Пятнадцать друзей: фольклорный коллектив на Миорщине 35 лет сохраняет фольклорные традиции

Пятнаццаць сяброў

Аграгарадок Язна прыгожы і старажытны. Прыгажосць магу засведчыць, бо не аднойчы там бывала, а пра старажытнасць нагадвае валун, якія здаўна ляжыць пасярод мястэчка. Вучоныя сцвярджаюць, што ён прынесены сюды яшчэ ледавіком 20 тысяч гадоў назад са Скандынавіі і доўга быў культавым месцам для продкаў-язычнікаў. А яшчэ Язна ў жыхароў і гасцей асацыіруецца з фальклорным гуртам «Язынка», знакамітым у вобласці і краіне. Калектыў займаецца найважнейшай справай — зберагае народныя традыцыі, адраджае аўтэнтычны фальклор, пераважна абрады, песні і танцы. Нездарма ён выклікае вялікі інтарэс ў людзей, карыстаецца папулярнасцю ў журналістаў. Літаральна нядаўна «Язынка» з рэканструяваным абрадам «Рагатка» здымалася ў знакамітай беларускай тэлеперадачы «Наперад у мінулае».

Фото vitvesti.by

«Язынцы» сёлета 35 гадоў, і ёсць удзельнікі, якія тут, бадай, ад вытокаў. Больш за дзесяць гадоў калектыў мае званне народнага і рэгулярна яго пацвярджае, што зрабіць не так проста. Але толькі не для «Язынкі»! У складзе гурта 15 надзейных сяброў, якія трымаюць цесную сувязь з носьбітамі аўтэнтычнага фальклору або самі імі з'яўляюцца. Такім чынам калектыў аднавіў купальскія, жніўныя, вясельныя, хрэсьбінныя песні, побытавыя танцы, гульні, выключна язненскія завядзёнкі, а заадно захаваў для нашчадкаў рэцэпты даўнейшых страў.

— «Вечарына на багатую куццю», «Заручыны», «Вяселле», «Талочная вечарына», «Хрэсьбіны» — з якімі толькі абрадамі не выступае «Язынка» на сцэнах рознага ўзроўню! — дзеліцца мастацкі кіраўнік калектыву, дырэктар Язненскага СДК Ларыса Бервячонак. Пастаянна ўшаноўваем працаўнікоў поля на раённых і абласных «Дажынках», штогод выступаем на «Славянскім базары ў Віцебску». Выязджалі на абласное свята-конкурс вясельных абрадаў «Вялікая вясельніца», рэспубліканскі кірмаш рамёстваў «Вясновы букет». Заўсёды нас запрашаюць на раённыя святы «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», «Перабродская зорка» або «Яблычны фэст» у Шаркаўшчыне… Словам, не сядзім на месцы, рухаемся, а жыццё па сутнасці і ёсць рух.

На сёлетнім экалагічным фестывалі «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», спалучаным з раённымі «Дажынкамі», язненскі гурт паказаў абрад, які сімвалізуе заканчэнне збору ўраджаю.

— Адзін з яго элементаў, калі жнеі прыходзяць з поля і дораць гаспадару сноп і вянок, — расказвае ўдзельніца «Язынкі», а заадно творчы і ініцыятыўны мясцовы бібліятэкар Ларыса Карпава. — У нашым рэпертуары адмысловыя песні, наша каронная — «Міколава даліна»: «Відна лесу палавіна, там Міколава даліна». Ну а далей па народнай традыцыі: Мікола пасе валоў, Маруся нясе ваду, якую хлопец пачынае разліваць і такім чынам заляцаецца да дзяўчыны. «А ты, Мікола, маё сэрца, пакінь вады хоць вядзерца», — просіць Маруся.

Народныя традыцыі — галоўная спадчына, якую трэба берагчы. Удзельнікі гурта вучаць гэтаму моладзь, далучаюць да сваёй дзейнасці школьнікаў, каб завядзёнкі перадаваліся і жылі ў грамадстве. Соф'я Карповіч, Валянціна Мароз, Лілія Амбросенак, Лілія Сперковіч — не бяруся ўсіх пералічаць, каб не пакрыўдзіць, бо носьбітаў фальклору ў калектыве сапраўды многа. Кожны з сяброў гурта адмысловы. Многія — культработнікі. У язненскай сферы культуры, дарэчы, сапраўдны сямейны падрад. Дачка мастацкага кіраўніка мясцовага СДК Вольгі Александроўскай Анастасія Бурштэйн вучыць дзяцей у Язненскай музычнай школе. Мясцовы музыка-выкладчык Міхаіл Карпаў — сын бібліятэкара Ларысы Карпавай.

Усе як адна сям'я і ў «Язынцы». Удзельнікаў калектыву тутэйшыя жыхары добра ведаюць. У складзе, напрыклад, земскі доктар-інтэлігент, галоўны ўрач Язненскай участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч. Раз на тыдзень ён становіцца хлебапёкам. Пячэ караваі па старадаўнім рэцэпце, якім нашы продкі карысталіся 200 гадоў таму. Майстрыха Тамара Касатая на любы лад і густ шые народныя касцюмы, майструе вырабы з саломкі, пляце какошнікі. Адкуль толькі не прыязджаюць госці да яе ў аграсядзібу! Такую ці вельмі падобную творчую характарыстыку можна даць кожнаму ўдзельніку «Язынкі».

Сваю працу захавальнікі спадчыны фіксуюць і зберагаюць на лічбавых носьбітах, каб перадаць нашчадкам. Каб праз многія гады і нават стагоддзі яны гэта таксама збераглі.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter