, што бухгалтараў сёння ў краіне дастаткова, а вось IT-спецыялісты вельмі запатрабаваныя», — дзеліцца яна. Вось уся сям’я прачнулася раніцай і адправілася ў сталіцу. Хоць, прызналася жанчына, падстаў для прыезду было адразу некалькі. Адна з іх — набыццё для дачкі сукенкі для выпускнога. Толькі вось настрой некалькі сапсавалі ў мінскіх сберкасах пры аплаце кошту рэгістрацыі. «Здавалася б, што тут складанага? Але, аказваецца, у святочны дзень зрабіць самую элементарную аплату няпроста: палова банкаў не працуюць, прыйшлося прайсцi ўвесь праспект», — скардзіцца яна.

Дарэчы, кошт рэгістрацыі ў сувязі з павелічэннем базавай велічыні вырас да 18 тысяч беларускіх рублёў. Прайсці працэдуру рэгістрацыі можа не толькі абітурыент, але і яго прадстаўнік пры наяўнасці даверанасці. «Гэтай магчымасцю карыстаюцца досыць часта, — кажа Аксана Равiнская, — бо рабяты ў гэты час часта з’язджаюць на спаборніцтвы, у навучальныя лагеры і гэтак далей».

У цэлым працэдура запісу для ўдзелу ў ЦТ адладжаная, і вялікіх праблем тут не ўзнікае. Мабыць, за рэдкім выключэннем. «Галоўная праблема, з якой сутыкаюцца на рэгістрацыі, — гэта тэрмін дзеяння пашпарта. Бывае так, што ў момант рэгістрацыі ён яшчэ сапраўдны, а да моманту правядзення ЦТ падлягае абмену. Хочацца нагадаць дзецям быць больш уважлівымi з дакументамі», — раіць Аксана Равінская.

Цікава, што на рэгістрацыю хлопцы і дзяўчаты рэдка прыходзяць адны. Часцей кампаніямі, ледзь ці не ўсім класам. «Працэдура дробязная, але само разуменне таго, што гэта першы крок на шляху да ўступнай кампаніі, прымушае хвалявацца, — выказвае меркаванне Аксана Равінская. — Часта іх прыходзяць падтрымаць бацькі».

Была, напрыклад, сітуацыя, калі мама з дачкой запісваліся ў розных пунктах, а ў выніку пісалі ЦТ за адной партай. «Прычым дачка напісала хутка, а мама яшчэ доўга сядзела над бланкам адказаў, — усміхаецца субяседніца. — Але часцяком тыя, хто прыходзіць на ЦТ для атрымання другой вышэйшай адукацыі, здаюць экзамены не горш за ўчарашніх выпускнікоў».

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter