За суткі снегаплавільная машына перапрацоўвае 170 самазвалаў снегу

Растапiлi сэрца зiме

Снег з мінскіх вуліц акрамя 18 палігонаў часовага захоўвання цяпер вязуць на снегаплавільную станцыю ў мікрараёне Чыжоўка. Гэта прынцыпова новы падыход да ўборкі снегу для краіны. Карэспандэнт «Р» пабывала на станцыі і высветліла, як з яе дапамогай плануюць палепшыць экалогію ў горадзе.

Снегаплавільня — аб'ект сезонны, і на летні час яго закансервуюць

Раней снег з гарадскіх вуліц звозілі на спецыялізаваныя палігоны за межамі МКАД, там ён раставаў натуральным шляхам. Цяпер яго ўтылізуюць з дапамогай тэрмічных рэсурсаў гарадской каналізацыі.

— Прымаем у сярэднім па 170 машын снегу за суткі. Гэта прыкладна палова ад максімальнай магутнасці ўстаноўкі. Яна складае 5 тысяч кубаметраў у суткі, ці больш за 330 МАЗаў. Так што пакуль спраўляемся, — сустракае мяне намеснік начальніка вытворчасці «Мінскачыствода» Іван Цыбін.

Першым чынам вадзіцелі самазвалаў накіроўваюцца да кантралёра, які фіксуе груз. Згодна з запісам да 10 гадзін раніцы на станцыі пераплавілі 290 кубаметраў снегу. А гэта каля 20 самазвалаў. Праца ідзе спорна: грузавікі пад'язджаюць адзін за адным, высыпаюць змесціва кузава і ад'язджаюць за новай порцыяй снегу.

Запоўніўшы дакументы, ва­дзі­цель чарговага самазвала пад'язджае кузавам да меха­нізаванага прыёмнага бункера з драбілкамі. У ім чатыры секцыі: у тую, над якой гарыць зялёнае святло, і можна скідаць снег. Працуе ўстаноўка ціха, толькі калі запускаюцца драбілкі, чуецца папераджальны сігнал. Высыпаны з кузава снег у лічаныя секунды перамолваецца і знікае з віду — ссыпаецца ў снегаплавільную камеру пад зямлёй. Туды пад напорам трапляе каналіза­цыйная вада тэмпературай у сярэднім 16 градусаў цяпла, і снег растае. Затым гэтая сумесь падаецца на Мінскую ачышчальную станцыю. Патопу не будзе: нават пры працы снегаплавільні на поўную магутнасць аб'ём сцёкавых вод, што паступаюць на ачышчальную станцыю, павялічыцца не больш чым на 1%.


— Пясок, які змя­шчаецца ў снезе, асядае ў пескалоў­цы. У канцы пескалоў­кі ўстаноўлены спецыяльны рашэ­ціс­ты ко­шык для буй­нога смецця, напрыклад пластыкавых бутэлек. Змесціва гэтых кошыкаў трэба вывозіць 

на палігон цвёрдых бытавых адходаў. У прынцыпе, снег у горадзе чысты: устаноўка працуе ўжо месяц, а вычышчаць кошык яшчэ ні разу не даводзілася, — дадаў Іван Цыбін.

Запускаюць драбілку з дапамогай пульта кіравання, адтуль усё відаць як на далоні. Сёння за пультам аператар  ачышчальных збудаванняў Андрэй Альховік.

— Адпраўляй на першую! — крычыць ён свайму памочніку ў аранжавай камізэльцы, які кіруе працэсам унізе, размяркоўваючы машыны паміж секцыямі.

Адсюль добра праглядаюцца пад'язныя шляхі да станцыі, па якіх едуць кліенты — гружаныя снегам самазвалы. Адзін з іх прама цяпер скідае груз у першую секцыю. Трохі прасыпалася. Якраз на такі выпадак на станцыі працуе пагрузчык, які падчышчае тэрыторыю.

Аператар сочыць за працэсам з пункта кіравання

…На прадпрыемстве ўпэўнены, што снегаплавільная станцыя станоўча адаб'ецца на экалагічнай сітуацыі ў горадзе. Бо снег у нас з суровай прымессю цывілізацыі: інтэнсіўныя транспартныя патокі і процігалалёдныя сумесі робяць сваю брудную справу. Станцыя памяншае ўтрыманне шкодных рэчываў у снезе і скарачае снежныя завалы на газонах і палігонах, якія увесну разам з талымі водамі траплялі ў вадаёмы.

Пакуль дагаворы на пера­працоўку снегу снегаплавільная станцыя заключыла з «Рэм­аўтадорамі» Ленінскага, Заводскага і Партызанскага раёнаў, а таксама УП «Гордарматэрыялы». Астатнія па-ранейшаму вязуць снег на палігоны. Такіх 18. Месцы іх размяшчэння выбраны не выпадкова: улічвалася аддаленасць ад жылой забудовы і сельскагаспадарчых палёў. Законы лагістыкі таксама ніхто не адмяняў. Выбраныя месцы ўзгаднілі з санітарнай і экалагічнай службамі горада. Час ад часу ім даюць «адпачыць», выбіраючы новыя пляцоўкі.

Нават у не самыя снежныя зімы з горада на палігоны вывозяць каля 300 тысяч кубаметраў снегу. Выходзіць, яго ўтылізацыя без шкоды экалогіі — актуальная праблема для вялікіх гарадоў, і Мінска ў тым ліку. Калі пілотны праект сябе добра зарэкамендуе, то дадатковыя снегаплавільныя пункты пабудуюць і ў іншых раёнах горада. Адно месца ўжо вызначана — на скрыжаванні МКАД з вуліцай Ціміразева ў напрамку Заслаўя. Там ужо функцыяніруе каналізацыйна-помпавая станцыя.

gorbatenko_inna@mail.ru

Фота Віталя ГІЛЯ и аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter