Растуць на градах велiканы

Бабруйчанiн Вiктар Пракопчык рыхтуецца да новых рэкордаў у агароднiцтве

Бабруйчанiн Вiктар Пракопчык рыхтуецца да новых рэкордаў у агароднiцтве

Дом i прысядзiбны ўчастак Вiктара Пракопчыка звернуты да сонца. Навокал так цiха, што можна пазайздросцiць. «Знарок выбiраў такую мяс­цiну, — кажа гаспадар, — каб я нiкому не перашкаджаў i мне нiхто. Тады i праца iдзе лепш».

Пракопчык звязаў лёс з агароднiцтвам, калi з’ехаў... у Сiбiр. Расказвае: «Пасля армii была моднай цалiна, усялякiя новабудоўлi... Вось i мы з армейскiм сябрам махнулi ў Омск, дзе ўзводзiўся нафтаперапрацоўчы камбiнат. Уладкавалiся, усё як мае быць. Аднак, маючы за плячамi дзесяцiгодку, я вырашыў вучыцца далей. I паступiў завочна ў сельскагаспадарчы iнстытут. Тры курсы асiлiў, i мне сказалi: «Вучышся ў сельскагаспадарчай навучальнай установе — значыць, i працаваць павiнен у вёсцы». Так я апынуўся ў адной з тамтэйшых гаспадарак. Мяне адразу прызначылi брыгадзiрам агароднiцкай брыгады: маўляў, з адукацыяй ды беларускiм вопытам — пацягнеш.

Той перыяд Вiктар Паўлавiч успамiнае з асаблiвай цеплынёй. Была якраз хрушчоўская «адлiга», укаранялася акордна-прэмiяльная аплата.

— Ураджай дыктаваў заробкi. Ну мы i ўзялiся за працу. Iмкнулiся ўсё рабiць па навуцы, укаранялi навiнкi. Я скончыў адпаведныя курсы i сеў за руль трактара. У калектыве была ўзаемазамяняльнасць. Кожны стараўся як мага лепш выконваць свае абавязкi. Ураджайнасць у нас была вышэйшай, чым на Омскiм цяплiчным камбiнаце. Нас ставiлi ў прыклад, выклiкалi на канферэнцыi, злёты...

Пасля Пракопчыка адправiлi галоўным аграномам у адну з гаспадарак Цюменскай вобласцi. «Во, — расказвае, — камароў пакармiў. Сама гаспадарка — шэсцьдзесят кiламетраў у даўжыню, цяжкасцей хапала, затое якую школу прайшоў!»

У саўгасе «Кiсялевiчы» Бабруйскага раёна з iм таксама лiчылiся. А ён быў задаволены не зусiм: марыў разгарнуцца на ўласным кавалачку зямлi.

I тут якраз пайшоў дачны бум. Пракопчык атрымаў участак у кааператыве, якi адносiўся да гарадскога аддзела адукацыi. «Будзеш нас вучыць, як вырошчваць моркву i буракi», — жартавалi суседзi. Вiктар Паўлавiч тлумачыў, падказваў, нават спецыяльныя курсы арганiзаваў. Да яго прыходзiлi за парадай i назiралi: быццам нiчога асаблiвага не робiць, але ўраджай атрымлiвае намнога вышэйшы. «Як жа так, — дзiвiлiся дачнiкi, — i мы ж таксама старалiся...» — «Старалiся, ды не ў той бок, — чулi ў адказ. — Не накармiлi глебу як след, не знiшчалi ў самым зародку пустазелле, не далi раслiнам таго, што яны любяць...»

Нягледзячы на свае семдзесят чатыры гады, Пракопчык сёння i свой участак апрацоўвае, i дачкi, i яшчэ адной знаёмай. Каля гектара зямлi набiраецца. Толькi памiдораў вырошчвае каля двух дзесяткаў гатункаў, а яшчэ — агуркi, кабачкi, усемагчымая гароднiна. Кожны год у яго навiнкi: сам вывеў дыню «бабруйская ранняя», насенне закупляе ў навукова-даследчых iнстытутах, па перапiсцы. У садзе Вiктара Пракопчыка растуць персiкi, каля дваццацi вiдаў вiнаграду.

— Мы прывыклi, — працягвае ён, — гаварыць: «Калi б не надвор’е...» Ды пры любым надвор’i можна атрымлiваць высокiя ўраджаi! Iншая справа, надвор’е можа нам паспрыяць, дапамагчы, а можа прымусiць працаваць больш напружана. Ураджай ад чалавека залежыць. Няма дрэнных зямель, ёсць дрэнныя гаспадары...

Як распараджаецца сваёй прадукцыяй агароднiк? Рэалiзуе яе на рынку, шчодра раздае родным, знаёмым. А яшчэ Пракопчык «раскапаў» сваю радаслоўную да дзесятага калена i збiраецца выдаваць кнiжку. Журналiсцкiя навыкi ў яго ёсць, некалi ўзначальваў сельгасаддзел у раённай газеце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter