О Таисии Бондарь

Радкі ад перапоўненага сэрца

«Чалавек складаны, з багатым унутраным жыццём», - так гаварыў пра Таісу Бондар народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч
«Чалавек складаны, з багатым унутраным жыццём. Мужная, магутная асоба. Колькі трэба было мець душэўнай сілы, каб напісаць такі смелы, адкрыты і бязлітасны твор, як «Ахвяры»! У рамане паказаны жорсткая барацьба, немыя страсці, і трэба быць сапраўды чыстым і смелым чалавекам, каб напісаць падобнае. А яе паэзія... Пругкая, вірлівая — так і хочацца сказаць: вулканічная! — яна напоўнена энергіяй і дабрынёю. Чытаючы яе вершы, адчуваеш, як гэта энергія, не месцячыся ў радках, выплёхваецца са старонак, як цесна ёй у прасторы. Думаю, гэта ад перапоўненасці сэрца…», — так некалі гаварыў пра пісьменніцу Таісу Бондар народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч.



20 лютага споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння Таісы Бондар. Яна належала да творцаў, якія ўпэўнена працуюць у розных жанрах. Найперш зарэкамендавала сябе як цікавы паэт. Упершыню ў друку з вершамі выступіла ў 1970-м, а праз чатыры гады ўбачыў свет першы зборнік паэзіі Таісы Бондар «Захапленне». Паспяхова і плённа працавала і як аўтар апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Была таленавітым перакладчыкам з малдаўскай, румынскай, англійскай моў. Ведала іх выдатна. У свой час скончыла факультэт англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. У горадзе Фалешты ў  Малдавіі з дзясятак гадоў настаўнічала. У 1977-м вярнулася ў Беларусь. 

Усяго выдадзена больш за 10 зборнікаў паэзіі і 20 кніг прозы Таісы Бондар. Але пісьменніца не абмяжоўвалася толькі літаратурай. Была вядомая сваёй грамадскай дзейнасцю, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, шмат выступала ў друку з літаратурна-крытычнымі і мастацтвазнаўчымі артыкуламі. Працавала ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь», стаяла ля вытокаў стварэння часопіса «Сусветная літаратура», да апошніх сваіх дзён узначальвала рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову «Літаратура і мастацтва». За актыўную падзвіжніцкую дзейнасць у гуманітарнай галіне, накіраваную на развіццё прагрэсіўных мастацка-маральных традыцый, у 2004-м Таіса Бондар стала лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Пісьменніца пайшла з жыцця ў 2005-м. Але прамяністай зорачкай засталося ў нашай літаратуры яе імя, засталіся кнігі і людзі, якія яе ведалі і любілі.

Ирына СВIРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter