Расцi i мацней, прыроды велiкан

Хто,   калi   не   мы   самi,   выратуе   памiраючыя   нашы   дубравы...

Хто,   калi   не   мы   самi,   выратуе   памiраючыя   нашы   дубравы...

Асабiста для мяне лес — зусiм не маўклiвыя дубы, сосны, ялiны, бярозы. Для мяне кожнае дрэва – жывая iстота, якая мае сваё цiкавае жыццё, свой характар, звычкi. Нават, не пабаюся гэтага слова, сваю гiсторыю. Усё гэта стварае агульны, надзвычай багаты i прывабны партрэт лесу, яго вобраз, сатканы прыродай з мноства фарбаў, гукаў, уражанняў, нашага глыбокага фiласофскага ўспрымання, без чаго не можа жыць сапраўдны беларус. Меў рацыю Антон Чэхаў, калi сказаў, што лес вучыць нас разумець прыгожае.

Адчуваю: з гадамi мяне цягне да лесу ўсё мацней. Вiдаць, «спра-цоўвае» пачуццё, што ўвайшло ў маё сэрца з дзяцiнства, калi  родная наша вёска была цесна заручана з лесам i балотам. А мо, так наканавана самой прыродай. Як бы там нi было, лiчу сябе шчаслiвым, бо аддана люблю лес, заўсёды iм захапляюся, а ўзiмку асаб­лiва. Вось толькi адна гiсторыя, у якой галоўныя дзеючыя асобы... дрэвы, аўтар гэтых радкоў i, на жаль, нядобрыя людзi.

Зiмой на гэтай невялiчкай палянцы, з усiх бакоў дбайна атуленай густымi соснамi, цiха i спагадна. У самым яе цэнтры расце малады дубок. Я прыйшоў да яго, каб паглядзець, як жыве ды адчувае сябе мой, можна сказаць, хрэснiк. Гляджу i шчыра радуюся: хоць i зiма на двары, i маразы часам здорава цiснуць, а дубок хоць бы што. Па-свойму вясёлы, з горда ўзнятай прыгожай вершалiнкай, у самым добрым настроi. Дакранаюся да ствала i, здаецца, адчуваю цяпло. Ствол роўны i моцны, дзякуй богу, нiякiх парэзаў. А было ж зусiм iнакш, бяда напаткала аднойчы гэты дубок.

Калi некалькi гадоў назад я ўпершыню завiтаў на гэтую самую палянку i ўбачыў яго, мiжволi спы-нiўся здзiўлены i ўражаны. Дубок рос тут абсалютна адзiн, побач нi дрэўца, нi кусцiка. Ад яго да краю палянкi, першых сасонак было метраў дзесяць-пятнаццаць. Як жа ён тут вырас, пытаўся я сам у сябе? I меркаваў так. Жолуд прынесла нейкая птушка, скажам, тая ж сойка. Цi грыбнiк, назбiраўшы ў лесе кiшэню жалудоў, незнарок згубiў адзiн. Чамусьцi мне вельмi хацелася думаць: пэўна ўсё ж чалавек мае непасрэднае дачыненне да такога хвалюючага чыстага хараства, як малады дубок сярод гэтага прыволля. Мабыць, каб не пуставала маляўнiчая палянка, чалавек выкапаў дзесьцi ў лесе саджанец i пасадзiў тут. I даглядаў яго, пакуль той падрастаў. Безумоўна, гэта быў жыхар з суседняй вёскi, што ляжала за кiламетр ад лесу. Колькi ж часу прайшло з тае пары. Дуб жа расце вельмi марудна, i трэба мець вялiкае цярпенне i чакаць не адзiн дзесятак гадоў, каб убачыць такiх стройных прыгажуноў, якiя сустракаюцца ў нашых лясах. Толькi першыя жалуды дрэва дае праз трыццаць-сорак гадоў пасля пасадкi.

Гэты дубок на палянцы набраў вышыню метраў каля шасцi. Значыць, пасаджаны даўно, мо, ужо i няма таго чалавека, якi пакiнуў пасля сябе такую незвычайную памяць. А мо, палянка была для яго вельмi дарагой i значнай у жыццi, таму i аздобiў яе такiм цудоўным дрэвам.

З тае пары я часта наведваўся да таго дубка. I кожны раз, стоячы побач з iм, адчуваў незвычайнае задавальненне. Мне тут было спакойна i добра, быццам сустракаўся са шчырым сябрам.

Аднойчы я прыйшоў да «свайго», як прывык называць, дубка i жахнуўся ад таго, што ўбачыў. Палянка была бязлiтасна вытаптана. Пасярод чарнела вялiкае кастрышча. Навокал валялiся галавешкi, пустыя бутэлькi, бляшанкi, рознае смецце. На галiнцы дубка вiсела аўтамабiльная пакрышка. Некалькi галiнак зламана, i на iх надзеты вялiкiя пластмасавыя бутэлькi. Я глядзеў на ўсе гэтыя пачварныя рэчы i думаў: што ж за людзi тут былi? Цi ж можна сябе так паводзiць у адносiнах да цудоўнай прыроды, якая наш агульны дом?

А дубок? Ён, здалося мне, быў у роспачы, спалоханы, быццам адчуваў небяспеку, што навiсла над iм. Ды не здалося, вось у чым бяда. Калi я падышоў блiжэй, то ўбачыў на маладым ствале глыбокiя парэзы, нiбы цяжкiя раны на целе бездапаможнага дрэва. Яшчэ вострым болем бiлi ў маё сэрца недарэчныя словы: «Тут быў я. Эдзiк». «Ад нас на памяць. Iгар, Дзянiс, Палiна, Iна». Вось якое дзiкунства, iнакш такiя паводзiны  не назавеш. Ясна, тут бавiла час вясёлая кампанiя маладых людзей, безумоўна, з горада.

Канешне, я не мог пакiнуць дубок у бядзе. Перш-наперш пайшоў на знаёмае месца,  дзе ёсць глiна. Накапаў яе i акуратна замазаў парэзы, тыя самыя  «аўтографы». Скiнуў усё, што вiсела на галiнах, прыбраў палянку, сабраў пакуль усё ў кучу. Потым пайшоў дамоў, узяў чыстую дошчачку i напiсаў: «Яма для смецця». Прыхапiў рыдлёўку, вярнуўся на палянку i збоку, пад кустом, выкапаў яму,  прыладзiў на слупку тую самую дошчачку.

Пасля гэтага выпадку палянка заставалася ў парадку, тут дружна бралася зялёная мяккая трава, паволi закрывала сляды нядобных людзей. I дубок павесялеў, гусцела яго акуратная, быццам дбайна падстрыжаная, вершалiна, iграючы сакавiтым лiсцем. Нiякая вясёлая кампанiя больш на палянцы не з’яўлялася, можа, тая, што напаскудзiла тут, знайшла iншае месца...

А неўзабаве, дзякуй богу, прыйшла ў гэтае месца добрая падзея. На лузе, з якiм мяжуе лес, трактар праклаў глыбокiя барозны, i два днi запар мясцовыя школьнiкi пад наглядам ляснiчага высаджвалi кволенькiя саджанцы сасонак i ялiнак. Ляснiчы мне растлумачыў, што такое залясенне тут праве­дзена па плане лясгаса. Справа дзяржаўная, а гэта – парадак на пасадцы,  вакол яе строгая ахова лясной службай. А палянка ж з маладым дубком зусiм побач. Ну што ж, канец вольнасцi для вясёлых кампанiй. Так i атрымалася. Дубок, ля якога я зараз стаяў, быццам адчуў, што небяспека мiнула, i расце прывольна i спакойна.

Ну што тут асаблiвага, можа, скажа iншы чытач. У нашых лясах вялiкае мноства такiх дубкоў, i, зразумела, частка iх гiне па розных прычынах. У тым лiку i ад рукi чалавека, нiчога тут не зробiш. Пачакайце, шаноўныя. Я пазванiў у наша Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў  i аховы навакольнага асяроддзя, спытаўся, колькi ж сёння ў беларускiх лясах дуброў? Аказваецца, усяго толькi тры з паловай працэнты. Вядома, попыт на знакамiтае дрэва быў такi ж высокi i раней. Вось красамоўныя звесткi.  Яшчэ ў недалёкiм мiнулым у буда-кашалёўскiх, васiлевiцкiх, тураўскiх, асiповiцкiх лясах дубы дыяметрам 1,5—2 метры былi не такой ужо рэдкасцю. Калiсьцi iх прадавалi паштучна з аўкцыёну. Вiдавочцы расказвалi, што для падвозу аднаго такога бервяна да чыгуначнай станцыi Буда-Кашалёўская спатрэбiлiся спецыяльныя санкi i 10 параконных запрэжак. Па чыгунцы дуб везлi на спецыяльнай платформе.

Такая каштоўнасць дубу – у яго выключна высокай цвёрдасцi, даўгавечнасцi. I прагажосцi малюнка драўнiны, што дазваляе шырока выкарыстоўваць яго ў самых розных мэтах. А яшчэ ён карысны, бо з яго кары, лiсця, жалудоў рыхтуюць шмат каштоўных лекаў. Ну i дуб – сiмвал магутнасцi i прыгажосцi нашай прыроды, ён апеты ў песнях, жыве ў народных паданнях, казках...

На жаль, адносiны Мiнлясгаса Беларусi да дуба, мякка кажучы, незразумелыя. Спашлюся на некаторыя лiчбы, якiя нядаўна назвала «Р» у сур’ёзным крытычным артыкуле па праблемах нашага лесу. Толькi ў мiнулым годзе ў 13 з 15 правераных лясгасаў усiх абласцей выяўлена 112 гектараў участкаў лесу з загiнуўшымi культурамi дуба i хвойных пасадак. У Маларыцкiм лясгасе дубы пасадзiлi, але ж не даглядалi iх, у вынiку чаго яны загiнулi. А ў справаздачах ператварылiся ў дуброву. Такi ж малюнак назiраецца ў Верхня-дзвiнскiм, iншых лясгасах. Мо, сёлета, у Год роднай зямлi, будзе скончана з такiмi папяровымi дубровамi, гэта проста неабходна.

Такiя вось думкi вярэдзяць маё сэрца, калi ўспамiнаю пра дубок на палянцы. Мiнулым летам пад дубком паспелi – першы раз —  сунiцы, надзвычай духмяныя i сакавiтыя, я iх каштаваў i зноў парадаваўся: разам мы збераглi цудоўную мясцiну. I думаецца мне, цi не аддзячыў нам дубок смачнымi ягадамi за клопаты i павагу да яго. Хай будзе так.

Ах, лясны мой куток!

Ты лагодны i мiлы.

Тут прыгожы дубок

Набiраецца сiлы.

Тут зiмой кожны год

Маладыя ялiны

Водзяць свой карагод,

Рассыпаючы iней.

Снег навокал ляжыць

I бялюткi, i чысты,

Лес маўклiвы стаiць

У цiшы ўрачыстай.

Тут утульна заўжды,

Гэта месца святое...

Я прыходжу сюды

Прасвятлiцца душою.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter